ГОСОРГАНЫГОСОРГАНЫ
Флаг Пятница, 10 мая 2024
Минск +12°C
Все новости
Все новости
Калейдоскоп
04 октября 2023, 18:35

Паўліна Мядзёлка: муза паэта і зямная жанчына. Якое дачыненне яна мела да "Паўлінкі"?

З яе нараджэння мінула 130 гадоў, амаль 50 - з дня смерці. І дагэтуль гэта незвычайная жанчына застаецца ахвярай літаратурнай містыфікацыі. Праўда, аднак, палягае ў тым, што Паўліна Мядзёлка не была ні правобразам, ні натхняльніцай, ні нават першай выканальніцай галоўнай ролі ў славутай купалаўскай "Паўлінцы". Тым болей не варта бачыць у ёй каханку паэта ці беларускую Мата Хары.

Беларуская савецкая энцыклапедыя называе яе дзяячкай культуры, Вікіпедыя - артысткай, педагогам і мемуарысткай. Сярод роляў, якія яна выконвала ў розных драматычных гуртках, - Зоська ("Раскіданае гняздо" Янкі Купалы), Пронка ("У зімовы вечар" паводле Э. Ажэшкі) і, вядома ж, Паўлінка. Роля, якую ёй дапамагаў стварыць сам Купала, - у апошні вечар перад прэм'ерай вучыў яе, дзевятнаццацігадовую, цалавацца.

Ці была яна яго музай?

Доказам таму - жменька лірычных вершаў, якія Купала прысвяціў сваёй Паўліне: "Быў гэта сон…", "Таей даўгажданай", "Сыйду…", "А яна…", "Ночцы", а таксама паэма "Яна і я". З сумных купалаўскіх радкоў вынікае, што паэт кахаў яе пакутным непадзельным каханнем, а потым ажаніўся, і пачалося звычайнае жыццё без рамантычных драм і фантазій.

Напэўна, гэту гісторыю нашчадкі папросту сцерлі б з памяці, як і раман Купалы з Канстанцыяй Буйло, над якім так шчыра і радасна смяялася сама Мядзёлка, калі б не моцны і яркі яе талент. Кніга "Сцежкамі жыцця" вытрымала тры паспяховыя выданні (адно часопіснае і два кніжныя). А людзі і абставіны, пра якія яна піша, цікавыя сучаснаму аматару беларускай гісторыі. Зрэшты, выдаўцы не заўсёды разумелі яе мастацкія памкненні.

"Ад Вас, паважаная Паўліна Вікенцьеўна, рэдакцыя чакала ўспамінаў пра беларускіх пісьменнікаў, з якімі Вы былі знаёмы асабіста, - пісаў ёй 7 мая 1965 года галоўны рэдактар выдавецтва "Беларусь" Ян Казека. - Аднак такога матэрыялу ў рукапісу вельмі мала, ды і той падаецца без належнага адбору. Паасобныя эпізоды, згаданыя Вамі, могуць выклікаць нават непрыхільнае ўражанне пра Я. Купалу, Цётку".

1909–1912 гады. З сяброўкамі па прыватнай жаночай гімназіі Няздзюравай і Райсмілер
1909–1912 гады. З сяброўкамі па прыватнай жаночай гімназіі Няздзюравай і Райсмілер

І праўда, Купалу яна малюе зусім нехрэстаматыйна: "Аднаго разу, калі я зранку прыйшла да Ластоўскіх, дзверы адчыніў мне якісь малады мужчына. Ён быў у камізэльцы, рукавы белай кашулі яшчэ закасаны, высокі цвёрды белы каўнерык ад манішкі падпіраў падбародак, светлыя валасы, яшчэ мокрыя, гладка прылізаны; пад носам нейкая павязка з цюлю, зачэпленая шнурочкамі за вушы.

Упусціўшы мяне, ён застаўся ў кухні.

- Хто гэта такі? - пытаю ў Ластоўскай.

- Янка Купала, - адказвае. - Учора прыехаў.

- Ку-па-ла? - здзівілася я. - Я ж зусім іначай сабе яго ўяўляла. А чаму ў яго павязка на твары? Што ў яго, вусны пакалечаны?

- Ды не! Мужчыны надзяваюць такі бінт, які прыціскае вусы, каб яны ўгору тырчалі".

