ГОСОРГАНЫГОСОРГАНЫ
Понедельник, 23 сентября 2019
Минск Переменная облачность +8°C
Новости
Все новости
Все новости
Общество
27 мая 2019, 11:15

Так нараджаўся "Баграціён"

Некаторыя падрабязнасці распрацоўкі самай маштабнай наступальнай аперацыі Другой сусветнай вайны

За год да Вялікай Перамогі, у маі 1944 года, асноўныя падзеі на савецка-германскім фронце разгортваліся на поўдні еўрапейскай часткі СССР: войскі Чырвонай арміі вялі ўпартыя баі з ворагам у паўднёвых рэгіёнах Украіны і часткова на тэрыторыі Малдавіі, вызвалялі Крым. На беларускім напрамку ваеннага супрацьстаяння ў гэты час, наадварот, усталявалася пэўнае зацішша, пра якое звычайна паведамлялася ў канцы зводак Саўінфармбюро адным кароткім сказам: "На іншых участках фронту – без істотных змен". Тым не менш гэтая цішыня была, так бы мовіць, класічнай, бо сапраўды прадвяшчала вялікую буру, якой неўзабаве і стала Беларуская наступальная аперацыя "Баграціён".

Стратэгічны выступ

Па стане на пачатак мая 1944 года лінія савецка-германскага фронту на яго беларускім адрэзку праходзіла на поўнач ад Полацка, дзе паварочвала на паўднёвы ўсход і, агінаючы Віцебск, ішла на ўсход да Оршы і Магілёва, затым – на паўднёвы захад у бок Жлобіна і далей у заходнім напрамку па Палессі да ўкраінскага горада Ковеля. Такі стан спраў склаўся пасля праведзеных Чырвонай арміяй у верасні 1943 – красавіку 1944 года баявых аперацый, вынікі якіх, шчыра кажучы, не вельмі задавольвалі Стаўку Вярхоўнага Галоўнакамандавання. Там больш-менш паспяховымі лічылі толькі дзеянні Беларускага фронту на чале з генералам арміі К. Ракасоўскім, які вёў баі на паўднёвым усходзе Беларусі: менавіта яго войскамі была вызвалена амаль уся тэрыторыя сучаснай Гомельскай вобласці, уключаючы адміністрацыйны яе цэнтр і такія буйныя гарады, як Рэчыца, Калінкавічы, Мазыр, Рагачоў. Дарэчы, у згаданы прамежак часу на Віцебшчыне падраздзяленнямі Калінінскага фронту, у кастрычніку 1943 перайменаванага ў 1-ы Прыбалтыйскі, былі вызвалены гарады Лёзна і Гарадок, а на Магілёўшчыне намаганнямі Заходняга і Бранскага франтоў – Хоцімск, Мсціслаў, Касцюковічы, Клімавічы, Крычаў і інш.

Тым не менш адносна агульнага становішча на савецка-германскім фронце сітуацыя на беларускім напрамку выглядала сціпла. Так, на поўначы СССР войскі Чырвонай арміі дэблакіравалі Ленінград, наблізіліся да граніц Эстоніі і Латвіі, на поўдні – вызвалілі большую частку тэрыторыі Украіны, часткова Малдавію, на асобных участках нават перайшлі граніцу з Румыніяй, і ў той жа час па-ранейшаму пад акупацыяй заставалася амаль уся Беларусь. Савецкія ваенныя аналітыкі, якія адсочвалі ход баявых дзеянняў па аператыўных картах, назвалі гэты ўчас­так фронту "беларускім выступам", а нямецкія – "беларускім балконам".

І ўсё ж, як бы ні называўся гэты выпуклы на агульнай лініі фронту ўчастак, яго існаванне не ўпісвалася ў тактычныя напрацоўкі і стратэгічныя планы Стаўкі. "Конфигурация фронта в Белоруссии представляла собой к тому времени огромный выступ на восток площадью около 250 тыс. кв. км... Нависая над правым крылом 1-го Украинского фронта, выступ создавал с севера угрозу коммуникациям этого фронта и способствовал обороне фашистских подступов к границам Польши и Восточной Пруссии. Поэтому немецкое командование стремилось удержать выступ во что бы то ни стало и уделяло его обороне исключительное внимание", – такую характарыстыку беларускаму ўчастку фронту даў у сваёй кнізе "Дело всей жизни" маршал А. Васілеўскі, тагачасны начальнік Генеральнага штаба Чырвонай арміі і адначасова намеснік народнага камісара абароны СССР.

