ГОСОРГАНЫГОСОРГАНЫ
Флаг Воскресенье, 16 июня 2024
Минск Малооблачно +18°C
Все новости
Все новости
Регионы
19 мая 2023, 17:09

Там, дзе Лані выток. Наведалі адну з гаспадарак Нясвіжскага раёна, і вось што пабачылі

Вясна!.. Куды падацца? Вядома, у вёску - на ўлонне прыроды, туды, дзе надыход гэтай пары мае пэўны сакральны сэнс, бо распачынаецца чарговы земляробчы цыкл, які знітоўваецца ў адвечнае кола чалавечага клопату на зямлі.

"Ну што, прыехалі ў вясну?"

Першая спроба аказалася няўдалай. На самым прыканцы сакавіка зіма раптам спахапілася, што была занадта добранькай у адведзены ёй час, зноў "парадавала" снегам з дажджом і галалёдам.

- Прыязджайце, бо не факт, што іншым разам не будзе тое ж самае, - пераконваў дырэктар ААТ "Лань-Нясвіж" Нясвіжскага раёна Сяргей Сямашка.

Не паслухалі разумнага чалавека. Надта ж карцела "прыехаць у вясну". Дамовіліся тыдзень пачакаць. Сапраўды - снег як карова языком злізала, пацяплела. І на табе - у дзень камандзіроўкі раніцою выглянуў у акно і вачам не паверыў: Мінск зноў заснежыўся, пацепваючыся ад сівернага, пранізлівага ветру.

- Ну што, прыехалі ў вясну? - смеючыся сустрэў нас Сяргей Мікалаевіч. - Не ў прыклад вам, гараджанам, для нас гэта нават добра. Азімыя, дзве з паловай тысячы гектараў, падкармілі. Тэхніка гатовая: грошай уклалі досыць - усю адрамантавалі. Вывозім арганіку ды надвор'я чакаем, каб сеяць (размова адбывалася 4 красавіка. - аўт.).

Дырэктар, відаць па ўсім, задаволены, як гаспадарка падрыхтавалася да веснавых палявых работ - "зрабілі ўсё, што неабходна, і нават больш". Шмат грошай выдаткавалі сёлета на ўгнаенні. Пайшлі ў ход і ўласныя сродкі, і крэдытныя, і Гарадзейскага цукровага камбіната - пад будучы ўраджай буракоў.

"Усё павінна "скакаць" у комплексе, з улікам розных "нюансікаў"

Дырэктарскі кабінет - прасторны, светлы і ўтульны. Ля ўвахода, у куце - ікона з выявай святой, заступніцы земляробаў. На сцяне насупраць акна - карціна-пейзаж мясцовага мастака. У цэнтры, над рабочым сталом, - партрэт Прэзідэнта.

- Дзе-небудзь бачылі такі? - пытае Сямашка. Кіраўнік дзяржавы на партрэце са шчырай і добрай усмешкай, прамяністымі вачыма.

Дырэктар ААТ "Лань-Нясвіж" Сяргей Сямашка
Дырэктар ААТ "Лань-Нясвіж" Сяргей Сямашка

- Жывы чалавек, пазітыўны, - дырэктар пільна, быццам упершыню, вывучае партрэт. - Так павінна быць. І працаваць тады хочацца. Можна так ці інакш ставіцца да кіраўнікоў розных краін, а ў нас Прэзідэнт той, хто трэба. І ўсё для людзей робіць - талкова, па справе. Гэта лінія і праз усё Пасланне праходзіць, чытаецца між радкоў. Як была ў нас краіна сацыяльна арыентаваная, такой і застанецца. А што гэта значыць? Тое, што чалавек адчувае абарону дзяржавы, яе дапамогу і падтрымку ва ўсім. Магчыма, штосьці будзе крыху мяняцца ўправа ці ўлева, жыццё ж не стаіць на месцы. Але ўсё роўна клопат пра чалавека працы застанецца асновай палітыкі нашага Прэзідэнта.

"Згадайце, што Прэзідэнт пастаянна гаворыць: зарплату трэба зарабляць".

Генеральнай лініі Сямашка трымаецца бездакорна. Летась у гаспадарцы выплацілі больш як 800 тысяч "сацыяльных" рублёў паводле калектыўнага дагавора. Ці не адзіныя ў раёне тут рабілі даплаты па лістках непрацаздольнасці да 100 % за першыя дні хваробы. Грошай для людзей не шкадуем, заяўляе дырэктар. Сярэдні заробак за мінулы год склаў 1400 рублёў.

