ГОСОРГАНЫГОСОРГАНЫ
Флаг Суббота, 2 марта 2024
Минск Сплошная облачность +3°C
Все новости
Все новости
Калейдоскоп
17 августа 2023, 18:28

Ведаеце пра асаблівасці нацыянальнай рыбалкі? Вось каго і як лавілі нашы продкі

"Лавіся, рыбка, вялікая і малая", - прыгаворваў воўк, апусціўшы ў палонку хвост, як параіла яму хітрая ліса. А што выйшла? Прымёрз небарака да лёду, ды яшчэ жанчыны, якія прыйшлі ранкам па ваду, звяругу добра павалтузілі.

І хоць кажуць, што ў казках схавана праўда жыцця, нашы продкі, у адрозненне ад наіўнага воўка, добра ведалі, як лавіць рыбу, і мелі спрыт у гэтай справе.

Мянёк пузаты і шчупак

Без вады, а дакладней, без таго, што там водзіцца, беларусам заўсёды ні туды ні сюды. А даўней тым больш. Рыба, пераважна мясцовая, прэснаводная, была ў продкаў часам сродкам выжывання і заўсёды жаданай стравай. Яе падавалі на святочны ці накрыты з нейкай важнай нагоды стол. Асабліва шмат рыбы ўжывалі падчас пастоў. "Божа, ператвары парася ў карася", - жартавалі людзі, апраўдваючы сваё жаданне з'есці штосьці забароненае і не саграшыць.

Некаторыя стравы з рыбы, тыя ж каўбасы і паштэты, гатавалі такім спосабам, каб сваім выглядам, часам і смакам, яны нагадвалі мяса. Яшчэ варылі юшку, рабілі рыбныя клёцкі, так званыя галкі. Рыбу вэндзілі, салілі і сушылі. Дзеля гэтага выкарыстоўвалі розныя яе віды. Памятаеце, як у коласаўскай "Новай зямлі"?

Тут быў таран, мянёк пузаты,

Шчупак, лінок, акунь, карась,

Кялбок і ялец, плотка, язь,

Яшчэ засушаныя з лета.

Што да марской рыбы, дык найбольш папулярнай і даступнай хаця б на святы для ўсіх слаёў насельніцтва быў селядзец - звычайна салёны, з бочкі.

Злева: кошалку для лоўлі ўюноў плялі з лазы. Справа: перад рыбалкай сетку абавязкова перабірал.
Злева: кошалку для лоўлі ўюноў плялі з лазы. Справа: перад рыбалкай сетку абавязкова перабірал.

Вядомы фалькларыст і літаратуразнавец доктар філалагічных навук, прафесар Аляксей Міхайлавіч Ненадавец - яркі прадстаўнік аматарскай дынастыі рыбаловаў. Недзе ў пяцігадовым узросце яму давялося ўпершыню пакаштаваць смажанага на вогнішчы вугра. Якая ж гэта смаката была! А са скуры яго дзед зрабіў рэмень, які, праўда, меў адзін "недахоп": ніяк не атрымлівалася ім моцна ўдарыць.

Вугор і цяпер далікатэсная рыба. Яго не так шмат у беларускіх вадаёмах. І каб гэты від не застаўся толькі ў Чырвонай кнізе, папуляцыю падтрымліваюць штучна. Напрыклад, у 2015 годзе ў возера Свір, што ў Нарачанскім парку, засялілі 4,5 тысяч асобін, а ў 2020-м возера Пліса папоўнілася на 20 кілаграм вугровай моладзі.

Вельмі падобны да вугра ўюн. Раней яго было занадта шмат.

- На маёй памяці ў нас на Піншчыне ўюноў лавілі недалёка ад вёскі, - расказвае Аляксей Ненадавец. - Вакол хапала балот і балацінак, рачулак, у якіх вадзілася незлічонае мноства гэтай рыбы. Дзед з бацькам лавілі ўюноў у човен, улоў перасыпалі ў зрэбныя мяхі і потым на плячах цягнулі іх дахаты.