Ці гэта допіс закаханай жанчыны? Хто яна на самой справе? Каб знайсці адказ на гэта пытанне, давялося ехаць у аграгарадок Будслаў Мядзельскага раёна. Тут Паўліна Вінцэнтаўна нарадзілася і сюды вярнулася, каб пражыць свае найбольш плённыя гады. Настаўнічала, пісала кнігу, працавала з хорам, ставіла спектаклі. Цяжка захварэла. Пайшла з жыцця літаральна за месяц да выхаду яе адзінай і галоўнай кнігі. Пахавалі яе побач з бацькамі на мясцовых могілках, дзе няма дрэў, але ёсць сонца і вецер.

Галоўным храмам для атэісткі Мядзёлкі заставалася школа.

1914 год, Петраград. Пасля заканчэння Вышэйшых камерцыйных курсаў
1914 год, Петраград. Пасля заканчэння Вышэйшых камерцыйных курсаў

Цяперашняя школа ў Будславе прасторная, трохпавярховая, з белай сілікатнай цэглы. Яна паўстала ў 1975-м, праз год пасля яе смерці, і з нядаўняга часу носіць яе імя. Тут ёсць музей, якім загадвае колішні дырэктар Лявон Уладзіміравіч Грыбовіч.

- Старая драўляная школа, дзе Мядзёлка з 1947 па 1957 год выкладала рускую мову і літаратуру, пры Пілсудскім была польская, пры фашыстах - нямецкая. У ёй вучыліся дзеці паліцаяў. Уцякаючы пад націскам Чырвонай арміі, акупанты разрабавалі школу ўшчэнт. Будслаўчане - хто з пілой, хто з сякерай - змайстравалі школьныя сталы і лаўкі, так што 1 верасня 1944 года вучням было дзе вучыцца, - расказвае Лявон Уладзіміравіч.

У родныя мясціны Паўліна Вінцэнтаўна вярнулася пасля паўвекавой адсутнасці. У 1898 годзе, калі ёй было пяць, сям'я перасялілася з Будслава ў Глыбокае. Бацька Вінцэнт Зыгмунтавіч зарабляў на жыццё настройкай арганаў і раяляў, маці Францішка (у дзявоцтве Васілевіч) гаспадарыла ў хаце. Паводле ўспамінаў Паўліны, яны не надта хацелі адпускаць яе ў вялікі свет, даваць адукацыю, але воля дзяўчынкі аказалася мацнейшая.

У 1907-1908 гадах у Рызе яна вучылася на вячэрніх адукацыйных курсах для дарослых, хаця паводле сучасных мерак была б вучаніцай восьмага класа. У Вільні тры гады займалася ў прыватнай жаночай гімназіі Няздзюравай і Райсмілер, затым у Санкт-Пецярбургу на Вышэйшых камерцыйных курсах.

Але ў сталіцы Расійскай імперыі для яе знайшлося нешта больш цікавае, чым фінансы і гандаль. На пачатку лютага 1913 года ў беларускім навукова-літаратурным гуртку пецярбургскага мецэната і выдаўца Браніслава Эпімах-Шыпілы Паўліна Мядзёлка сустрэлася з "Паўлінкай" і яе аўтарам, які стаў (ці не стаў?) галоўным героем яе жыцця.

На той час славутая купалаўская камедыя мела ўжо сваю гісторыю, якая пачалася ў чэрвені 1912 года ў Акопах. На хутары, які арандавала яго маці, Янка Купала напісаў бессмяротны тэкст.

Настаўнік замежнай мовы і загадчык музея Будслаўскай сярэдняй школы імя П. Мядзёлкі Лявон Грыбовіч
Настаўнік замежнай мовы і загадчык музея Будслаўскай сярэдняй школы імя П. Мядзёлкі Лявон Грыбовіч

- У навакольных вёсках усе ведалі, што прататып Сцяпана Крыніцкага - Гілярый Аўлачынскі з хутара Рубеж, а правобраз Паўлінкі - яго дачка Ядвіга, да якой нібыта паэт няўдала заляцаўся, - расказвае Алена Гурэцкая, загадчык філіяла "Акопы" Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. - Ёсць звесткі, што першы раз "Паўлінку" сыгралі ў жніўні 1912 года ў Радашковічах.

Наступны раз "Паўлінку" з Соф'яй Маркевічанкай у галоўнай ролі (заўважце, не Мядзёлкай!) паставілі ў Вільні 27 студзеня 1913 года ў рабочым клубе "Сокал". Пецярбургская прэм'ера 9 лютага, дзе нарэшце бліснула наша гераіня, стала трэцяй пастаноўкай купалаўскай камедыі. Вынікае, што тытул "першай купалаўскай Паўлінкі" Мядзёлка прысвоіла. Ці, прынамсі, дазваляла так сябе называць. Так, напрыклад, звяртаецца да яе ў лісце ад 11 жніўня 1952 года Рыгор Шырма (ліст захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва).