- Не надта вялікі, хоць і вырас, - пагаджаецца са мной Сяргей Мікалаевіч. - Але ж аднекуль грошы трэба браць, так? Адкуль? Згадайце, што Прэзідэнт пастаянна гаворыць: зарплату трэба зарабляць.

ААТ "Лань-Нясвіж", як прынята казаць, у раёне сераднячок. Але сераднячок моцны і, што немалаважна, мэтанакіраваны. Малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, збожжа, бульба, рапс і цукровыя буракі - віды дзейнасці, з якіх складаецца эканоміка сельгаспрадпрыемства. І тут усё, паводле слоў Сямашкі, павінна "скакаць" у комплексе, з улікам розных "нюансікаў", якія часам моцна б'юць. Некаторыя засталіся ў спадчыну, а найбольш "нюансікаў" падкідвае жыццё. Рэагаваць трэба хутка і разумна, пралічваючы свае дзеянні на некалькі хадоў наперад.

З пачатку года праз канкурэнцыю расійскіх вытворцаў знізілася закупачная цана на свініну - з 6,50 да 5,75 рубля за кілаграм. Здавалася б, усяго 75 капеек, але для гаспадаркі, дзе прыбытак ад рэалізацыі свініны ў грашовым выражэнні даходзіць да 70 %, гэта вельмі значна. Тут вялікі свінагадоўчы комплекс - ажно на 24 тыс. галоў, але стары, хапае ў ім "балячак". Добра, што камбікорм уласнай вытворчасці, у гэтым выйгрыш: мінусаў па рэнтабельнасці няма.

- Усё ж памеркавалі, палічылі і прыйшлі да высновы: найбольш выгадны варыянт - развіваць вытворчасць малака, - расказвае Сяргей Сямашка. - Пайшлі на павелічэнне дойнага статка і будуем комплекс на 800 галоў. Нельга дапусціць падзення вытворчасці, бо гэта недаатрыманне выручкі, а значыць, грошай на развіццё, на зарплату, на новую тэхніку. Урэшце, любое сельгаспрадпрыемства, як і наша, уносіць свой уклад у эканоміку раёна і краіны ў цэлым. Лічы, задача дзяржаўнай важнасці!

Новы малочнатаварны комплекс у Лані ўзводзіць Нясвіжская ПМК. Да зімы павінны здаць. Дырэктара сельгаспрадпрыемства асабліва цешыць, што будаўніцтва абыдзецца не надта дорага. Руплівы гаспадар, ён звык лічыць кожную капейку. Цяпер узяўся за мадэрнізацыю цэха перапрацоўкі, бо пераканаўся, што справа таго вартая: апошнім часам попыт на прадукцыю расце. З раённых кірмашоў штораз прывозяць да 10 тыс. рублёў, і людзі бясконца пытаюць, калі з Лані прыедуць яшчэ. Запусцілі капцільню, набылі шэраг іншага тэхналагічнага абсталявання, каб пашырыць асартымент.

- Пальцам каўбасы дакладна не пхаем, - смяецца Сямашка. - Хоць ёсць і такія ў асартыменце. Яшчэ вырабляем фарш, разнастайныя паўфабрыкаты - да тоны свініны перапрацоўваем за дзень. Спецыі, соль - усё натуральнае. Калі "Лань", то павінна гучаць! Фірмовы гандаль абавязкова арганізуем, але тут. Хай прыязджаюць, каму трэба.

"З людзьмі трэба быць не тое што добранькім, а свой гнеў стрымліваць"

"Тут" - гэта ў сталоўцы аграгарадка, дзе ёсць буфет. Цяпер у памяшканні завяршаюць капітальны рамонт. І дырэктарскі падыход да гэтай справы, прызнацца, уражвае. Якая сталоўка?! Мінімум кафэ на 80 месцаў з сучаснай мэбляй і абсталяваннем, новай сістэмай ацяплення. Нават каву збіраюцца варыць "найлепшую на Міншчыне" - набылі італьянскі апарат. Будзе дзе вяскоўцам адзначаць юбілеі, дні нараджэння ды вяселлі!

- Леанідаўна, золатца… - звяртаецца па тэлефоне да нябачнай суразмоўцы Сяргей Мікалаевіч. - Прынясіце мне зараз тыя паперы, што прасіў.

Злавіўшы мой зацікаўлена-здзіўлены позірк, усміхаецца.