Уюноў звычайна вэндзілі. Выглядаў працэс так: рыбу нанізвалі на тонкія лазовыя галінкі, якія называлі мэткамі. На адну мэтку неабходна было акуратненька і шчыльненька, галава да галавы, змясціць шэсцьдзясят штук. Вэнджаныя ўюны прадавалі ў Варшаву, Кракаў, Пецярбург і Маскву. Яны добра ішлі да піва. Прадпрымальныя асобы закуплялі іх у мясцовых жыхароў і дзясяткамі тон вывозілі. Вельмі быў выгадны промысел.

Для свайго ўжытку ўюноў салілі ў бочках альбо сушылі ў печы на саломе. Беларускі этнограф, фалькларыст Аляксандр Сержпутоўскі пісаў, што палешукі свежых уюноў смажаць на патэльні і падаюць гасцям як ласунак. У сухім выглядзе іх ядуць, пасыпаючы соллю. Уюнамі таксама прыпраўляюць боршч, капусту, суп, кашу.

Буч для лоўлі рыбы ў густой траве і ў чароце - самабытны экспанат музея старажытнабеларускай культуры.
Буч для лоўлі рыбы ў густой траве і ў чароце - самабытны экспанат музея старажытнабеларускай культуры.

Запасалі нашы прашчуры не толькі вугра ці ўюна, але і многія іншыя віды рыбы, што лавілі ў вадаёмах. У азёрах трапляліся сіг, сялява (рапушка), сняток (корушка). У рэках - мінога ручайная, гальян, гарчак, быстранка. Паўсюль - шчупак, плотка, язь, галавень, чырванапёрка, срэбны і залаты карась, жэрах, верхаводка, гусцяра, лешч. Рыбакам быў добра знаёмы лянівы вусаты сом, чорна-ліловы мянтуз, жвавы судак, гарэзлівы акунь і задзіра-ёрш. Два апошнія добра «суседнічаюць» у юшцы. З непрамысловых варта прыгадаць яльца, верхаводку, печкура. Ды хіба ўсіх пералічыш?

Ёсць і такія, што сёння цяжка ўжо сустрэць. Вось, напрыклад, бялізна (жэрах). Пра яе гаварылі, што мае падабенства з белаю рыбай, ловіцца ў Сажы, Остры і Бесядзі. У Сажы можна патрапіць і на выразуба - рыбіну, чымсьці падобную да сазана. З усіх беларускіх рэчак самай багатай на мірона лічылася рака Проня. На Іпуці часцей за ўсё можна было сустрэць гальца з роду печкуроў. Зрэдку і асётр заходзіў з Дняпра ў Сож. А вось лінь (лін), якога мясцовыя жыхары ласкава называюць ляскушкаю, водзіцца паўсюдна.

З Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак можна даведацца, што рыбу ў розных мясцінах называлі па-рознаму. Так, рыбакі казалі: "Злавіў шчупака, шчуку, кожушка". Таго ж шчупака, які ідзе на нераст у сакавіку, маглі зваць марцоўкай, у красавіку - апралёўкай. Каласавіком звалі ляшча, які нерастуе ў час каласавання жыта. Мянтуз, мень, мяк, калека, вягал - гэта ўсё мінёк. Яжгур, саплівец, слюньцяй, сморкач - звычайны ёрш. Віюн, ваюн, вілюн, юн, піскун, сліж, сліжык, кроўж - уюн. Вугорыя, бугор, вангор, вэнгор, даўгар - вугор.

Даўней разнастайнай рыбы розных памераў і смакавых якасцей было вельмі многа, гаворыць Аляксей Ненадавец. Вядома, што ў Бярэзіне ў ХVI - пачатку ХVII стагоддзя лавілі нават сцерлядзь. Ды такую, што рыбіну грузілі на двое саней, бо важыла яна больш як тону. Сёння гэта здаецца неверагодным.

"Лавілі ўюноў у човен, улоў перасыпалі ў зрэбныя мяхі і потым на плячах цягнулі іх дахаты".

Найбольш багатыя на рыбу, паводле этнографаў і фалькларыстаў Казімера Машынскага і Часлава Пяткевіча, былі азёры Князь-возера (альбо Чырвонае), Белае, Пагост, Нарач, Дрывяты, Свіцязь, Свір і інш. Нават у "божых" вадаёмах (так Аляксей Міхайлавіч называе балоты) шмат было шчупака, ліня, уюна.