"Сапраўдным святам і асалодай для нас быў момант, калі ён чытаў нам новыя вершы".

Але для нас найбольш цікавае іншае - яе захапленне Купалам як асобай і паэтам. "Не вельмі гаваркі ў часе шумных спрэчак, заўсёды сур'ёзны, Я. Купала прыслухоўваўся да выказаных думак, час ад часу падаючы кароткія і трапныя заўвагі, - пісала яна ў сваёй кнізе. - Сапраўдным святам і асалодай для нас быў момант, калі ён чытаў нам новыя вершы, якія пазней увайшлі ў зборнік «Шляхам жыцця». Роўным, спакойным голасам - хоць і не надта важны быў з яго дэкламатар - чытаў Купала паэму «Курган». А калі чытаў свайго «Прарока», дык мне здавалася, бачу нейкі арэол вакол яго галавы".

З пачаткам Першай сусветнай вайны Купала знік з яе жыцця. Спачатку яна ў эвакуацыі ў Царыцыне. Потым у Пецярбургу працуе сакратаром Беларускага камітэта дапамогі ахвярам вайны. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі нешта арганізуе ў Кіеве. Увосень па просьбе княгіні Магдалены Радзівіл адкрывае ў Ігуменскім павеце беларускую пачатковую школу.

Сярод усёй гэтай мітусні ў лютым 1917 года трапляе ў полацкую кватэру Янкі Купалы і дужа здзіўляецца, убачыўшы ў якасці жонкі Уладзіславу Станкевіч. "Я ведала, што яшчэ ў 1914-15 годзе Уладзя шалела з кахання да Чэся Родзевіча, - піша Мядзёлка ў «Беглых нататках для памяці (факты, якія ніколі не могуць і не павінны быць апублікаваны)», - а Янка больш чым абыякава адносіўся да Уладзі, а бывала што і насміхаўся з яе. Праз 50 год пасля гэтага Марыя Канстантынаўна Хайніцкая расказала мне, што жаніцьба іх была выпадковая".

Пісьмовы стол Мядзёлкі, што захоўваецца ў школьным музеі, выглядае дакладна так, як пры яе жыцці
Пісьмовы стол Мядзёлкі, што захоўваецца ў школьным музеі, выглядае дакладна так, як пры яе жыцці

Так ці інакш, Паўліна пачувалася абражанай і ашуканай, і шлюб яе з Томашам Грыбам выглядае як помста за гэту страшэнную крыўду. Далейшае жыццё з мужам складваецца амаль трагічна: пачалося з "вандроўкі" па польскіх вязніцах. Але нават на волі - у Берліне, Празе, латышскім Дзвінску - Мядзёлка сумуе па Радзіме, па Янку і ўрэшце 22 мая 1925 года збягае ў Савецкую Беларусь.

10 чэрвеня ўсе беларускія газеты паведамляюць аб прысваенні Купалу ганаровага звання "Народны паэт БССР". Як паставілася да гэтага Паўліна? Ці павіншавала? Як увогуле адбылася іх сустрэча пасля столькіх гадоў разлукі? Ці разумелі яны адно аднаго? Купала займаў цяпер высокія пасады, Мядзёлка толькі шукала сваё месца ў новай савецкай рэчаіснасці, у служэнні народу.

Ці была Паўліна Вінцэнтаўна савецкім чалавекам? Так, відавочна!

"Была строгая, але справядлівая. Моцна прасякнутая камуністычнай ідэалогіяй".

"Дарагую цёцю Маню, Эдзіка і Броню вітаю з блізкім святам Кастрычніка і жадаю моцнага здароўя, сіл, бадзёрасці і радасці ў жыцці", - гэта яе тэлеграма ў 1960 годзе Купалавай сястры, яго пляменніку і дваюраднай унучцы.

- Паўліна Вінцэнтаўна была строгая, але справядлівая. Моцна прасякнутая камуністычнай ідэалогіяй, - расказвае Лявон Грыбовіч.

Варта зазначыць, што яе дваюрадны брат па маці Іван Антонавіч Васілевіч - амаль равеснік і таксама ўраджэнец Будслава - з 1926 года займаў пасаду наркама фінансаў БССР, а з верасня 1927-га да кастрычніка 1930 года - другога сакратара, члена Бюро ЦК КП(б)Б.

