Новости Беларуси
Белорусское телеграфное агентство
Рубрики
Пресс-центр
Аналитика
Главная Новости Калейдоскоп

Ад "Вянка" Багдановіча да сучаснага белліта. Пять новых цікавых выданняў

26.10.2023 | 15:05

Восень парадавала багатым ураджаем. І не толькі на палях. Беларускія выдавецтвы таксама стараліся, працавалі сёлета плённа - прыхільнікам прыгожага пісьменства духоўны голад відавочна не пагражае.

У сталічных кнігарнях з'явіўся зборнік вершаў Максіма Багдановіча "Вянок". Так, той самы легендарны "Вянок", адзіная прыжыццёвая кніга паэта, якая ўпершыню пабачыла свет у 1913 годзе. Памятаеце? "Я не самотны, я кнігу маю з друкарні пана Марціна Кухты"… Гэтым разам яна з'явілася ў серыі "Бібліятэка беларускай паэзіі". І невыпадкова, бо прымеркавана да 110-годдзя першага выдання славутага паэтычнага зборніка. Прызнаюся, чакала гэтай падзеі, бо цікава пабачыць "Вянок" у сучасным выдавецкім увасабленні. Адразу адзначу, што гэта не факсімільнае выданне, але па сваёй структуры яно паўтарае зборнік 1913 года: творы змешчаны ў той самай паслядоўнасці, якую абраў некалі аўтар. А ў чым тады адметнасць? У якасці ілюстрацыйнага матэрыялу выкарыстаны факсімільныя старонкі рукапісаў Багдановіча. Гэта і напісаныя яго рукой вершы, і лісты да выдаўца, у якіх ён наказваў, што варта ўключыць у кнігу і што не трэба. А яшчэ старонкі інтымнага дзённіка - прыватных запісаў, зробленых паэтам улетку 1915 года ў Крыме. Даследчыкі творчасці Багдановіча дагэтуль разгадваюць яго "таямніцы".

Несумненна, паэт, які пражыў вельмі кароткае жыццё, унікальная асоба ў гісторыі айчыннага прыгожага пісьменства, адзін з любімых паэтаў многіх пакаленняў беларусаў. Таму не сумняваюся, што новае перавыданне "Вянка" не будзе залежвацца ў кнігарнях. "Паглядзіце гэты томік, засушыў я на паперы краскі, свежыя калісьці, думак шчырых і пачуццяў" - гэтым запрашэннем, як і 110 гадоў таму, пачынаецца зборнік паэзіі, які даўно стаў класікай.

Ці ведаеце вы, што да кожнага Дня беларускага пісьменства ў серыі "Беларусь літаратурная" выдаюць адмысловую кнігу? Гэта своеасаблівая анталогія айчыннай паэзіі і шмат карыснай інфармацыі для гасцей і ўдзельнікаў свята. На юбілейным ХХХ Дні беларускага пісьменства ў Гарадку прэзентавалі новы том - "Пад небам высокім Радзімы". Цяпер у аматараў паэзіі таксама ёсць магчымасць пагартаць старонкі гэтай кніжкі, у якой, як і належыць юбілейнаму выданню, 30 раздзелаў. У кожным - вершы-прысвячэнні, творы землякоў, класікаў і сучаснікаў з тых мясцін, дзе праходзіў Дзень беларускага пісьменства.

Адлік ідзе, зразумела, з калыскі беларускай дзяржаўнасці - старажытнага Полацка. У 1994 годзе гэты горад першым прымаў свята. У кнізе яму адведзены ажно тры раздзелы, бо свята тройчы гасцявала на полацкай зямлі. Завяршае паэтычны парад Гарадок з прысвячэннямі яму слынных творцаў Генадзя Пашкова, Петруся Макаля, Анатоля Грачанікава, Міхася Башлакова і знакамітай паэмай "Тарас на Парнасе" Канстанціна Вераніцына, ураджэнца Гарадоччыны.

Але досыць паэзіі, час для прозы. Кніга Георгія Марчука "Летні дождж" спачатку прывабіла яркай, кідкай вокладкай. На ёй партрэт мастака, які, як потым дазналася, з'яўляецца галоўным героем аднаго з двух раманаў. Але найбольш уразіла тое, што томік прозы Марчука выйшаў у серыі "Жаночыя лёсы". Няўжо любоўна-авантурны жанр захапіў аўтара? Дадаў інтрыгі і афарызм на вокладцы - "Жыццё простае, мы настойліва яго ўскладняем". Што ж, піяр-ход спрацаваў: кніжка сама "скокнула" ў рукі. Назвы раманаў "Сава Дым і яго жанчыны" і "Цёплы дождж" (так-так, менавіта цёплы, а не летні, як на вокладцы, хаця гэта можа таксама частка інтрыгі?) яшчэ больш падахвоцілі ўзяцца за чытанне.