Традыцыйна рыбацкі аматарскі промысел лічыўся сямейным заняткам. У гэтым была свая жыццёвая логіка, бо належала стварыць запас рыбы на зімовыя месяцы.

- Мой бацька добры рыбак, таму ў нас кожную зіму два-тры вялізныя мяхі сушанай рыбы стаялі на печы, - згадвае навукоўца. - Бывалі гады, што свінні дохлі ці іншая навала якая, і сялянам выжываць прасцей выпадала побач з рыбай. Яна была вельмі танная: пяць кілаграмаў каштавалі як бохан хлеба. А сёння наадварот - кіло рыбы як пяць хлебных боханаў.

Ні ўзад ні ўперад - і гэта не нерат

Археолагі запэўніваюць: вытокі рыбалоўства на тэрыторыі сучаснай Беларусі пачынаюцца недзе яшчэ ў эпоху палеаліту. Гэта пацвярджаюць знаходкі падчас раскопак на месцах Юравіцкай, Елісееўскай і Юдзінаўскай стаянак першабытных людзей. Сярод артэфактаў сустракаюцца немудрагелістыя касцяныя прылады, на якіх схематычна пазначаны выявы рыб. Цікавую знаходку выявілі ў культурным пласце ў Елісеевічах. Гэта крышталікі вачэй рыб. А на месцы паселішча Камень-8 адшукалі цэлую калекцыю касцяных кручкоў. Увогуле археолагі часта на раскопках знаходзяць косткі рыбы, кручкі для лоўлі, у тым ліку металічныя.

Падчас археалагічных даследаванняў Мінскага замчышча сярод археалагічных трафеяў апынуліся астанкі ляшча, сома, жэраха і акуня. Вучоныя кажуць: Свіслач працяглы час была галоўнай крыніцай "жывога срэбра" для Мінска. Вядома, што ў XVII стагоддзі тагачасныя аматары рыбалкі вудзілі ў рацэ велізарных шчупакоў, судакоў, ляшчоў, акунёў і плотак. Хапала і рознай драбязы: верхаводак і акунёў-паласацікаў напрыклад.

Лавілі рыбу не толькі з берага. Старадаўні човен можна ўбачыць у музеі старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук. Тут і самабытныя рыбалоўныя прылады. Сярод звычайных сетак сустракаюцца досыць цікавыя прыстасаванні, якія сведчаць аб вынаходлівасці і кемлівасці нашых продкаў. Яны падзяляліся на невады, сеткі, стаўныя пасткі, рухомыя пасткі, кручковыя снасці і ўдарныя прылады. Вылучалі зімовыя і летнія рыбалоўныя прылады. Напрыклад, на ўсходзе сучаснай Беларусі выкарыстоўвалі так званыя бучы - сплеценыя ці зробленыя з лучыны варонкі, якія апускалі ў палонкі пад лёд, закрывалі зверху галлём і саломаю, снегам. Бучамі лавілі ў асноўным малую рыбу і ўюноў. Апошніх вылоўлівалі яшчэ падсакамі ці шчыльнымі таптухамі. Гэта было зручна, бо з таптухай і адзін чалавек мог управіцца. Не тое што з кломляй - прыладай у выглядзе трохграннай прызмы, абцягнутай сеткай, апроч адной бакавой грані.

- У нас на Піншчыне бучы, што ставілі ноччу на ўюноў, называлі кошалкамі, - расказвае Аляксей Ненадавец. - Конусападобныя прыстасаванні былі сплецены з лазовых прутоў: чаго ўжо чаго, а гэтага дабра ў балотах заўсёды хапала, і карысталіся нашы людзі лазою раней па-майстэрску. Правяралі кошалкі сама меней раз у суткі. Асцерагаліся, каб рыба, што туды патрапіла, не сапсавалася.

Неяк Аляксей Міхайлавіч вырашыў адшукаць арыгінальную кошалку. Але колькі ні абышоў сядзіб былых рыбакоў ці іх нашчадкаў, усюды людзі разводзілі рукамі. Рыбацкія прылады аказаліся непатрэбныя, іх павыкідвалі ці спалілі. Жаданы прадмет пашанцавала напаткаць гады чатыры таму. Але і тут чакала расчараванне, бо кошалка была ўсяго толькі навадзелам, які дэманстраваўся на адным з мясцовых фальклорна-этнаграфічных аглядаў.