Будслаў, дзе нарадзілася і памерла Мядзёлка, - адзін з найпрыгажэйшых куткоў Беларусі. Яе хата ўсяго за 200 метраў ад Будслаўскага касцёла
Будслаў, дзе нарадзілася і памерла Мядзёлка, - адзін з найпрыгажэйшых куткоў Беларусі. Яе хата ўсяго за 200 метраў ад Будслаўскага касцёла

Мядзёлка спачатку працавала ў сектары мастацтва Інбелкульта, куды яе, магчыма, уладкаваў Купала - адзін з заснавальнікаў і правадзейны член акадэмічнай установы. Аднак тут доўга не затрымалася. Ёй цяжка было кантактаваць з Янкам і Владкай - менавіта праз "В" яна звычайна называла Купалаву жонку. Мядзёлка часта бывала ў іх доме. Атмасфера, што там панавала, яе прыгнятала. Ад сямейных сцэн жанчына з'ехала ў Горкі, дзе цягам трох гадоў выкладала будучым аграномам беларускую мову. У 1929 годзе наведала Мінск, каб сустрэцца з маці, якая прыехала з Заходняй Беларусі адведаць дачку. "Я павяла яе да Купалаў, пазнаёміла з маткай Янкі. Доўга, сардэчна гаварылі з сабой дзве старушкі.

- Чаму ж гэта не Паўлінка мая сынова, - казала матка Янкі. - Чаму ж яна яму адказала? Як бы я шчаслівая была", - чытаем у "Беглых нататках".

Чытайце таксама:

"Ваш мальчик не жилец". Как сын лесника стал лучшим борцом вольного стиля 20-го века

Ее личность была гораздо шире, чем принято думать. Настоящая Евфросиния Полоцкая

"Сапраўдны мужык, без фанабэрыі". Вось што кажуць пра Міхаіла Казінца тыя, хто яго ведаў

Хто каму адмовіў, сёння высветліць немагчыма. У 1932-м Мядзёлка надоўга пасялілася ў Маскве, вучыла дзяцей рускай мове. Узімку 1941-га яна разам з масквічамі рыла супрацьтанкавыя равы. Адзначылі яе медалём "За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.". Там, пад Масквой, яна моцна памарозіла рукі.

Тады ж адбылося яе апошняе спатканне і…развітанне з Янкам. "1941 год. Масква, - піша яна. - Першыя дні нашэсця гітлераўцаў. Менск у полымі пажараў ужо заняты фашыстамі. Што з Янкам і яго сям'ёй? Ці паспеў ён выбрацца ў Маскву? З трывогай у душы пабегла ў Саюз пісьменнікаў на вуліцы Вароўскага. Там сказалі мне, што ён толькі што прыехаў у Маскву і знаходзіцца на кватэры свайго прыяцеля К. Елісеева. Там быў Янка, Владка і іхны шафёр.

- А матка дзе? Анця? - пытаю.

- Мы не маглі ўсіх у адну машыну забраць, - адказвае Уладка. - Яны схаваліся ў падвале. Там жа людзі яшчэ засталіся, памогуць выратавацца"…

У доме Паўліны Мядзёлкі захоўваецца фота: яна вучыць стрыечных унукаў чытаць
У доме Паўліны Мядзёлкі захоўваецца фота: яна вучыць стрыечных унукаў чытаць

У 1947 годзе Мядзёлка вяртаецца ў Будслаў. Навошта?

- Каб даглядаць хворую маці, - дружна запэўніваюць вяскоўцы.

Напраўду, бацька Вінцэнт Зыгмунтавіч у гэты год памёр, і маці засталася адна. Але, падобна, яна ў той час яшчэ не мела патрэбы ў нейкім спецыяльным доглядзе.

- Добра памятаю, як Паўліна Вінцэнтаўна разам з маці шпацыравала па парку ля сядзібы Аскеркаў, - расказвае Яніна Вацлаваўна Дземідовіч, у недалёкім мінулым настаўніца беларускай мовы, а цяпер пенсіянерка. - Мы глядзелі на яе як на нейкае боства, як на істоту з іншага свету.

"Яна вельмі любіла настаўніцкую працу, і дзеці яе любілі".