Для праціўніка "беларускі балкон" сапраўды меў вялікае значэнне. Акрамя таго, што быў своеасаблівым фарпостам Усходняй Прусіі, ён уяўляў сабой яшчэ і зручны плацдарм для аднаўлення наступлення на ўсход, пра якое па-ранейшаму марылі акупанты. "Прочное удержание "белорусского балкона", по мнению гитлеровского командования... позволяло наносить фланговые удары по нашим вой­скам в случае их наступления в обход Белоруссии с севера и юга. Кроме того, имея в этом районе развитую сеть аэродромов, немецкая авиация все еще могла угрожать Москве. Фашистская пропаганда провозгласила оборону в белорусском выступе битвой за "фатерлянд", стремясь убедить своих солдат в том, будто они здесь защищают всю Германию..." – пісаў у сваіх пасляваенных мемуарах, што ў 1977 годзе выйшлі асобнай кнігай пад назвай "Так мы шли к победе", былы камандуючы 1-м Прыбалтыйскім фронтам І. Баграмян. Менавіта таму з усіх сіл і чаплялася за гэты выступ кіраўніцтва вермахта.

Праўда, некаторыя прадстаўнікі нямецкага генералітэту ўсё ж прапаноўвалі Гітлеру вывесці войскі з усходняй часткі Беларусі і, так бы мовіць, выраўнаваць фронт, але пераканаць рэйхсканцлера ў гэтым яны так і не змаглі. Замест гэтага быў зацверджаны план па яшчэ большым умацаванні пазіцый. Згодна з ім стратэгічна важныя для праціўнікаў гарады Віцебск, Орша, Магілёў, Бабруйск і Жлобін былі пераўтвораны ў так званыя "фэстунгі" – крэпасці, здольныя весці абарончыя баі пры поўным акружэнні. Было распачата ўзвядзенне абарончых рубяжоў у тыле: па рэках Днепр, Друць, Бярэзіна, па лініі Мінск – Слуцк і ў Палескім рэгіёне.

У выніку на канец вясны – пачатак лета 1944 года праціўнік займаў у Беларусі добра ўмацаваныя пазіцыі. Напрыклад, на віцебскім напрамку савецкім войскам супрацьстаяла 3-я танкавая армія, у раёне Оршы і Магілёва групаваліся дывізіі 4-й арміі, бабруйскі ўчастак прыкрывала 9-я армія, а на Палессі, уздоўж ракі Прыпяць, праходзіў фронт 2-й арміі. Як сведчаць архіўныя даныя, на згаданым адрэзку фронту ў немцаў было сканцэнтравана 1,2 млн салдат і афіцэраў, а таксама 9,5 тыс. гармат і мінамётаў, 900 танкаў, каля 1,3 тыс. баявых самалётаў. У сукупнасці ўсё гэта ўяўляла сабой даволі грозны арсенал, у надзейнасці і непераможнасці якога не сумняваліся кіраўнікі вермахта.

Агульнымі намаганнямі

Над тым, як ліквідаваць "беларускі выступ", у Стаўцы задумаліся яшчэ ў красавіку месяцы. Такую задачу перад Генеральным штабам асабіста паставіў І. Сталін. Каардынаваць жа распрацоўку баявой аперацыі, якая пазней атрымала назву "Баграціён", было даручана маршалу Г. Жукаву і першаму намесніку начальніка Генштаба генералу А. Антонаву, дарэчы, нашаму земляку, ураджэнцу Гродна.