Змест не расчараваў. "Сава Дым і яго жанчыны" блізкі нечым да любоўна-рамантычнага аповеду. Аўтар займальна і захапляльна расказвае пра любоўныя прыгоды галоўнага героя, але разумееш: усё ж больш важныя для яго праблемы маральна-этычнага плана, жаданне дакапацца да ісціны. Што падштурхнула звычайнага вясковага хлопца, які марыў паступіць у інстытут, стаць лавеласам і траціць свае найлепшыя гады на любоўныя інтрыжкі?

"Цёплы дождж" з той жа серыі, таксама насычаны любоўнымі прыгодамі і інтрыгамі. Галоўная сюжэтная лінія - гісторыя мастака, які страціў цікавасць да прафесіі: непазбежнае выпрабаванне для таго, хто шукае свой шлях у мастацтве. Але не буду пераказваць змест, забягаючы наперад, ці пераадолеў творчы крызіс герой рамана. Бо не сумняваюся, што сапраўднаму аматару літаратуры самому захочацца зрабіць гэта "адкрыццё", акунуўшыся ў якасную прозу Георгія Марчука.

Часам даводзіцца чуць нараканні хлопцаў і дзяўчат, якія цікавяцца менавіта сучаснай беларускай літаратурай, што на паліцах бібліятэк і кнігарань мала што знойдзеш, тут пераважна класіка. Напэўна, у нечым яны маюць рацыю. Відаць, гэта адчулі і ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі. Разам з выдавецтвам "Аверсэв" грамадскае аб'яднанне пачало сёлета серыю "Сучасная беларуская літаратура". Мэта гэтага праекта - пазнаёміць з новымі творамі беларускіх празаікаў і паэтаў, паказаць багацце і разнастайнасць айчыннай літаратуры. Плануецца выпусціць жаночыя навелы (ужо цікава!), дэтэктыўныя аповесці, казкі, фантастычныя творы. Заключным выданнем серыі стане зборнік "Адрасы памяці" - пісьменнікі раскажуць пра сваю малую радзіму, яе ўплыў на фарміраванне іх як асобы і творцы.

Першы том "Дараванне. Аповесці" ўжо ў кнігарнях. У ім творы празаікаў Алены Брава, Алега Ждана, Алеся Бадака і іншых. Аповесці не аб'ядноўвае нейкая агульная тэма, сюжэты розныя, як і творчыя падыходы, стыль аўтараў. Гэтым і цікавы зборнік. А яшчэ тым, што ўсё, пра што пішуць творцы і што яны імкнуцца данесці да свайго чытача, не можа не хваляваць. Так што бярыце кнігу да ўвагі!

І напрыканцы пра выданне, якое грэх абмінуць і не пагартаць нават. Гэта я пра новую працу Уладзіміра Ліхадзедава "Ад Віцебска да Полацка. Падарожжа ў часе". Вядомы пісьменнік, калекцыянер і гісторык выдаў некалькі дзясяткаў альбомаў і кніг, у якіх адлюстроўваецца пэўны гістарычны перыяд у жыцці таго ці іншага рэгіёна, горада ці мястэчка нашай краіны. Несумнеўная іх каштоўнасць у тым, што публіцыстычныя тэксты ўдала дапаўняюць рэпрадукцыі старых паштовак, рэдкія архіўныя фотаздымкі, графічныя ілюстрацыі.

Гэтым разам у нарысах Уладзіміра Ліхадзедава яскрава паўстае Віцебшчына канца XVIII і да сярэдзіны XX стагоддзя. Дарэчы, упершыню аўтар прэзентаваў сваю кнігу на Дні беларускага пісьменства ў Гарадку, і ўжо тады мясцовыя жыхары змаглі пабачыць рэдкія выявы роднага краю на старонках выдання.

Займальных вандровак і цікавых сустрэч у багатым кніжным свеце!

| Вядучая рубрыкі Ганна МАСЛЯКОВА, часопіс "Беларуская думка".

Чытайце таксама:

Нейросеть ставит диагноз? Рассказываем про новейшие разработки для белорусских медиков

Что будет, если потрогать бабочку за крылышки? Интересные факты рассказал энтомолог

Пра што разказваюць арнаменты? Пяць цікавых беларускіх кніг, якія выйшлі ў апошні час