Брэдзень - яшчэ адна ўлюбёная рыбацкая прылада, якую выкарыстоўвалі з даўніх часоў. Дарэчы, можа скласціся ўражанне, што рознага кшталту прыстасаванняў для рыбалкі незлічоная колькасць, але "хітрасць" у тым, што адны і тыя ў розных мясцінах называлі па-свойму. Рыбалоўная крыга была кломляй, брэднем і трайнікам. Венцер - гэта ўсё той жа нерат, мерат, яцер, верша, жак, кош, буч. Кручок у вудзе - зазубень, гачок, вудка і зачэп, палатно для рыбалоўных сетак - сець, сетка, ценета, рэдзь, рэзь, рэж.

"Сялянам выжываць прасцей выпадала побач з рыбай".

- У нашай вёсцы на беразе Пагосцкага возера ўсе жыхары выходзілі ў ноч на нераст са сваімі сеткамі. Чаўноў не менш як 600 было, - расказвае Аляксей Ненадавец. - І ў кожнага раніцай ён быў поўны. Часта людзі потым рыбай абменьваліся як натуральным таварам. Мы ўлоў на Дабраслаўку вазілі, а там бацьку давалі нейкія піламатэрыялы.

Намеснік начальніка Мінскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Аляксей Сырцоў.
Намеснік начальніка Мінскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Аляксей Сырцоў.

Вялізны кручок таўшчынёй з палец і ў даўжыню сама меней сантыметраў трыццаць патрабаваўся, каб ісці на сома. Калісьці на яго чаплялі цэлую абскубаную качку і закідвалі ў вір, дзе запрыкмецілі рыбу-гіганта. Дзівіцца тут няма чаму: сустракаліся сапраўдныя волаты. У XVI стагоддзі ля Полацка злавілі сома, які заважыў 15 пудоў. Расказваюць, што значна пазней, недзе ў пачатку ХІХ стагоддзя, у Дняпры ля Оршы злавілі васьміпудовага сома. У нашы дні такія гіганты ўжо не трапляюцца, але шчасце рыбацкае часам усміхаецца і ўдаецца выцягнуць велізарную рыбіну.

Як і раней, ловяць сёння сома на "квок". Драўлянай лыжкай, падобнай да апалоніка, лёгка б'юць па вадзе, і на яе паверхні чуецца выразнае "квоканне", што прыцягвае ўвагу рыбы. А яшчэ яе вабіць прынада. Раней звычайна гэта было жабіна мяса. Далёка не ўсе рыбакі маглі ўдала паляваць на сома: лічылася вялікім майстэрствам, сакрэты якога перадавалі ў спадчыну.

Сетка на 172 кіламетры

Рыбнае багацце не бясконцае. Бясспрэчны факт, таму дзяржава клапоціцца пра захаванне і павелічэнне каштоўнага прыроднага рэсурсу, рацыянальнае яго выкарыстанне. Толькі за два апошнія гады ў рыбалоўныя ўгоддзі краіны "пасялілі" 150 тон рознаўзроставага так званага пасадачнага матэрыялу, паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення прамысловай жывёлагадоўлі і рыбагаспадарчай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Вольга Барэйша. Гэта карп, шчупак, таўсталобік, карась і іншыя віды.

Цікава і тое, што з гадамі аматараў рыбалкі менш не становіцца. Як адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення палявання, рыбалоўства і турызму Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Уладзімір Казлоўскі, іх у краіне амаль мільён чалавек. Такім чынам, практычна кожны дзясяты жыхар Беларусі захапляецца аматарскім рыбалоўствам. Тры тысячы з іх аддаюць перавагу падводнаму паляванню.

Ён жа і старшы інспектар аператыўнага аддзела Уладзіслаў Вярэміч на Свіслачы.
Ён жа і старшы інспектар аператыўнага аддзела Уладзіслаў Вярэміч на Свіслачы.

Значна змяніўся арсенал прыстасаванняў для рыбалкі. Нераты, брэдні і плывуны сёння не выкарыстоўваюць. Вуда ці спінінг - галоўная зброя сучасных рыбакоў. Затое больш увагі цяпер надаюць прыкормліванню рыбы. У профільнай краме заўсёды знойдуцца патрэбныя прыкормкі - для карася, ляшча ці ўвогуле ўніверсальная, што падыдзе для ўсіх відаў рыб.