А ўсё пачалося, як сведчаць ваенныя гісторыкі, з тэлефанаванняў Сталіна чатыром генералам, камандуючым фран­тамі беларускага напрамку – 1-га Прыбалтыйскага І. Баграмяну, 1-га Беларускага К. Ракасоўскаму, 2-га Беларускага І. Пятрову і 3-га Беларускага І. Чарняхоўскаму. Кожны з іх за кароткі час яшчэ раз павінен быў ацаніць абстаноўку ў зоне адказнасці сваіх войск і затым далажыць асабістыя меркаванні наконт далейшых магчымых дзеянняў франтоў. Прапановы, што паступілі ў Генштаб ад згаданых вышэй палкаводцаў, былі вывучаны, а найбольш рацыянальныя – пакладзены ў аснову агульнага плана аперацыі, які затым, пасля пэўнай шліфоўкі, вырашылі абмеркаваць з непасрэднымі яго выканаўцамі.

"В начале мая я был вызван в Москву, где меня принял генерал А.И. Антонов, – успамінаў пазней маршал І. Баграмян. – Алексею Иннокентьевичу с 1943 года приходилось замещать в Генеральном штабе А.М. Василевского, поскольку начальник Генштаба в роли представителя Ставки почти постоянно находился на различных фронтах Действующей армии.

Генерал Антонов, несмотря на огромную занятость, как всегда, встретил меня приветливо и ознакомил с проектом плана Белорусской операции, как он заметил тогда, – главной наступательной операции 1944 года... По ее замыслу предусматривались ликвидация так называемого "белорусского балкона" и выход на рубеж городов Дисна (на Западной Двине), Молодечно, Столбцы, Старобин. На пути к этой цели предстояло прежде всего окружить и разгромить фланговые группировки фашистских войск в районах Витебска и Бобруйска, затем глубоким охватом обнажившихся флангов (с одновременным давлением с фронта) встречными ударами с севера и юга в общем направлении на Минск окружить и разгромить главные силы гитлеровской группы армий "Центр"...

После краткого обмена мнениями по поводу этой операции Алексей Иннокентьевич предложил мне, вернувшись на фронт, внимательно продумать, какое наиболее эффективное участие и с какими конкретными задачами могли бы войска 1-го Прибалтийского фронта принять в организации и проведении этой грандиозной операции...".

Такія ж сустрэчы з мэтай азнаямлення з першапачатковым планам будучай наступальнай аперацыі былі наладжаны А. Антонавым і з іншымі камандуючымі франтамі беларускага напрамку. І, трэба думаць, усе яны, як і І. Баграмян, атрымалі даручэнне яшчэ раз "внимательно продумать, какое наиболее эффективное участие и с какими конкретными задачами" маглі б іх войскі прыняць удзел у маючых адбыцца баявых дзеяннях.

Новыя прапановы, што паступілі ад камандуючых франтамі, былі зведзены ў адзіны план і аформлены ў выглядзе карты і напісанага ад рукі ў адным экзэмпляры кароткага тэксту да яе. Гэты варыянт ужо значна адрозніваўся ад папярэдняга. Згодна з яго канцэпцыяй, войскі чатырох франтоў павінны былі не толькі авалодаць такімі буйнымі гарадамі, як Полацк, Віцебск, Орша, Магілёў, Бабруйск, Жлобін, Барысаў, Мінск, але, як і прадугледжвалася раней, выйшаўшы на рубеж Дзісна – Маладзечна – Стоўбцы – Старобін, працягваць імклівае наступленне далей на захад, каб поўнасцю вызваліць ад ворага Беларусь і ўступіць на тэрыторыю Польшчы і Літоўскай ССР. 20 мая галоўны распрацоўшчык Беларускай наступальнай аперацыі А. Антонаў завізаваў новы план, пасля чаго ён афіцыйна быў прадстаўлены І. Сталіну, які, між іншым, і прыдумаў назву аперацыі.

