Дзе буслінае гняздо, там маланка не б'е. А што яшчэ нашы продкі казалі пра гэтых птушак?

2023-10-02 17:35

Беларусы спакон вякоў ставяцца да буслоў асабліва. Мала якая жывёла, нават зубры, можа пахваліцца такой пашанай. Як жа нашы продкі выказвалі павагу гэтай птушцы і чаму яе нельга было крыўдзіць?

- Лічылася, што бусел - птушка боская, благаслаўлёная Богам. Але пры гэтым легенда паходжання не зусім прыгожая, - расказаў Сяргей Ермаловіч, вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту.

На самай справе легендаў шмат, але ўсе яны зводзяцца да аднаго: бусел пайшоў ад чалавека, якому Бог даў заданне - аднесці розных гадаў, змей і жаб, і ўтапіць у балоце. Але цікаўнасць перамагла, і той чалавек зазірнуў у торбу, а ўсе гады разбегліся ў розныя бакі. Бог за гэта пакараў чалавека, каб той да канца жыцця збіраў змей і жаб.

- Хотосьці праводзіць аналогію, што бусел - гэта Адам, або бусліха - гэта Ева. Таксама Бог ім даў заданне, яны яго не выканалі, і за гэта іх выгналі з Выраю.

Буслу - святой птушцы - нельга было чыніць шкоду. Лічылася вельмі дрэнным, калі хтосьці забіваў бусла або раскідваў гняздо, - гэта вядзе да шматлікіх бед.

- Ёсць легенда і пра чорнага бусла, як ён з'явіўся. Быў адзін злы чалавек, які разбурыў гняздо бусла. Той узяў сваіх птушанятак, і яны паляцелі ў лес. І ад такой крыўды сталі чорнымі. У іх яшчэ бусляняткі нарадзіліся, але дарослыя ім расказалі, якую шкоду ім учыніў гэты чалавек, і яны таксама пачарнелі.

Раней людзі верылі, што бусел можа помсціць. Напрыклад, прынесці гарачую галавешку і спаліць хату. Альбо, калі хтосьці раскідаў гняздо, у хату магла ўдарыць маланка, бо птушка нібы памочнік Перуна ці яго ўвасабленне на зямлі.

- Таму дзе гняздо бусла, там маланка ніколі не ўдарыць. Хата, на якой яно ёсць, у бяспецы.

Абараняў бусел і ад злых духаў, і ад розных жывёл, і ад змей. А пакрыўджаная птушка магла тую ж самую змяю кінуць у калодзеж, каб атруціць ваду.

- Дзе селіцца бусел, будзе шчасце, багацце і дабрабыт.

Мы ўжо казалі, што раскідваць гнёзды нельга. А вось дапамагаць іх будаваць - справа добрая. Зносілі ўсялякую старызну, бароны ды нейкія непатрэбныя жалезныя рэчы, каб гняздо было мацнейшае. А калі птушкі прыляталі вельмі рана ўвесну, падчас холаду, іх маглі нават пусціць у хату.

- Каб дзікую жывёлу пусціць у хату - гэта нонсенс. Гэта сведчыць, што беларусы асабліва добра ставіліся да буслоў і вельмі шанавалі іх.

Нездарма ж у традыцыйнай культуры адбілася, што птушка дзікая, а кранаць яе нельга, - такое бывала вельмі рэдка. Таму бусел і стаў адным з сімвалаў Беларусі і нашага народа.

| Падрыхтавана па відэа БЕЛТА, скрыншоты відэа.

Чытайце таксама:

Какие звуки издают аисты? Спросили у эколога

"Конечно, мы уважаем эту птицу!". Вот что придумали энергетики, чтобы спасать аистов

Аисты, васильки и колосья. 15 фото очень красивых белорусских полей крупным планом