ГОСОРГАНЫГОСОРГАНЫ
Флаг Пятница, 19 апреля 2024
Минск +4°C
Все новости
Все новости
Общество
28 мая 2023, 10:35

Тры сустрэчы, якія перавярнулі жыццё. Кароткія замалёўкі пра сапраўдных герояў

Даследаванне нашых сацыёлагаў напярэдадні Дня Вялікай Перамогі выявіла адну цікавую дэталь. Аказваецца, недзе каля трэці беларусаў захоўваюць старыя фотаздымкі, узнагародныя лісты, ордэны і медалі сваіх продкаў, што ваявалі. Гэта надзвычай добра, бо матэрыяльныя носьбіты нашай памяці, якія перадаюць з пакалення ў пакаленне, не так падуладныя часу, як уласна сама чалавечая памяць. І ўсё ж часам лёс зводзіць нас з людзьмі такога высокага гарту, што ўражанні ад знаёмства і стасункаў з імі застаюцца на доўгія-доўгія гады. Назаўжды! Так здарылася і ў маім жыцці.

Сустрэча першая. Дзед Іван

Па вясковай завядзёнцы ў яго была мянушка - Партызан. А паколькі найчасцей прозвы давалі жартам, з пэўнай іроніяй, то я, падшыванец гадоў 10-12, чамусьці вырашыў: гэта праз тое, што жылі дзед Іван з жонкай не ў вёсцы, а наводшыбе, кіламетры за два-тры ад яе, на "футары". Праз дарогу-сцежку ад хаты пачынаўся лес. Дык чым не партызан? Дачка з сям'ёю даўно перабралася ў вёску ў прасторны дом, які дапамог пабудаваць калгас, і настойліва клікала да сябе бацькоў. Але тыя ўпарціліся. Трымалі дзвюх кароў і цялушку, нешта рохкала ў хляве, па двары бадзяліся куры, дагледжаныя грады і роўныя рады бульбы, хіба з пяць вулляў у садзе, кветкавы рай - з першага позірку было відаць, што жывуць тут не гультаі якія-небудзь, а дбайныя і разумныя гаспадары. Цяпер разумею: раптам кінуць вялікую і наладжаную гаспадарку, адысці ад звыклага побыту для іх сталася б невыносным і ўрэшце немагчымым рашэннем.

выравнивание по центру "Пагаворвалі, што Іван - чалавек заслужаны, таму да яго не чапляюцца".

Трэба заўважыць, у тыя часы падобнае "аднаасобніцтва", мякка кажучы, не ўхвалялася. З хутаранцаў хіба што дзед Іван яшчэ трымаўся за свой аброблены кавалак зямлі. Астатніх даўно пераканалі "перабрацца да людзей". Увогуле, тады праз сваё малалецтва не задумваўся, што ды як, хоць у вёсцы пагаворвалі, што Іван - чалавек заслужаны, таму да яго не чапляюцца. Відаць, дзейнічалі праз дачку, каб тая пераканала бацькоў, ды калгас кожны год мэтанакіравана набліжаў свае землі да хутара, звужваючы гаспадарчую прастору для апошніх хутаранцаў.

На "футар" я трапіў дзякуючы ўнуку дзеда Івана Воўку, майму найлепшаму сябру. З ім мы пастаянна выбіраліся ў грыбы і ягады, звечара апантана падгаворваючы бацькоў разбудзіць як мага раней, бо меркавалі, што соням мала што ў тым лесе застанецца. А яны і рады былі старацца: успорвалі нас на золаку, яшчэ да першых промняў сонца. Раніцою энтузіязм некуды знікаў, але нічога не паробіш, самі ж хацелі. Пазяхаючы і паціраючы вочы, не паснедаўшы, бралі веласіпеды і выпраўляліся ў дарогу.

З кожнай хвілінай дзень браў сваё, і вось ужо велізарны сонечны шар паказваўся з-за лесу. Наш настрой узнімаўся геаметрычна сонечнаму шляху, і вось ужо ўголас, рагочучы на ўсё наваколле, спрачаліся, колькі і якіх грыбоў назбіраем, хто пераможа.