Як успамінаў пазней начальнік Апе­ратыўнага ўпраўлення Генеральнага штаба генерал С. Штаменка, "мы много размышляли, как назвать этот план, но до самого момента представления Верховному Главнокомандующему он так и не получил никакого наименования. И.В. Сталин предложил именовать его "Багратионом" в честь выдающегося нашего соотечественника, прославившего русское оружие в борьбе против иноземных захватчиков в 1812 году". Дарэчы, традыцыя даваць імёны праслаўленых палкаводцаў вайсковым аперацыям зарадзілася ў Чырвонай арміі на год раней. Прынамсі, у 1943 годзе Смаленская наступальная аперацыя савецкіх войск атрымала назву "Сувораў", а контрнаступ­ленне пад Курскам – "Кутузаў", баявыя дзеянні на белгародска-харкаўскім напрамку – "Палкаводзец Румянцаў".

Неабходныя карэктывы

Пасля таго як І. Сталін азнаёміўся з прадстаўленым Генштабам планам наступальнай аперацыі ў Беларусі, ён вырашыў яшчэ раз абмеркаваць яго з камандуючымі франтамі. Cпачатку 22–23 мая членамі Стаўкі Г. Жукавым, А. Васілеўскім і А. Антонавым па чарзе з дакладамі былі прыняты К. Ракасоўскі, І. Баграмян і І. Чарняхоўскі, з якімі дэталёва абмеркавалі дзеянні падначаленых ім адпаведна 1-га Беларускага, 1-га Прыбалтыйскага і 3-га Беларускага франтоў падчас маючага адбыцца маштабнага наступлення савецкіх войск. Камандуючы 2-м Беларускім фронтам І. Пятроў на згаданую нараду не запрашаўся, бо на першым этапе аперацыі "Баграціён" войскам яго фронту адводзілася дапаможная роля. 24-га адбылася сустрэча ў "пашыраным" складзе, з удзелам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага І. Сталіна.

На момант пачатку нарады ўжо былі вывераны пазіцыі і, як успамінаў І. Баграмян, "по плану операции все было ясно... Выступления командующих фронтами сводились в основном к тому, как они мыслят решать фронтовые задачи". Аднак сваю думку, адрозную ад зацверджанага плана, асмеліўся агучыць І. Сталіну камандуючы 1-м Беларускім фронтам К. Ракасоўскі.

"Мы готовились к боям тщательно, – апісваў гэтую сітуацыю ў сваіх мемуарах "Солдатский долг" Канстанцін Канстанцінавіч. – Составлению плана предшествовала большая работа на местности, в особенности на переднем крае. Приходилось в буквальном смысле слова ползать на животе. Изучение местности и состояния вражеской обороны убедило в том, что на правом крыле фронта целесообразно нанести два удара с разных участков: один – силами 3-й и 48-й армий из района Рогачева на Бобруйск, Осиповичи, другой – силами 65-й и 28-й армий из района нижнее течение Березины, Озаричи в общем направлении на Слуцк. Причем оба удара должны быть главными. Это шло вразрез с установившимся взглядом, согласно которому при наступлении наносится один главный удар, для чего и сосредоточиваются основные силы и средства. Принимая несколько необычное решение, мы шли на известное распыление сил, но в болотах Полесья другого выхода, а вернее сказать – другого пути к успеху операции у нас не было.

Окончательно план наступления отрабатывался в Ставке... Верховный Главнокомандующий и его заместители настаивали на том, чтобы нанести один главный удар – с плацдарма на Днепре (район Рогачева), находившегося в руках 3-й армии. Дважды мне предлагали выйти в соседнюю комнату, чтобы продумать предложение Ставки. После каждого такого "продумывания" приходилось с новой силой отстаивать свое решение. Убедившись, что я твердо настаиваю на нашей точке зрения, Сталин утвердил план операции в том виде, как мы его представили.

– Настойчивость командующего фронтом, – сказал он, – доказывает, что организация наступления тщательно продумана. А это надежная гарантия успеха..."

Першы намеснiк начальнiка Генеральнага штаба А.Антонаў (справа) i начальнiк Аператыўнага ўпраўлення Генштаба С.Штаменка 1944г.
Першы намеснiк начальнiка Генеральнага штаба А.Антонаў (справа) i начальнiк Аператыўнага ўпраўлення Генштаба С.Штаменка 1944г.