У Будславе яна выкладала рускую мову, а не беларускую, хаця магла папрасіць у школьнага кіраўніцтва што заўгодна. Не захацела? Ці не таму, што тады ёй давялося б расказваць пра Купалу? Крыўда на яго заставалася такая ж балючая. "У 1965 годзе я адведала Веру Дрэйзіну (дачку музыказнаўцы Юльяна Дрэйзіна). Успамінаючы мінулае, Вера расказала такі эпізод. Было 20-годдзе шлюбу Янкі з Владкай. Мінская грамадскасць рыхтавалася адзначыць гэты юбілей банкетам. Праф. Перцаў, спаткаўшы Янку, сказаў яму пра гэта і прасіў яго прысутнічаць на банкеце разам з жонкай. Янка абурыўся: «Як? Дзень майго найгоршага няшчасця ў жыцці вы хочаце святкаваць? Не пайду!». Банкет сарваўся. Янка катэгарычна адмовіўся прысутнічаць на ім"…

Супакой Мядзёлка знаходзіла ў працоўнай мітусні.

- Яна вельмі любіла настаўніцкую працу, і дзеці яе любілі, - сцвярджае Лявон Грыбовіч.

У доме Паўліны Мядзёлкі
У доме Паўліны Мядзёлкі

Але цалкам паглынала яе праца над кнігай. Сама меней мільён знакаў напісала яна без друкаркі, ручкай і чарніламі, пры святле газавай лямпы.

- Электрычнасць з'явілася ў Будславе, калі не памыляюся, у 1964 годзе, - працягвае Лявон Уладзіміравіч. - Аднак яшчэ раней да школы быў прыстаўлены генератар на салярцы, які вырабляў ток. Падчас заняткаў яго ўключалі, і ў класах запальваліся лямпачкі.

Ці карысталася Мядзёлка такой нечуванай выгодай? Напэўна, не, каб лішні раз не выносіць рукапісы з дому. Дыхтоўны пісьмовы стол, за якім яна працавала, як і яе гітара, захоўваюцца ў музеі Будслаўскай школы. Астатняе, піяніна ў тым ліку, - у бацькоўскім доме на вуліцы Зялёнай, 10 (у 1940-50-х гадах вуліца Сталіна. - Аўт.), дзе жыве Соф'я Міхайлаўна Грышкевіч - 90-гадовая ўдава яе дваюраднага брата Чэслава. У 1956 годзе ён прывёз з Мосара жонку Зосю - найпрыгажэйшую з дванаццаці дачок мясцовага арганіста. Жылля ў маладых не было, і Мядзёлка прапанавала: "Жывіце ў мяне, будзеце мне дапамагаць, а я вам".

Падтрымка асабліва прыдалася, калі бабця Францішка - маці Мядзёлкі - злягла і трэба было яе паварочваць у ложку. У Паўліны, ды яшчэ з яе памарожанымі рукамі, на гэта не хапала моцы. У гэткіх абставінах Соф'я Міхайлаўна стала для Мядзёлкі добрым анёлам.

Ці можна з ёй сустрэцца, а заадно пабачыць пакой, дзе жыла Паўліна Вінцэнтаўна?

- Не-не, нават не спадзявайцеся! - расчаравала нас яшчэ напярэдадні будслаўскае школьнае начальства. - Соф'я Міхайлаўна хварэе і нікога ў хату не пушчае.

Амаль дзевяностагадовая Соф
Амаль дзевяностагадовая Соф'я Грышкевіч стараецца захоўваць у доме парадак, які быў пры Паўліне Вінцэнтаўне

Аднак Яніна Дземідовіч, якая здаўна з ёй сябруе, узялася дапамагчы і ўсё ж дамовілася, што мы паглядзім мемарыяльную частку дома, а гаспадыню турбаваць не будзем.

І вось мы ўжо на падворку самай славутай і загадкавай будслаўскай хаты.

- Бачыце, які дуб? - паказвае рукой Яніна Вацлаваўна. - Кажуць, Мядзёлка прынесла парастак з Падбабы (было калісьці такое ўрочышча непадалёк ад Будслава. - Аўт.) і пасадзіла далёка ў полі.

- Колькі разоў мае сыны яго ламалі, хацелі спілаваць, яле я не дала. Гэта ж рэліквія, - выходзіць на ганак Соф'я Грышкевіч.

Вось дык неспадзяванка!

- А тут, у палісадніку, Паўлінка садзіла ружы, - працягвае жанчына. - Я таксама на гэтым месцы заўжды садзіла ружы і лілеі, каб усё выглядала, як у даўнія часы. А цяпер ужо не магу, здароўя няма.