Фота ілюстрацыйнага характару
Фота ілюстрацыйнага характару

Дагэтуль у вачах яркая, сакавітая карцінка з далёкага дзяцінства: дзед Іван, абапершыся на вароты, спакваля пыхкае сваім "Беламорам" ці "Памірам", іранічна пазіраючы за нашымі манеўрамі патрапіць не злазячы з веліка ў калітку. Калі ўдавалася, ён задаволена ўсміхаўся: "Ну, арлы!.." І гаварыў так, быццам мы здзейснілі нешта неверагоднае. Кінуўшы веласіпеды ў цяньку, беглі ў лес.

"Нашто вам тая вайна, дзеткі? Жывіце во, вучыцеся. Мы за вас адваявалі…"

Першым разам заўважыў на хаце драўляную чырвоную зорку. І здзівіўся, бо ніколі не бачыў дзеда Івана ў школе, куды ветэранаў звычайна запрашалі на важныя мерапрыемствы, не кажучы ўжо пра Дзень Перамогі. "А што, твой дзядуля ваяваў? - спытаў я Воўку, калі, паглыбіўшыся ў лес, знайшлі багатую сямейку лісічак і, прысеўшы недалёка адзін ад аднаго, лоўка зразалі сцізорыкамі грыбы. "Ён партызанам быў, а потым ваяваў на фронце разведчыкам". - Воўка яўна ганарыўся сваім дзедам. "Праўда?!" - майму здзіўленню не было межаў, бо, па-першае, ніколі не чуў такое пра дзеда Івана, а, па-другое, у маім падлеткавым уяўленні зусім не асілак, кульгавы сталы чалавек ніяк не ўкладваўся ў вобраз героя, які бязлітасна крышыць фашыстаў, падрывае танкі, ходзіць у разведку. "Я табе потым нешта пакажу", - загадкава паабяцаў сябрук.

З поўнымі кошыкамі грыбоў тым разам мы вярнуліся на "футар" нязвыкла рана. На двары нікога не было. Па-свойску выняўшы доўгі сасновы сук з прабоя, Воўка пацягнуў мяне ў хату. "Во, глядзі, - сябар выцягнуў аднекуль з шафы невялікую кардонную скрынку. - Дзедавы ўзнагароды". Не памятаю, колькі і якія гэта медалі-ордэны, але быў іх добры дзясятак. Чамусьці запомнілася "За отвагу". Мне тады здавалася, што яна найгалоўнейшая ваенная ўзнагарода. "За што далі, не ведаю. Дзед ніколі не расказваў, - паціснуў плячыма Воўка. - Ён не любіць…"

З тых грыбоў я вярнуўся вельмі ўражаны і ўвесь час падбіваў свайго сябра, каб ён папрасіў дзеда Івана расказаць нам пра свае подзвігі. Мне здавалася, гэта будзе значна цікавей, чым кніжкі пра вайну, якімі я захапляўся. І такі выпадак напрыканцы лета надарыўся.

Па нейкай патрэбе маці паслала Воўку на "футар", і я падахвоціўся разам з ім. Стаяў ціхі надвячорак пасля спякотнага жнівеньскага дня. Дзеда Івана з нязменнай цыгаркай заспелі на лаўцы пад старой раскідзістай грушай, дзе ён, відаць, адпачываў пасля напружанай працы. Сеўшы з двух бакоў, хітравата, з разуменнем пераглянуліся. "Дзеда, а дзеда… - падлашчыўся Воўка. - Раскажы што-небудзь пра вайну". Той, глянуўшы ўважліва на ўнука, працягваў моўчкі пыхкаць цыгаркай. Дакурыўшы, зноў жа нічога не гаворачы, прыгарнуў нас да сябе. Нарэшце прамовіў: "Нашто вам тая вайна, дзеткі? Жывіце во, вучыцеся. Мы за вас адваявалі…". Знізу ўверх я зірнуў на дзеда Івана. Ён глядзеў некуды ў неба, моцна прыціснуўшы нас да сябе. І яго вочы, якія падазрона заблішчэлі, безнадзейна шукалі нешта ў жнівеньскай вышыні…

Што ж ты, дзед Іван, светлая табе памяць, не захацеў нам тады расказаць? І чаму не расказанае табою дагэтуль смыліць і вярэдзіць маю душу, як быццам сам спрычыніўся да чагосьці жахлівага і трагічнага?