- З людзьмі трэба быць не тое што добранькім, а свой гнеў стрымліваць, - разважае дырэктар. - Голас у мяне не ціхі, але стараюся не павышаць. Раней, можа, быў крыху гарачы. Цяпер больш ураўнаважаны, стрыманы. Што з таго, што сапсуеш настрой сабе і чалавеку на ўвесь дзень? Які з яго работнік тады?

Памочнік брыгадзіра МТК "Лань" Марына Барысенка ў гаспадарцы дзевяць гадоў. Дачка і зяць таксама працуюць тут
Памочнік брыгадзіра МТК "Лань" Марына Барысенка ў гаспадарцы дзевяць гадоў. Дачка і зяць таксама працуюць тут

Сямашку 55. Нядаўна адзначыў. У такім узросце жыццёвая і прафесійная мудрасць набывае самы смак. Часам цягне паразважаць, згадаць маладыя гады, параўнаць.

"Што з таго, што сапсуеш настрой сабе і чалавеку на ўвесь дзень?"

Ён з Рачкавіч Слуцкага раёна, тых самых, дзе дагэтуль хлопцы грымяць сваімі рэкордамі на жніве. З сямі гадоў з бацькам на трактары. Той быў сапраўдны рабацяга, знатны механізатар: на жніве заўсёды першы на сваім "Доне". Ці разлічваў, што сын пойдзе па яго слядах? Хто ведае. Толькі Сяргей пасля школы панёс дакументы ў педагагічны і ўжо ў прыёмнай камісіі спахапіўся: маўляў, які з яго настаўнік фізікі. Бацькава навука ўсё ж перамагла - скончыў політэхнічны інстытут у Мінску. Тэрміновую адслужыў падчас вучобы: тады прызывалі пасля першага курса. Пажаніліся студэнтамі. Яму было 20, ёй, дзяўчыне з суседняй вёскі Бялевічы, будучаму медыку Валянціне - 19.

- Адчулі, што гатовы стварыць сям'ю, адказна паставіліся, - усміхаецца Сяргей Мікалаевіч.

Неўзабаве новаспечаныя інжынер-механік-канструктар і медык з малым дзіцем на руках адправіліся ў Жодзіна па размеркаванні на БЕЛАЗ, дзе ім далі ад варот паварот. Кінуліся на Мінскі трактарны завод, на МАЗ - тое ж самае. Ішоў 1992 год…

- Гэта сёння з маладымі спецыялістамі носяцца часам як з дзецьмі малымі, - гаворыць Сямашка. - І працоўнае месца табе, і зарплату стараюцца падцягнуць, і жыллё. А тады ты быў нікому не патрэбен, развал панаваў і неразбярыха.

Вярнуліся на малую радзіму. Каб неяк зводзіць канцы з канцамі, бо зарплату затрымлівалі па два-тры месяцы, давялося маладой сям'і трымаць вялікую гаспадарку. Мо той складаны час і загартаваў яго. А яшчэ натхняла вялікае каханне, быццам лёс падарыў яму найвялікшую ў свеце "валянцінку". І самае любімае жаночае імя ў Сямашкі зразумела якое. Але не толькі таму, што яго носіць любімы чалавек. І дачка Валянціна, і мама, і бабця…

- Не ўмеюць цяперашнія маладыя жыць нармальна, - вяртае мяне з летуценна-замілаванага стану Сяргей Мікалаевіч. - Ім дай усё і адразу. "Кідаю працу, бо мала плацяць…" А трэба падумаць пра перспектыву, раскласці ўсё спачатку па палічках, узважыць за і супраць. Паверце, адразу высветліцца: у лепшым выпадку тое на тое выходзіць. Моладзь гарачыцца.

- А самі не такі былі?

Сямашка красамоўна маўчыць. Значыць, не такі.

Чытайце таксама:

Как научить ребенка читать в три? Секреты семьи, в которой четыре поколения учителей

От графа Паскевича-Эриванского до наших дней. Как ухаживают за белорусскими лесами?

Как собака-спасатель чувствует себя в вертолете? Побывали на тренировке авиации МЧС

"Яны ж вучыліся сваёй справе. Як я магу камандаваць заатэхнікам?"

З паперы, што прынесла Леанідаўна-золатца, вынікае: з 300 працаўнікоў гаспадаркі 44 ва ўзросце да 31 года. Моладзь, працоўная змена значыць.