Піяніна славутай нямецкай фірмы, якое належала Мядзёлцы, напэўна, выраблена яшчэ да вайны
Піяніна славутай нямецкай фірмы, якое належала Мядзёлцы, напэўна, выраблена яшчэ да вайны

Зося, яна ж Соф'я Міхайлаўна, пражыла нялёгкае жыццё. Дагледзела бацькоў - абое пайшлі на той свет ва ўзросце больш як сто гадоў, а таксама бабцю Францішку дый саму Паўліну Вінцэнтаўну.

- Мы над яе дываном (тут так называюць канапу. - Аўт.) званок павесілі, і калі ўначы было нешта трэба, яна званіла. А я ў школе поварам рабіла, гаспадарку трымала, сустракала і частавала Паўлінчыных гасцей.

- Ці шмат людзей прыязджала да Мядзёлкі?

- Ой, многа! - смяецца Соф'я Міхайлаўна.

Найперш успамінае Караткевіча і Купалавых сясцёр.

- Валодзька такі добры, пяшчотны быў. Як едзе да нас, абавязкова прывязе Паўлінцы кветак, хоць нават палявых, - гаворыць жанчына.

Асабліва падкрэслівае, што жылі яны адной сям'ёй. Гатавалі ежу на агульнай кухні. Паўліна Вінцэнтаўна шмат рупілася пра пляменнікаў Стасіка і Казіка, чытала ім кніжкі, Казіка вучыла іграць на фартэпіяна.

- Вельмі сумленная, прынцыповая была, - згадвае Соф'я Міхайлаўна. - Людзі звярталіся да яе з жыццёвымі пытаннямі, і яна дапамагала, тлумачыла, хто мае рацыю, хто вінаваты, куды звярнуцца з той ці іншай справай і як яно ўвогуле павінна быць. Чалавек незвычайны на той час - адукаваны, разумны, які многа пабачыў у свеце. У маладосці жыла ў сталіцах, мела зносіны з рознымі людзьмі.

Былая настаўніца Будслаўскай сярэдняй школы Яніна Дземідовіч вельмі любіць успамінаць, як ставіла з дзецьмі ў 2016 годзе Купалаву "Паўлінку".
Былая настаўніца Будслаўскай сярэдняй школы Яніна Дземідовіч вельмі любіць успамінаць, як ставіла з дзецьмі ў 2016 годзе Купалаву "Паўлінку".

"Мы глядзелі на яе як на нейкае боства, як на істоту з іншага свету".

Мядзёлка і ў старасці месяцамі жыла ў Маскве. Асабліва ўзімку. Прасіла дасылаць сабе вясковых прысмакаў. Напрыклад, "кішку" - вясковую каўбасу, напханую дзёртай бульбай з цыбуляй і шкваркамі, якую запякалі ў печы. А ў Будслаў Паўліна Вінцэнтаўна слала пачастункі для свайго сабачкі Джойкі.

- Такі быў забаўны! - усміхаецца Соф'я Міхай­лаўна. - Уставаў на заднія лапкі і прасіў.

Сумаваў па Мядзёлцы не толькі хатні любімец. "Мы ўсе харошыя, толькі ната нудна без Вас чыкаем як найхутчэшэго прыезду", - робіць прыпіску Чэсь (арфаграфія захаваная. - Аўт.), перасылаючы ліст, што прыйшоў на яе будслаўскую скрыню.

Але побыт звычайна зацягваўся. "Сама не ведаю, колькі часу прабуду ў Маскве, - піша Мядзёлка Алесю Бачылу ў красавіку 1967 года. - У кожным разе не раней чэрвеня-ліпеня змагу вярнуцца дамоў у Будслаў". Што трымала яе ў сталіцы? З ліставанняў ведаем адзін з яе маскоўскіх адрасоў: Салянка, д. 1 / 2, кв. 134. Гэта так званы шэры дом, ці "дом пад анёламі", за кіламетр ад Крамля, два крокі да Старой плошчы і ЦК КПСС. У савецкі час тут жыла партыйная наменклатура, народныя артысты і высокапастаўленыя ўрачы.

Паўліна Вінцэнтаўна аддзячвала за гасціннасць тым, што запрашала масквічоў (можа, акурат жыхароў Салянкі?) на лета ў Будслаў. Прыязджалі ўсёй сям'ёй.