1948 год. Мастак Васіль Белан. Омскае ваенна-пяхотнае вучылішча імя М.В. Фрунзэ
1948 год. Мастак Васіль Белан. Омскае ваенна-пяхотнае вучылішча імя М.В. Фрунзэ

Сустрэча другая. Палажэнцавы

Недзе напрыканцы 1980-х ці крыху пазней Рэспубліканскае радыё, куды я прыйшоў працаваць паводле размеркавання пасля журфака, актыўна развівала міжнародныя сувязі. Да нас павінны былі прыехаць радыёжурналісты з амерыканскага штата Мінесота. Праграму свайго знаходжання ў Беларусі яны цалкам даверылі беларускаму боку, але адна просьба ўсё ж была: надта хацелі амерыканцы пабываць у звычайнай сям'і, у каго-небудзь з калег. Як на сённяшні дзень, дык ніякіх праблем, калі ласка: для людзей з добрымі намерамі - наша шчырая душа і традыцыйная беларуская гасціннасць. А тады давялося добра памазгаваць, да каго запрасіць гасцей. Хтосьці жыў у інтэрнаце, нехта ў невялікай кватэры з двума дзецьмі і гэтак далей. Прадэманстраваць, што ў нас з побытам не так добра, як у іх, было немагчыма нават па ідэйных меркаваннях.

Выратавала сітуацыю супрацоўніца рэдакцыі вяшчання на замежныя краіны Ірына Палажэнцава: "Калі так, то давайце ў нас". З Ірынай мы толькі-толькі пазнаёміліся, і я яшчэ не ведаў, што бацька ў яе генерал, былы франтавік, маці таксама ваявала. Палажэнцавы мелі добрую кватэру ў прэстыжным на той час "андатравым пасёлку", гэта раён вуліцы Пуліхава.

Лішне казаць, нашы амерыканцы былі моцна ўражаны. Не, не жыллёвымі ўмовамі супрацоўніцы Беларускага радыё, а гасціннасцю і сардэчнасцю, з якімі іх сустрэлі ў гэтым доме прыязныя гаспадары Леанід Кірылавіч і Алена Аляксандраўна. Заакіянскіх гасцей ды і мяне таксама яны скарылі неверагодным пачуццём гумару, далікатнасцю і тактам. А яшчэ сваімі кулінарнымі талентамі і непераўзыдзенай, надзвычайнай здольнасцю Леаніда Кірылавіча весці ідэалагічныя баталіі. Мне ўвогуле падалося, што пасля той вячэры госці з Амерыкі засумняваліся нават у велічы сваёй краіны, пра што ім дзяўбуць галовы з малых гадоў.

"Мы не геройствавалі, а рабілі тое, што трэба было, што абставіны вымагалі".

Пасля "амерыканскай" сустрэчы Палажэнцавы неаднойчы запрашалі ў госці, і заўсёды для мяне гэта была прыемная падзея. Падабалася назіраць, як Леанід Кірылавіч і Алена Аляксандраўна мякка і ненавязліва клапоцяцца адно пра аднаго, колькі пяшчоты і ласкі ў кожным іхнім позірку. Ён ніколі не дазваляў сваёй жонцы рабіць тое, пра што, паводле яго афіцэрскага разумення, павінен клапаціцца мужчына. Быў чалавекам слова, лёгкі на пад'ём і гатовы на ўсё дзеля роднага чалавека і сяброўства.