- Многае цяпер інакш, - канстатуе прафесар Аляксей Ненадавец. - Некалі вуды лічылі панскімі прыстасаваннямі. За такую лоўлю нават высмейвалі. Затое ў возеры можна было смела лавіць брэднем метраў 30-40 ад берага і за гэта ніхто не караў. Ці нават голымі рукамі. І такім манерам многа лавілі. Мой прашчур найслаўнейшым сярод мясцовых рыбакоў быў, часам браў драўляныя вілы двума рагамі, якімі пароў-калоў разгульных шчупакоў.

Сеткамі ловяць цяпер галоўным чынам у рыбалавецкіх гаспадарках. Звычайна там ёсць уласная вытворчасць, дзе соляць, сушаць, вэндзяць рыбу, робяць з яе кансервы. Развіваюць і даволі новы для нашай краіны прамысловы напрамак - разводзяць асятровых. Асётр, бялуга, сцерлядзь, весланос маюць высокі экспартны патэнцыял. Асноўныя вытворцы каштоўнай прадукцыі - рыбгасы "Сялец", "Волма" і агракамбінат "Нясвіжскі". Аб'ём яе вытворчасці пакуль не большы за 200 тон, але для пяці-шасці гадоў гэта добры вынік, лічыць Вольга Барэйша.

Вельмі распаўсюджаны сажалкавыя гаспадаркі. Тут разводзяць карпа, сазана, карася. Часам запускаюць весланоса, шчупакоў. І хоць на некаторых арэндных вадаёмах бяруць плату за аматарскую лоўлю, гэта ніякім чынам не стрымлівае захопленых людзей. Іх, заўзятых аматараў рыбалкі, відаць здалёку. Яны добра экіпіраваны, маюць шмат розных прылад, прыкормак і прынад. Для большасці з іх гэта прыемнае баўленне часу, прыгода. Часам можна ўбачыць, як, злавіўшы ладную рыбіну, яе фатаграфуюць і выпускаюць у родную стыхію.

Сапраўдныя рыбаловы таксама здалёку бачаць і тых, хто рыбачыць не па правілах, парушае закон. З такім цырымоніцца не будуць. На вадасховішчах ці буйных азёрах найчасцей ловяць спінінгам з чоўна ўдалечыні ад берага. Як жа яны злуюцца, калі нават там, на прыстойнай глыбіні, чапляюць на кручок не судака ці шчупака, а рыбалоўныя сеткі, якімі браканьеры абляпілі клёвае месца.

Залатая рыбка, няйначай: парушэнне правіл аматарскай рыбалкі - лоўля забароненай прыладай - абышлося ў 25 рублёў.
Залатая рыбка, няйначай: парушэнне правіл аматарскай рыбалкі - лоўля забароненай прыладай - абышлося ў 25 рублёў.

- У падобнай сітуацыі трэба быць вельмі асцярожнымі, - раіць намеснік начальніка Мінскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Аляксей Сырцоў. - Бо калі інспектар зафіксуе на відэакамеру, як вы выцягваеце гэтую сетку (не вашу, але як дакажаце?), будуць праблемы. А калі яшчэ і рыбіну якую возьмеце, дык стапрацэнтна трапіце на штраф.

Найлепшым выйсцем будзе адрэзаць кручок і патэлефанаваць у інспекцыю, паведаміць каардынаты месца, дзе зачапіліся за сетку. Цікава, што за год ад нераўнадушных грамадзян паступае недзе каля пяці тысяч паведамленняў аб парушэннях у прыродаахоўнай сферы. У большасці выпадкаў інфармацыя пацвярджаецца. Са студзеня па май супрацоўнікі Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь выявілі 610 парушэнняў правіл рыбалоўнай гаспадаркі і аматарскага рыбалоўства. Больш за ўсё іх зафіксавана ў Гомельскай (135) і Віцебскай (110) абласцях, найменей - у Гродзенскай (42). На Міншчыне выяўлена 114, а на Магілёўшчыне - 101 парушэнне. Інспектары лічаць: справа не ў законапаслухмянасці насельнікаў таго ці іншага рэгіёна, а ў плошчах рыбалоўных угоддзяў. На Гомельшчыне і Віцебшчыне, як вядома, яны найбольшыя ў краіне.