- Памятаю, Паўліна Вінцэнтаўна са сваёй маскоўскай сяброўкай рабілі доўгія прагулкі ў напрамку былога ўрочышча Турок, - расказвае мясцовы бібліятэкар Галіна Аксючыц. - Высокая хударлявая старая ў нязменным чорным пінжаку, чорнай спадніцы і круглым, як у мастакоў, чорным берэце на сівых пакручастых валасах. Касцюм дапаўняла "бабачка" альбо вузенькі чорны гальштук.

Хто была гэта сяброўка і пра што яны размаўлялі, даведацца ўжо немагчыма. Затое Галіна Сцяпанаўна расказала пра раней не вядомую, значную дэталь.

Былая настаўніца Будслаўскай сярэдняй школы Яніна Дземідовіч вельмі любіць успамінаць, як ставіла з дзецьмі ў 2016 годзе Купалаву "Паўлінку". А яшчэ Яніна Вацлаваўна піша цудоўныя вершы, вырошчвае і фатаграфуе кветкі
Былая настаўніца Будслаўскай сярэдняй школы Яніна Дземідовіч вельмі любіць успамінаць, як ставіла з дзецьмі ў 2016 годзе Купалаву "Паўлінку". А яшчэ Яніна Вацлаваўна піша цудоўныя вершы, вырошчвае і фатаграфуе кветкі

- У лютым 1974-га, калі памерла Мядзёлка, развітанне з ёй адбывалася ў Будслаўскім доме культуры, - гаворыць яна. - Звычайна ў нас, калі нехта памірае, спяваюць старадаўнія пахавальныя песні. А над труной Мядзёлкі гучала класічная музыка з кружэлак, якія яна сама адабрала.

Кружэлкі? Вяртацца зноў на Зялёную не выпадала. Наступным днём туды завітала Яніна Дземідовіч і знайшла добрую сотню кружэлак, якіх пасля пахавання ніхто не чапаў. Адшукаўся таксама "каталог", напісаны рукой Мядзёлкі, а ў ім ажно тры рэквіемы - Моцарта, Вэрдзі і Дворжака. Апроч таго, сімфоніі Чайкоўскага, санаты Метнера і Бетховена, прэлюдыі Шапэна, песні Шуберта, арыі Пучыні і "Галька" Манюшкі.

- Кружэлкі яна прывозіла з Масквы, - расказвае Яніна Вацлаваўна. - Выдаткоўвала на іх вялізныя грошы і надта любіла слухаць. У яе быў прайгравальнік, пляменнікі пазычалі яго ў клуб.

У Маскве музыка была жывая, не з пласцінак. Абанемент у Вялікую залу Маскоўскай кансерваторыі ў 1960-я каштаваў капейкі. Магчыма, працягласць гасцявання Паўліны ў сталіцы залежала ад афіш. Да таго ж сярод кружэлак Мядзёлкі адшукаліся альбомы з выявамі Угліча, Растова і іншых гарадоў. Такія звычайна набываюць у падарожжах па "Залатым кольцы".

- Уяўляеце, у яе быў хор акапэльны (без суправаджэння. - Аўт.), - захапляецца Галіна Аксючыц. - На чатыры галасы. Ездзілі ў Мінск на конкурс і занялі першае месца. Мусілі ехаць у Маскву, але мясцовы гарманіст вельмі пакрыўдзіўся, што Мядзёлка не паклікала яго акампаніраваць, і данёс куды трэба, што ўдзельнікі хору спяваюць таксама ў касцёле.

Бібліятэкар Галіна Аксючыц
Бібліятэкар Галіна Аксючыц

Галіна Сцяпанаўна расказвае пра хор з чужых слоў, але ёсць дакументальнае сведчанне - ужо згаданы ліст Рыгора Шырмы ад 11 жніўня 1952 года, у якім ён піша наступнае: "Чуў, што ў вас у Будславе быў добры хор, але, на жаль, мне не давялося яго паслухаць. Якая ж прычына, што ён не існуе?".

А пачынаецца ліст з падзякі за ноты, якія выслала Мядзёлка славутаму хармайстру: "Песні Вашы цікавыя, пастараюся выкарыстаць для хора. Чэшскі «Пастушок» у мяне ёсць толькі ў апрацоўцы для жаночага чатырохгалоснага хора. «Кліч пастушка» і «Жнейку» спатыкаю першы раз. Песні добра зроблены". Ці азначае гэта, што Паўліна Мядзёлка сама рабіла апрацоўкі?