1944 год. Леанід Палажэнцаў - камандзір 75-га гвардзейскага стралковага палка
1944 год. Леанід Палажэнцаў - камандзір 75-га гвардзейскага стралковага палка

Абое прайшлі дарогамі вайны, якая прынесла ім шмат болю, пакут і перажыванняў. У 1940-м ён лейтэнант пасля заканчэння Омскага ваенна-пяхотнага вучылішча імя М.В. Фрунзэ. Праз год вайна, увосень вырашальная бітва пад Масквой. У жорсткіх баях за падмаскоўную Істру, якая стала першым вызваленым ад нямецкай нечысці горадам, камандзір стралковай роты Леанід Палажэнцаў быў цяжка паранены. За вайну варожыя кулі і асколкі чатыры разы траплялі ў яго моцнае цела. Другое цяжкае раненне Леанід Кірылавіч атрымаў пры штурме Кёнігсберга ў сакавіку 1945 года. Да Перамогі заставаліся лічаныя месяцы… Шматлікія ўзнагароды, сярод якіх медалі і ордэны Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны II і I ступеняў - парадны кіцель генерал-маёра Палажэнцава ўражваў!

"Сапраўдныя героі не крычаць пра сябе на кожным скрыжаванні".

Яна на фронце са жніўня 1941 года. Пайшла санінструктарам. Удзельнічала ў баях пад Масквой. Медалі "За адвагу", "За баявыя заслугі", "За абарону Масквы", ордэн Славы III ступені - як ацаніць і вымераць сёння тое, што хаваецца за гэтымі ўзнагародамі? Як усвядоміць подзвіг 18-гадовай дзяўчыны, якая ледзь дачакаўшыся паўналецця, добраахвотна адправілася на перадавую, дзе не да сантыментаў, дзе кроў і жах?

Мы рэдка гаварылі пра вайну. Найчасцей Алена Аляксандраўна і Леанід Кірылавіч расказвалі нейкія кур'ёзныя гісторыі, што здараліся з імі ці з баявымі таварышамі. Чаму так, не ведаю. Можа, аберагалі нашу маладую псіхіку ад страшных падрабязнасцей. Мы таксама не настойвалі, не хацелі трывожыць іх успамінамі, бо добра ўсведамлялі: старыя раны баляць праз многія гады, навошта іх лішні раз вярэдзіць. Аднойчы, праўда, я не вытрымаў і выпаліў нешта накшталт "Вы ж сапраўдны герой, Леанід Кірылавіч". Генерал усміхнуўся, потым пасур'ёзнеў і сказаў: "Мы не геройствавалі, а рабілі тое, што трэба было, што абставіны вымагалі. Сапраўдныя героі не крычаць пра сябе на кожным скрыжаванні".

Канец 1980-х гадоў. Алена Аляксандраўна і Леанід Кірылавіч Палажэнцавы
Канец 1980-х гадоў. Алена Аляксандраўна і Леанід Кірылавіч Палажэнцавы

Дзень Перамогі для Палажэнцавых быў святым. Яны, радасныя і ўзрушаныя, раніцою пад ручку кіравалі праз парк імя Горкага на плошчу Перамогі. Гэта была настолькі прыгожая і гарманічная пара, сівавалосы генерал і яго абаяльная спадарожніца, што сустрэчныя не зводзілі з іх вачэй, падыходзілі з кампліментамі і віншаваннямі. Вярталіся з ахапкам кветак, шчаслівыя, памаладзелыя на добры дзясятак гадоў, перапоўненыя эмоцыямі. Мы глядзелі на Леаніда Кірылавіча і Алену Аляксандраўну і радаваліся. Жартавалі, бесклапотна смяяліся потым за святочным сталом, дзе верхаводзіў, вядома ж, Леанід Кірылавіч. Памятаю добра, што сказаў ён на адной з нашых апошніх такіх сустрэч: "Глядзіце, не падвядзіце нас". І ўсміхнуўся. А вочы глядзелі сур'ёзна, пранізліва…

Часам так хочацца вярнуць даўнія дні Перамогі, каб данесці да былых франтавікоў тое, пра што неяк пасаромеўся гаварыць тады. Што мы ганарымся імі і яны могуць быць спакойныя за сваіх нашчадкаў, бо ёсць на каго раўняцца і з чаго браць прыклад.