Праўда, некаторыя сучасныя гісторыкі, спасылаючыся найперш на ўспаміны Г. Жукава, абвяргаюць ініцыятыву К. Ракасоўскага наконт двух галоўных удараў 1-га Беларускага фронту, сцвярджаючы, што такое рашэнне было зацверджана І. Сталіным па прапанове Генштаба яшчэ да прыезду Канстанціна Канстанцінавіча ў Стаўку. Аднак, як бы там ні было, назаўтра такое ж рашэнне было зацверджана і для 3-га Беларускага фронту, аб чым, дарэчы, падтрымліваючы К. Ракасоўскага, піша ў сваёй кнізе "Генеральный штаб в годы войны" С. Штаменка: "Однако днем 25 мая при докладе плана в Ставке было предложено спланировать для 3-го Белорусского фронта два одновременных удара – на богушевском (Багушэўск – гарадскі пасёлак у Сенненскім раёне Віцебскай вобласці. – С.Ж.) и оршанском направлениях. В течение ночи над этим трудились И.Д. Черняховский, В.Е. Макаров (член Ваеннага Савета 3-га Беларускага фронту. – С.Ж.) и начальник направления полковник В.Ф. Мернов... Перед рассветом Черняховский, Макаров и я поехали на "Дальнюю дачу" Сталина по Дмитровскому шоссе. Верховный Главнокомандующий выслушал наш доклад и утвердил план без замечаний".

Цяжка ў вучэнні...

Акрамя добра прадуманай вайсковай стратэгіі аперацыі "Баграціён", кіраўніцтвам Генштаба і камандуючымі франтоў была арганізавана шырокамаштабная кампанія па дэзынфармацыі праціўніка, першачарговай задачай якой стала забеспячэнне скрытнасці падрыхтоўкі будучага наступлення. Для гэтага на асноўных напрамках штурму савецкімі войскамі варожых умацаванняў і фартыфікацыйных збудаванняў праводзілася работа па падрыхтоўцы буйных населеных пунктаў, размешчаных у прыфрантавой зоне, да кругавой абароны. Каб збіць з панталыку нямецкую разведку, шырока прымяняліся макеты баявой тэхнікі і іншыя фальшывыя аб'екты, для "супрацьпаветранай абароны" якіх былі ўстаноўлены зеніткі і арганізавана патруляванне знішчальнікаў. Франтавыя, вайсковыя і дывізіённыя газеты публікавалі матэрыялы выключна абарончай тэматыкі, ды і ўся вусная агітацыя, што праводзілася ў падраздзяленнях, была нацэлена на ўтрыманне занятых пазіцый.

Як успамінаў К. Ракасоўскі, "днем от фронта к тылу совершались ложные движения танков, артиллерии, пехоты и железнодорожных эшелонов с макетами. Во многих местах готовились ложные переправы, дороги, выставлялись ложные маскировочные сети. Сосредоточиваемые войска переправлялись через реки только ночью, по понтонным мостам, которые с рассветом разводились и тщательно маскировались. На второстепенных участках сосредоточивалось значительное количество артиллерии, которая, произведя несколько огневых налетов по расположению противника, уводилась в тыл, а на местах ложных огневых позиций оставлялись макеты орудий. Только на участке 48-й армии, например, южнее Рогачева, в подготовительный период было выставлено более 200 макетов ложных артиллерийских и минометных батарей..."

Адным словам, усе гэтыя дзеянні стваралі ілюзію паслаблення беларускага стратэгічнага напрамку з пункту гледжання наступлення. І менавіта такую інфармацыю ваеннаму кіраўніцтву вермахта дакладвала разведка, прычым з самых розных крыніц. У выніку ў праціўніка склалася цвёрдае перакананне, што ў пачатку лета 1944-га ў раёне "беларускага балкона" Чырвоная армія не збіраецца пачынаць актыўных баявых дзеянняў, а рыхтуе наступленне на іншых участках савецка-германскага фронту, дзе былі дасягнуты найбольшыя вынікі ў час веснавой ваеннай кампаніі. Прынамсі, у сваіх пасляваенных успамінах камандуючы 4-й арміяй вермахта Курт фон Ціпельскірх адзначыў, што гітлераўскія вярхі чакалі наступлення на поўдні, ва Украіне, і на поўначы, у Прыбалтыцы, але ніяк не ў цэнтры, у Беларусі. І гэтае меркаванне было настолькі трывалым і не падлягала сумненню, што камандуючы групай армій "Цэнтр" генерал-фельдмаршал Э. Буш у сярэдзіне чэрвеня, за некалькі дзён да пачатку савецкімі войскамі аперацыі "Баграціён", выправіўся ў адпачынак.