Яна стварыла ў Будславе ў 1951 годзе і самадзейны тэатр. Антону Іванавічу Паўлоўскаму - суседу Яніны Дземідовіч - было на той час 17 гадоў, ён дасканала валодаў народнай манерай ігры на цымбалах і пагадзіўся ўдзельнічаць у "Паўлінцы". Паводле яго ўспамінаў, якія запісала Яніна Вацлаваўна, спектакль у 1951-1952 гадах двойчы паказвалі ў Будславе. Гастралявалі ў Крывічах, Даўгінаве, Вілейцы і навакольных вёсках, выступалі на конкурсах мастацкай самадзейнасці ў Мінску і Маладзечне, дзе занялі першае месца і атрымалі ў якасці прыза акардэон.

"Зерне, якое Мядзёлка ўкінула ў нашу глебу, дагэтуль дае плён".

У 1966 годзе Паўліне Вінцэнтаўне прысвоілі ганаровае званне заслужанага дзеяча культуры БССР.

- Зерне, якое Мядзёлка ўкінула ў нашу глебу, дагэтуль дае плён, - сцвярджае Лявон Грыбовіч.

Спачатку яе справу працягнулі паплечнікі і сябры, найперш настаўніца беларускай мовы і літаратуры Марыя Аляксандраўна Сіняўская. Маладой дзяўчынай прыехала ў Будслаў, працавала поплеч з Мядзёлкай, стварыла ў школе драматычны гурток. Потым эстафету падхапіла яе вучаніца Яніна Дземідовіч, якая 18 гадоў кіравала школьным літаратурна-драматычным гуртком "Паўлінка". Ставілі "Дурнічку" Дзялендзіка, "Раскіданае гняздо" Купалы, "Вечар" Дударава… Яніна Вацлаваўна сама пісала сцэнарыі, стварала літаратурна-музычныя кампазіцыі.

Такой Паўліну Мядзёлку памятаюць аднавяскоўцы
Такой Паўліну Мядзёлку памятаюць аднавяскоўцы

Сярод будслаўскіх сяброў Мядзёлкі называюць таксама Леакадзiю Iосiфаўну Зотаву. Да трыццацігоддзя Перамогі яна паставіла з аднавяскоўцамі "Трыбунал" Макаёнка.

- "Паўлінка" і "Трыбунал" - нашы любімыя п'есы, - гаворыць бібліятэкарка Галіна Аксючыц.

Яе намаганнямі з 2016 года пры бібліятэцы працуе тэатральны гурток "Жывая кніга". Сем гадоў - сем прэм'ер на вясковай афішы, у тым ліку камедыя "Як мужык жонку шукаў". Яе напісалі былыя будслаўскія настаўніцы Марына Танона і Наталля Каравацкая.

- А як паставілі "Трыбунал", дык кожную суботу да нас прыязджалі чатыры аўтобусы школьнікаў, - усміхаецца Галіна Сцяпанаўна. - Усе вучні раёна гэты спектакль паглядзелі.

П'есу Ніны Сямёнавай "Сем місак, сем лыжак" самадзейная рэжысёрка пераклала на беларускую мову. Сюжэт просты і моцны: маці выправіла на фронт семярых сыноў, і ніводзін з іх не вярнуўся. У дзень Перамогі яна ставіць на святочны стол сем місак, кладзе сем лыжак і ўспамінае, успамінае…

Адкуль бяруцца акцёры на такую глыбокую драматургію?

- Я ж мясцовая, усіх людзей ведаю, хто на што прыдатны, - усміхаецца Галіна Аксючыц. - У нас тут, у Будславе, такія, што падыходзяць і знешне, і талентам. І заўважце, усе людзі звычайных прафесій: электрык, эканаміст, кладаўшчыца, дворнік у магазіне.

На магіле Паўліны Мядзёлкі заўсёды кветкі
На магіле Паўліны Мядзёлкі заўсёды кветкі

Таленавіты, артыстычны Будслаў - найбагацейшая спадчына Мядзёлкі. Памяць аб ёй на кожным кроку, нават у назве вясковай кавярні.

- Яна тут жыве і будзе жыць, - сцвярджае Лявон Грыбовіч.

У школьным музеі. У кветках на будслаўскіх падворках. Ва ўзнёслых радках Яніны Дземідовіч:

І вёсачцы роднай

Слава за гэта:

Тут нарадзілася

Муза паэта.

Павевы гісторыі

Адчуваеш зноўку:

Янка Купала,

Паўліна Мядзёлка.

| Юлія АНДРЭЕВА, часопіс "Беларуская думка", фота Паўла АРЛОЎСКАГА, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

Теги
история
Новости рубрики Калейдоскоп
Топ-новости
Свежие новости Беларуси