Яны даўно пайшлі з жыцця. Але штораз, калі я думаю пра вайну і нашу Вялікую перамогу, згадваю Леаніда Кірылавіча і Алену Аляксандраўна Палажэнцавых, якія ў маім жыцці пакінулі незабыўны, вечны след. Дзякуючы ім я зразумеў, якія яны, сапраўдныя героі Вялікай Айчыннай.

Сустрэча трэцяя. Герой Слабада

На пачатку 2006 года краіна рыхтавалася да III Усебеларускага народнага сходу, які павінен быў адбыцца ў сакавіку. Выступіць на ім запрасілі старшыню Мінскай абласной ветэранскай арганізацыі Аляксандра Іванавіча Слабаду, а мяне як вопытнага журналіста папрасілі дапамагчы калі што паважанаму чалавеку з тэкстам. З чым я да яго і накіраваўся. "Што ты, перастань, - замахаў рукамі Слабада. І хітравата прыжмурыў вока. - Сам напішу, ёсць што сказаць. А ты потым глянеш".

Але некалькі разоў сустракаліся, абмяркоўвалі дэталі. Слабада, ён такі быў: каласальна адказны, памяркоўны. Нарэшце прынёс гатовы тэкст. Усё дакладна, па сутнасці. "А фінал як табе, пойдзе?" - не супакойваўся Аляксандр Іванавіч. "Калі гэта скажаце менавіта вы, то можна. Нават трэба", - адказваю. Але бачу, сумняваецца: не пераканаў.

Надышоў дзень Усебеларускага сходу. Аб'яўляюць Слабаду. Зала ажыўляецца: чалавек ён вядомы ў краіне. Выступае Аляксандр Іванавіч упэўнена, без заўважнага хвалявання. Я, напэўна, перажываю больш, чым ён: скажа тыя словы ці не? Пасля невялічкай паўзы з непадробнай інтанацыяй гучыць: "Перамаглі ў 45-м - і зараз пераможам!" Што тут пачалося! Зала і прэзідыум бурна заапладзіравалі, заўсміхаўся Прэзідэнт… "Што думаў, тое і сказаў", - гаварыў потым Слабада.

"Ён без ног лётчык, а ты, брат, - пяхота".

У гэтым ён увесь. Не крывіў душою. Умеў сказаць прама ў вочы тое, што думаў, але чамусьці людзі на яго не крыўдзіліся. Напэўна, таму што Слабада пры гэтым ніколі не прыніжаў чалавека, а, наадварот, па-сяброўску і на роўных стараўся давесці сваю пазіцыю. Умеў выслухаць, пажартаваць так, каб смешна было і суразмоўцам, не толькі яму. Яго паважалі і цанілі, да яго прыслухоўваліся. Аляксандр Слабада стаў першым ганаровым грамадзянінам Мінскай вобласці і цэлыя два гады быў адзіным уладальнікам гэтага высокага звання.

2010 год. Старшыня Мінскай абласной ветэранскай арганізацыі Аляксандр Слабада з юнымі жыхарамі Міншчыны пасля ўручэння ім пашпартоў у Дзень Канстытуцыі
2010 год. Старшыня Мінскай абласной ветэранскай арганізацыі Аляксандр Слабада з юнымі жыхарамі Міншчыны пасля ўручэння ім пашпартоў у Дзень Канстытуцыі

Верагодна, не ўсе, хто меў стасункі з Аляксандрам Іванавічам, ведалі падрабязнасці пра яго слаўнае гераічнае мінулае і пасляваенныя працоўныя подзвігі, але на нейкім інтуітыўным узроўні адчувалі, што маюць справу з чалавекам-легендай. Так і ёсць насамрэч. Яго асабістае стагоддзе (а пражыў Слабада 102 гады) - гэта яркая і захапляльная старонка гісторыі нашай краіны.