За пяць месяцаў дзяржінспекцыя канфіскавала больш як 4,5 тысяч рыбалоўных сетак. Калі расцягнуць іх, то атрымаецца 172 кіламетры і 56 метраў, акурат ад Мінска да Глуска ці Светлагорска.

Бінокль, цеплавізар, квадракоптар

У чэрвені разам з супрацоўнікамі Мінскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету мы пабывалі ў рэйдзе. Звычайна гэты месяц для заўзятых рыбакоў не ўяўляе асаблівай цікавасці. Рыба не такая актыўная, як, дарэчы, і ў жніўні. Толькі скончыўся нераст. Але на лоўлю сома забарона распраўсюджвалася да першага ліпеня.

Недзе на 80-м кіламетры ад сталіцы звярнулі на лясную дарогу. Кіравалі да Свіслачы, на клёвыя месцы, дзе можна і ў гэты час сустрэць аматараў рыбалкі. Сцвярджаюць, што тут лёгка можна падчапіць ляшча, гусцяру, плотку, галаўля, уклейку, акуня. Сустракаюцца ёрш-насар, сом і, вядома, шчупак.

Бінокль, цеплавізар, квадракоптар, маторная лодка - неад'емныя складнікі інспектарскага рэйду. Так што застацца незаўважаным у парушальніка шанцы мізэрныя. Можна сказаць, яны адсутнічаюць цалкам. Дрон, набраўшы вышыню, адлятае ўбок ажно на два кіламетры. Інспектар уважліва адсочвае інфармацыю на экране пульта. Пакуль усё спакойна. Ніхто не хавае забароненыя прылады, найперш сеткі, і незаконна здабыты ўлоў. Нам тлумачаць, што парушальнікі актывізуюцца падчас нерасту. Рыба тады падыходзіць амаль да берага, яе можна браць нават рукамі, чым і карыстаюцца нядобрасумленныя людзі.

"Калі яшчэ і рыбіну якую возьмеце, дык стапрацэнтна трапіце на штраф".

Здараецца, каб дачакацца гаспадара сеткі, інспектары сядзяць у засадзе ўсю ноч. Сёлета на Плешчаніцкім вадасховішчы ў Лагойскім раёне адзін такі "рыбалоў" паставіў ажно 100-метровую прыладу. Ці не суткі з нецярплівасцю разлічвалі на сустрэчу з ім супрацоўнікі дзяржінспекцыі, але той, відаць, прадчуваючы нядобрае, не з'явіўся. Тры дзясяткі карасёў-прыгажуноў, што рухаліся на нераст і трапілі ў браканьерскую сетку, адпусцілі ў вольнае плаванне.

Як падлічылі спецыялісты дэпартамента аховы рыбных рэсурсаў і паляўнічых відаў жывёл Мінпрыроды, штогод без негатыўных наступстваў для навакольнага асяроддзя можна лавіць каля чатырох тысяч тон рыбы. Інакш кажучы, мы маем багацце, якое ў літаральным сэнсе плыве да нас у рукі: 54 віды рыб, што насяляюць 20 тысяч рэчак і ручаёў, 11 тысяч азёраў, 150 вадасховішчаў і амаль 1,4 тысяч сажалак. І нам трэба яго захаваць, а яшчэ лепей прымнажаць для наступных пакаленняў. Бо гэта наша традыцыя, з якой звязаны вялікі пласт не толькі матэрыяльнай, але і духоўнай культуры беларусаў.

| Сняжана МІХАЙЛОЎСКАЯ, часопіс "Беларуская думка", фота Віталія ПІВАВАРЧЫКА, з архіваў БЕЛТА і Аляксея НЕНАДАЎЦА.

Чытайце таксама:

Летняя рыбалка. 21 фото, из-за которого сразу же хочется купить удочку

Самые страшные жители подводного мира: 10 пугающих фото

Лодки, палатки и пикники в лесу. 13 архивных фото сплава на байдарках

Теги
рыбалка
Новости рубрики Калейдоскоп
Топ-новости
Свежие новости Беларуси