- Адток на горад ідзе, што тут казаць, - уздыхае дырэктар. - У адзін бок у нас Нясвіж, восем кіламетраў, у другі - Клецк, 12 кіламетраў. Да Мінска 120. Але такой бяды, іншае турбуе. Заканчваюць тое, што трэба, але працуюць не там, дзе павінны. У Смілавічах у аграрным каледжы першае пытанне мне: "Калі я стану дырэктарам?" Хіханькі-хаханькі! А ведаеце, чаму так? Таму што ідуць вучыцца па прынцыпу "хоць куды, абы паступіць". Адвучуся, а там жыццё пакажа.

Настаяцель царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы а. Васілій
Настаяцель царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы а. Васілій

З малых гадоў прывучаны да працы і самастойнасці, Сямашка такую легкадумнасць і бесшабашнасць зразумець не можа. Дый не хоча. Не магу стрымацца, каб не нагадаць кіраўніку, што праблема замацавання моладзі ў вёсцы як адвечная песня, цягнецца з савецкага часу.

- Трэба найперш думаць пра людзей мясцовых, што мы і робім, - гаворыць Сяргей Мікалаевіч. - Не пра розных перакаці-поле, а пра тых, хто працуе сумленна, на каго можна палажыцца. Каб яны працавалі ў гаспадарцы, і дзеці іх заставаліся на роднай зямлі, і ўнукі. Як у "Снове". Там людзі ў агонь і ваду за сваю гаспадарку і за працу. І працуюць як нідзе. Бо гэта традыцыя, яна з пакалення ў пакаленне перадаецца.

Касцяк - галоўныя спецыялісты. У Сямашкі прынцып такі: кожны павінен працаваць у сваім кірунку, а яго клопат - стварыць такія ўмовы, каб рабілі гэта з максімальнай аддачай і не баяліся браць адказнасць на сябе, не хаваліся за дырэктарскія плечы.

- Яны ж вучыліся сваёй справе. Як я магу камандаваць заатэхнікам? Можам параіцца, не больш за тое, - паціскае плячыма Сяргей Мікалаевіч.

Нясвіжскі раён адзін з найлепшых, і, адпаведна, суседзі "Лань-Нясвіжа" тыя яшчэ! Сямашка з гэтай нагоды не камплексуе. Наадварот, упэўнены, што спаборніцтва з больш моцнымі гаспадаркамі - нармальная і нават патрэбная з'ява. Бадзёрыць, як ён кажа.

- Глядзім, што і як суседзі робяць. Трэба цягнуцца да іх, - гаворыць мой суразмоўца. - Леташнія 56 цэнтнераў з гектара - гэта не наша ўраджайнасць. У суседнім "Новым жыцці" да сотні, у "Грыцкевічах" - пад сто, "Сноў" жа… Свае праблемныя моманты ведаем, працуем.

"Далей ад зямлі не стаў. Ніколі не трэба ад яе адрывацца".

Гаспадарку Сяргей Сямашка ўзначаліў у снежні 2018 года. Дагэтуль працаваў намеснікам дырэктара. Адказнасці паболела, зразумела. Працоўны дзень значна ўшчыльніўся. Пад'ём, як звычайна, а 5-й. А ўвечары справы завяршае як атрымаецца. Але не раней, смяецца дырэктар, як кароў падояць на дзвюх малочнатаварных фермах.

- Далей ад зямлі не стаў. Ніколі не трэба ад яе адрывацца, - філасофствуе ён, спускаючыся разам са мной па лесвіцы з другога паверха адміністрацыйнага будынка. - І ў любой сітуацыі заставацца чалавекам. Можна плюнуць наперад і назад, але ж зямля круглая: дакладна выпацкаешся сваім брыдоццем. А галоўнае - каб вайны не было. Будзем мірна араць і сеяць, толькі б не выворваць з зямлі снарады. Лепей камяні ўжо збіраць, іх тут на палях хапае.

"У першым класе на трактары ўжо ездзіў"

Во дзіва! Пакуль размаўлялі ў кабінеце, на дварэ зноў "здарылася" вясна! Яркая сонечная паласа высвеціла вялікі валун з металічнай шыльдай. Памятны знак паставілі летам 2019-га, калі адзначалі 500-годдзе Лані. У параўнанні з Нясвіжам Лань - маладзіца: райцэнтру сёлета 800 гадоў.

- Пасля зімы, як звычайна, усюды наводзім парадак. А тут, у цэнтры аграгарадка, зробім дзіцячую пляцоўку, зону адпачынку. Сёлета асабліва ўзяліся за добраўпарадкаванне ва ўсіх населеных пунктах, на вытворчасці. Трэба як след падрыхтавацца да свята, - гаворыць Сямашка.