Нарадзіўся Аляксандр Іванавіч на Віцебшчыне. Пасля няспраўджанай мары вучыцца на ляснічага застаўся ў калгасе, адгукнуўшыся на камсамольскі заклік "Моладзь - на трактар". У 1940-м яго прызвалі на тэрміновую службу. Вайна!.. Першы бой 29 чэрвеня на рацэ Друці пад Бялынічамі. Потым абарона Магілёва (згадаем знакамітае Буйніцкае поле). За мужнасць радавога Слабаду ўзнагародзілі ордэнам Чырвонага Сцяга. У баях за Маскву атрымаў сваё першае раненне і… ордэн Чырвонага Сцяга. Дзве высокія ўзнагароды - у няпоўныя 22 гады! Адна з іх выратавала яму жыццё: куля, што меціла ў сэрца, трапіла ў ордэн, скалоўшы эмаль. Увосень 1942-га Аляксандр Слабада ўжо камандаваў ротай аўтаматчыкаў. Пяхота - царыца палёў…

"Перамаглі ў 45-м - і зараз пераможам!"

Пасля цяжкага ранення ў нагу і знаходжання ў шпіталі яго вяртаюць на родную Віцебшчыну, дзе камандуе партызанскім атрадам. Праўда, нядоўга. Вясною 1943-га зноў паранілі нагу, тую самую, якую раней хацелі ампутаваць, ды ён не даў. Прасіўся настойліва пасля лячэння ў строй, спасылаўся на Марэсьева, на што яму адказалі: "Ён без ног лётчык, а ты, брат, - пяхота". Адправілі на камсамольскую работу. Перамогу Слабада сустрэў у Гомелі.

У пасляваенны час актыўна ўдзельнічаў у аднаўленні народнай гаспадаркі там, куды, як сам казаў, накіроўвала партыя. Шматлікія ўзнагароды і высокае званне Героя Сацыялістычнай Працы ў 1966-м - яскравае сведчанне таго, што Слабада ставіўся да свайго абавязку з уласцівымі яму адказнасцю і працавітасцю.

Як заслужанага ветэрана вайны і працы, яго часта запрашалі сустрэцца з моладдзю і дзецьмі. Ён ніколі не адмаўляў. Мог нават адмяніць нейкія справы, якія хтосьці іншы палічыў бы больш важнымі, чым візіт у школу ці на прадпрыемства. Аднойчы я быў на такой сустрэчы. Не ведаю, як гэта атрымлівалася ў Аляксандра Іванавіча, але трымаўся ён з дзецьмі на роўных. Разважаў пра ўсё так шчыра, без фанабэрыі, што школьнікі неўзабаве пачалі расказваць яму пра сябе і сваё школьнае жыццё. Бачылі б вы, з якой увагай і цікавасцю слухаў Слабада, зрэдку заахвочваючы іх трапным словам ці жартам.

…Апошні раз мы размаўлялі па тэлефоне напярэдадні яго стагоддзя, у гарачым жніўні няпростага 2020 года. У голасе ветэрана адчувалася заклапочанасць і перажыванне за ход падзей. Нагадаў Аляксандру Іванавічу яго знакамітае выступленне на Усебеларускім сходзе і спытаў, што думае ён зараз. "Фашызм перамаглі патрыятызм і дружба народаў, - пачуў у тэлефоннай трубцы. - І зараз мы павінны згуртавацца і абараніць нашу зямлю, якая паліта потам і крывёю". "Дык што, перамаглі ў 45-м - пераможам і зараз?" - усміхнуўся я. "Толькі так, іначай быць не можа!" - цвёрда і лаканічна вымавіў Аляксандр Іванавіч.

Прарочыя словы. Запаветныя…

| Ігар ГАНЧАРУК, часопіс "Беларуская думка", фота з асабістага архіва аўтара, БЕЛТА, адкрытых крыніц.

Чытайце таксама:

Чтобы спасти деревню, этот священник предложил отдать свою семью немцам в заложники

"Пикирует на нас и бросает бомбы". Ветеран рассказал о реальном бое и погибших товарищах

Посмотрите на эти улыбки! Как праздновали День Победы в Беларуси в разные годы?

Новости рубрики Общество
Топ-новости
Свежие новости Беларуси