Адначасова з працэсам актыўнай і разнапланавай дэзынфармацыі праціўніка праводзілася і навучанне войск тактыцы імклівага наступлення. У неглыбокім тыле на спецыяльна абсталяваных участках салдаты-пехацінцы вучыліся плаваць, пры дапамозе спадручных сродкаў і без іх пераадольваць водныя перашкоды, авалодваць навыкамі навядзення штурмавых мастоў, карыстання надзіманымі лодкамі і г. д.

Побач з пяхотай старанна рыхтаваліся да наступлення і артылерысты. Яны праводзілі прыстрэлку цэляў, адпрацоўвалі тактыку ўзаемадзеяння з агульнавайсковымі падраздзяленнямі і танкамі, будавалі спецыяльныя платы і валакушы для перапраўкі гармат цераз рэкі і балоты. Танкісты таксама адтрэніроўвалі свае дзеянні ў лясіста-балоцістай мясцовасці, забяспечвалі кожную баявую машыну бярвёнамі і іншым спецыяльным рыштункам для пераадолення рвоў.

Свае спецыфічныя задачы былі і ў авіятараў, якія сумяшчалі падрыхтоўчы перыяд з актыўнай паветранай разведкай баявых парадкаў праціўніка і нанясеннем бомбавых удараў па варожых умацаваннях і чыгуначных вузлах. Істотны ўклад у перамогу ў будучай бітве ўносілі і інжынерныя падраздзяленні, якія рыхтавалі мясцовасць да актыўнай фазы наступлення: рамантавалі і ўзводзілі новыя масты, абсталёўвалі пераправы, для бесперабойнага забеспячэння войск на ўсім этапе аперацыі пракладалі ў бок перадавой новыя аўтамабільныя дарогі і чыгуначныя пуці…

Скрытай для праціўніка і ў той жа час бясцэннай для савецкіх войск была дзейнасць сапёраў, якія ўвесь час, яшчэ да пачатку баявых дзеянняў, знаходзіліся на пярэднім рубяжы. Вось як, напрыклад, апісваў дзеянні сваіх сапёраў камандуючы 1-м Беларускім фронтам К. Ракасоўскі: "Большую работу проделали саперы. В течение 20 дней июня ими было снято 34 465 противотанковых и противопехотных мин противника, 76 сюрпризов и 132 фугаса. На направлении главного удара наших войск ими было проделано 193 прохода для танков и пехоты. Наведено через реки Друть и Днепр и подготовлено к наведению с началом наступления 42 переправы. Для обеспечения перегруппировки войск и работы тыла саперами в мае и июне было построено 15 переправ грузоподъемностью 60 т каждая, восемь 30-тонных, две 16-тонных и большое количество колейных, жердевых и профилированных дорог…"

Галоўны манумент мемарыяльнага комплексу ў гонар Беларускай наступальнай аперацыi "Баграцiён", узведзенага ў 2014 годзе каля вёскi Ракавiчы Светлагорскага раёна Гомельскай вобласцi
Галоўны манумент мемарыяльнага комплексу ў гонар Беларускай наступальнай аперацыi "Баграцiён", узведзенага ў 2014 годзе каля вёскi Ракавiчы Светлагорскага раёна Гомельскай вобласцi

Усе гэтыя намаганні, як паказвае ход далейшых падзей, не былі марнымі. У многім дзякуючы ўмела распрацаванай стратэгіі і падрыхтоўчаму перыяду, Чырвоная армія здолела аператыўна правесці найбуйнейшую ў гісторыі Другой сусветнай вайны наступальную аперацыю пад назвай "Баграціён".

Сяргей ЖОЛУД

Топ-новости