- Што, зноў?

- 17 жніўня нашаму сельгаспрадпрыемству 75, - з гонарам вымаўляе дырэктар.

Недалёка галоўная мясцовая славутасць - царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы канца XIX стагоддзя. Настаяцель храма айцец Васілій (а ён тут з 1992 года) расказаў, што царкоўны іканастас унікальны, такога больш у Беларусі няма. Некалі білі ў звон вагою 300 кілаграмаў, які чуваць было нават у Нясвіжы і Клецку. Але ў гады жорсткага змагання з "опіумам для народа" яго некуды звезлі. Цяпер на званіцы не такі магутны, але "людзі чуюць яго", запэўніў бацюшка. Ну то добра!

Арцём і Генадзь Карпачы
Арцём і Генадзь Карпачы

А нам варта паспяшацца на мехдвор, дзе нас зачакаліся ўжо бацька і сын Карпачы. Генадзь Яўгенавіч - механізатар, 35-ы сезон у гаспадарцы (тут чамусьці ўсе кажуць "сезон", а не "год", і дырэктар таксама). Арцёму - 27, ён механік, скончыў аграрна-тэхнічны ўніверсітэт.

- Ён са мной з дзяцінства, у першым класе на трактары ўжо ездзіў, - Карпач-старэйшы з гонарам глядзіць на сына. - Трэба, каб нас нехта мяняў, як жа іначай.

У Арцёма сям'я - жонка і двое дзяцей: трохгадовы Міша і Ясенія, якой паўтара годзіка. Здымаюць кватэру ў Нясвіжы і чакаюць, што неўзабаве атрымаюць у Лані катэдж - "у нас пра людзей клапоцяцца".

- У гаспадарцы трэба працаваць, і тады будзеш зарабляць, - разважае сын. - Я, хоць механік, працую летам на камбайне.

- Жонка, відаць, задаволена?

- Трохі не, бо мяне дома не відаць. А што зробіш? Сезон пачынаецца і ўсё. Атрымаў новы камбайн летась - КЗС-2124. Ад цямна да цямна, пасля збожжавых кукуруза месяц яшчэ. Летам адпачыць бы, з дзецьмі час бавіць, але і гаспадарку не кінеш.

"У нас у сям'і менавіта так: ідзём за галавой, прыклад з бацькі бяром".

- Моладзь, можа, так ужо не хоча - улетку па 12-14 гадзін упрагацца, а ў нас гэта ў крыві, - падхоплівае бацька. - Хочацца, каб і маладыя разумелі, што такое праца на зямлі. Я ўвесь час кажу нашым хлопцам: шумелі там недзе ў 20-м, перамен хацелі - было б цяпер як ва Украіне. А людзі ад зямлі, яны разумна думаюць, без гарачкі. І наш Прэзідэнт мне падабаецца тым, што вельмі ўцягнуты ў сельскую гаспадарку. І кантралюе, і дапамагае, часта бывае на вёсцы. Клапоціцца пра звычайных людзей.

- І я за гэта, - гаворыць Арцём. - Што бацька сказаў, тое і ёсць. У нас у сям'і менавіта так: ідзём за галавой, прыклад з бацькі бяром. Што ён мне даводзіў у дзяцінстве, вучыў нечаму, тое і я сёння для сваёй сям'і раблю.

- Дык у вас сапраўдная дынастыя!

- О-о, ужо ўнука з трактара не дастаць, - смяецца Генадзь Яўгенавіч.

Шчырыя і добрыя людзі, гонар і надзея нашай вёскі!

…Дарога з Лані да Мінска ляжыць праз Нясвіж. У райцэнтры Сяргей Мікалаевіч завёў нас у мілую кавярню. Пачаставаў надзвычай смачнай кавай. Гледзячы на нашы задаволеныя твары, прамовіў: "Заязджайце яшчэ калі ў Лань, пастараемся, каб у нас не горшая, а мо лепшая…" І ўсміхнуўшыся дадаў: "Будзем жыць!"

| Ігар ГАНЧАРУК, часопiс "Беларуская думка", фота Віталя ПІВАВАРЧЫКА.

ПЕРЕПЕЧАТКА ДАННОГО МАТЕРИАЛА (ПОЛНОСТЬЮ ИЛИ ЧАСТИЧНО) ИЛИ ИНОЕ ЕГО ИСПОЛЬЗОВАНИЕ ЗАПРЕЩЕНЫ

Теги
Беларусь
Новости рубрики Регионы
Топ-новости
Свежие новости Беларуси