ГОСОРГАНЫГОСОРГАНЫ
Флаг Пятница, 19 апреля 2024
Минск +4°C
Все новости
Все новости
Интервью
04 сентября 2015, 18:54
Александр Карлюкевич

Дзень беларускага пісьменства - добрая нагода для жывога знаёмства з аўтарамі кніг

Александр Карлюкевич
Александр Карлюкевич

Калісьці яна была рукапісная - і для абраных, потым стала друкаванай - і паступова даступнай для ўсіх. А зараз прыдумалі нават электронную. Кніга заўсёды з намі. У дзяцінстве мы чытаем казкі, у школе - Купалу і Жуль Верна (ну і падручнікі), ва ўніверсітэце - усё больш падручнікі, а потым сваім дзецям і ўнукам - зноў казкі. У кагосьці так, у кагосьці - іншае кніжнае кола жыцця. Аб тым, якую ролю маюць у нашым жыцці кнігі, карэспандэнт БЕЛТА паразмаўляў з дырэктарам - галоўным рэдактарам выдавецкага дома "Звязда" Аляксандрам Карлюкевічам напярэдадні Дня беларускага пісьменства.

- Сёння многія чытаюць на электронных прыладах. Колькі гадоў яшчэ пражыве папяровая кніга?

- Калі гаварыць пра кнігу ўвогуле, то як фармату зносін чалавека, які піша, з чытачом ёй, несумненна, гарантаваны доўгі век. Вытокі кнігі - у пачатку нашай эры. Згадаем кітайскую "Алмазную кнігу", словы на якой, іерогліфы былі ўжо аддрукаваны на світку ў дзявятым стагоддзі. І "Слова пра паход Ігаравы" - таксама з даўніх стагоддзяў. Спярша - рукапісная (у дванаццатым), затым – друкаваная (у пачатку дзевятнаццатага стагоддзя, дакладней - у 1800 годзе). Хіба ж гэта не кнігі, хаця і папера для іх тыражавання была іншай, чым сёння? Ясна, што электроннае выкладанне слоў і думак накладзе сваю пячатку на фарматы і выкладання, і ўспрымання тэкстаў і думак. Але кніга як форма кантактаў між людзьмі была і будзе жыць. Бо кніга - гэта веды, без якіх немагчымым падаецца само існаванне ў свеце.

- На ваш погляд, ці ёсць на нашым кніжным рынку недахоп беларускамоўных выданняў?

- І кніг, і часопісаў на беларускай мове хапае. Важна, каб была запатрабаванасць з боку чытачоў. Я па натуры, як чалавек, захоплены кнігай, відаць, ідэаліст і лічу, што друкаванае слова здольна ўплываць на выхаванне, свядомасць асобы ў самым лепшым сэнсе. І веру, што грамадства, якое імкнецца быць выказнікам духоўнасці, сумленнасці, маральных прыярытэтаў і гуманістычных перакананняў, усё ж будзе чытаць, шанаваць кнігу. І не забывацца на родную мову - таксама. Не трэба прыдумваць асаблівых рэцэптаў, а варта проста чытаць добрыя, лепшыя кнігі з раней напісанага. Мне здаецца, што ў тым лепшым, якое стварылі і Якуб Колас з "Новай зямлёй", і Янка Купала з неўміручымі вершамі, і Аркадзь Куляшоў з баладай "Камсамольскі білет" альбо "Баладай аб чатырох заложніках", і Іван Шамякін з праўдзівым поглядам на розныя часіны, і, несумненна, Уладзімір Караткевіч з сваімі раманамі і аповесцямі, - і ёсць прыцягненне думак, увагі. Адпаведна - і павагі, патрыятычнага асэнсавання і разумення роднага, свайго, блізкага.

- Што больш папулярнае зараз у нашай краіне: Данцова, Купала ці гістарычная літаратура?

- Як і ў нашай краіне болей папулярная за Купалу, так і ў Расіі, пэўна ж, болей папулярная за Пушкіна цяпер Данцова. Не бачу ў гэтым нічога дрэннага. Быў час - запоем чыталі Чэйза, забіваючы ім паліцы хатніх бібліятэк. Ды Пушкіна і нават Купалу з Коласам Чэйз не адолеў. І скажу так: і гістарычная літаратура павінна ўспрымацца не як догма, не як адказ адразу на ўсе пытанні. У чалавека вельмі шмат пытанняў і да жыцця ўвогуле, і да самога сябе. І не бяда, калі адказы на іх шукаюць праз знаёмства з рознымі кнігамі, няхай сабе і дэтэктывамі, пры адкрыцці розных аўтараў. Можа быць, нават досыць часта аўтараў, якія выкладаюць жыццё, даўнія і блізкія падзеі выключна пры дапамозе дакументаў і архіўных сведчанняў. А для аматараў Данцовай заўважу, што з цікавасцю некалькі апошніх гадоў чытаю дэтэктывы беларускага аўтара Вольгі Тарасевіч.

- Што для вас Дзень беларускага пісьменства?

- Дзень беларускага пісьменства мне бачыцца добрай нагодай для жывога знаёмства з самімі аўтарамі кніг - нашымі сучаснікамі. І прыемна, што Саюз пісьменнікаў Беларусі, як і Міністэрства інфармацыі, надаюць такую ўвагу прысутнасці на свяце паэтаў, празаікаў, дзіцячых літаратараў. Аўтограф-сесіі, прэзентацыі праводзяцца ў такой вялікай колькасці, што, здаецца, менавіта да свята пішучы люд рыхтаваўся дакладна ўжо цэлы год. А сёлета ўпершыню на Дні беларускага пісьменства будуць агучаны імёны лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі ў галіне літаратуры. Прыгледзьцеся да іх кніг. Веру, што адкрыеце для сябе шмат новага і цікавага. Са святам! Прыемнага ўсім чытання кніг беларускіх і самых розных іншых аўтараў!

Васіль МАЛАШЭНКАЎ,

БЕЛТА.-0-

Топ-новости
Свежие новости Беларуси