ГОСОРГАНЫГОСОРГАНЫ
Флаг Воскресенье, 28 апреля 2024
Минск +12°C
Все новости
Все новости
Общество
16 февраля 2024, 16:55

Як і чаму стварылі "Залатое кольца беларускай навукі"? Спыталі ў Акадэміі навук

Вышэйшая дзяржаўная навуковая ўстанова нашай краіны, дзе генерыруюцца ідэі, канцэпцыі і веды, здаўна служыць візітнай карткай Беларусі. Але сёння нам хацелася б акцэнтаваць увагу на знешняй прывабнасці Нацыянальнай акадэміі навук. Бо ў вядомы ансамбль лангбардаўскай архітэктуры сацыялістычнага канструктывізму арганічна ўпісаны больш сучасныя новыя непаўторныя манументальна-дэкаратыўныя формы. І яны таксама дадаюць прывабнасці навуковаму асяроддзю, ствараюць свой культурны код гэтага знакавага для ўсёй Беларусі месца.

Высокія ідэалы і веды


Нагадаем, у кастрычніку 2023 года, напярэдадні 95-гадовага юбілею Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у прыгожым і ўтульным акадэмічным скверы з шырокім удзелам вучоных і грамадскасці адбылося ўрачыстае адкрыццё ўнікальнай архітэктурна-мастацкай кампазіцыі "Залатое кольца беларускай навукі". Кампазіцыю складаюць ратонда і скульптуры знакамітых вучоных Беларусі, бессмяротны вобраз заснавальнікаў навуковай думкі - Кірыла Тураўскага, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага, Казіміра Семяновіча, Яўстафія Тышкевіча, Яўхіма Карскага і першага прэзідэнта Акадэміі навук Усевалада Ігнатоўскага. Пакуль гэта першая частка "Алеі славы беларускай навукі", якая ствараецца на тэрыторыі НАН.

Ідэя гэтага праекта, як і многіх іншых па ўпрыгожванні акадэмічнай прасторы ў апошняе дзесяцігоддзе, належыць старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэміку Уладзіміру Гусакову. Герояў кампазіцыі выбіралі вучоныя Акадэміі навук.

- Калі працавалі над кампазіцыяй "Залатое кольца беларускай навукі", і спрачаліся, і даказвалі нешта адно аднаму, але прыйшлі да разумення, што гісторыі беларускай навукі не 95 гадоў, гэта толькі час існавання нашай Нацыянальнай акадэміі, - расказаў старшыня Прэзідыума акадэмік Уладзімір Гусакоў. - Вырашылі ўзяць сямёрку вялікіх нашых вучоных і асветнікаў. Беларуская зямля спрадвеку багатая талентамі. Між тым гэта залаты фонд высокіх ідэалаў навукі, асветы і культуры, які ўвасабляе сабой непарыўнасць сувязі навуковых пакаленняў і будучага развіцця беларускай навукі.

Аўтары новага помніка - архітэктар Армэн Сардараў, скульптары Алена Хараберуш і Аляксей Пакульніцкі. Статуі і іншую атрыбутыку кампазіцыі "Залатое кольца беларускай навукі" вырабілі на скульптурным камбінаце Беларускага саюза мастакоў.

Паводле задумы, кожны персанаж архітэктурнай кампазіцыі трымае ў руках уласны адметны аксесуар: скрутак, лісты і пяро, кнігу і г. д. Побач размешчаны картушы з цытатамі. Гэтыя найбольш яркія выказванні пра важнасць ведаў, кніжнай мудрасці, адукацыі і навукі красамоўна сведчаць пра сапраўдны культ навукі і ведаў на Беларусі з даўніх часоў.

"Гісторыі беларускай навукі не 95 гадоў, гэта толькі час існавання нашай Нацыянальнай акадэміі"


Дыскусій паводле прадстаўленых персаналій, па сутнасці, не было, расказвае Аляксандр Лакотка, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, акадэмік, доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар. Абмеркаванне тычылася ў першую чаргу мастацкага вырашэння кампазіцыі, саміх фігур, надпісаў, якія там ёсць, картушаў, інакш кажучы, менавіта дэталяў, да якіх мастацкі савет прад’яўляў свае патрабаванні. Зразумела, што мастакам-скульптарам было цяжка працаваць над выявамі некаторых асветнікаў, відарысы якіх не захаваліся да нашых часоў. Напрыклад, таго ж Кірылы Тураўскага. Нават твар Скарыны можна лічыць умоўным, бо да сённяшняга дня дакладна невядома, хто на захаваных гравюрах. Магчыма, мастак прыдумаў сваё ўвасабленне, падобнае да кампазіцый Альбрэхта Дзюрэра.

- Тым не менш у архітэктурнай кампазіцыі мы бачым скульптурныя ўвасабленні знакамітых заснавальнікаў беларускай навукі. За кожным з гэтых вучоных - асноватворны ўклад у развіццё галоўных навуковых напрамкаў, - падкрэсліў акадэмік Аляксандр Лакотка.

Выключнае месца ў беларускай гісторыі займае Кірыла Тураўскі (1130-1182). Манах-аскет, ахвярны пастыр, таленавіты пісьменнік і прапаведнік, "другі Залатавуст", як называлі Кірыла за красамоўства, лічыцца адным з найбольш вядомых усходнеславянскіх духоўных дзеячаў ХІІ стагоддзя. Стаяў каля вытокаў нашай гуманітарнай і філасофскай думкі. Калі ацэньваць тое, што ён зрабіў для нашай краіны, на думку акадэміка Лакоткі, гэтага вучонага сусветнага значэння не саромячыся можна параўнаць з антычнымі філосафамі - Сакратам ды іншымі.

Не менш вядомы ў свеце і Францыск Скарына (1470-1552) - навуковец шырокага профілю, даследчык і выдавец, мовазнавец і рэнесансны чалавек. Скарына вучыўся медыцыне ў Італіі і іншых еўрапейскіх універсітэтах, стаў знаўцам і інтэрпрэтатарам Бібліі, шырока вядома яго "Падарожная кніжка" і іншыя творы. А скарынаўскія кнігі біблейскага характару выдадзены на высокім узроўні кніжнай культуры, з цудоўнымі ілюстрацыямі. Гэтыя рарытэты і сёння маюць вялікае значэнне як культурны нацыянальны здабытак нашай краіны.

Таксама ўніверсал, энцыклапедыст, знаўца многіх навук, выдатны перакладчык, педагог Сімяон Полацкі (1629-1680). Ён вучыў дзяцей цара Аляксея Міхайлавіча. Яго прызнавалі не толькі пры Маскоўскім двары, але і на Уладзімірскай і Цвярской землях. Пабываў ён і ў Пецярбургу, дзе былі запатрабаваны яго веды.

На мяжы культуры Усходу і Захаду дасягненні гэтых вучоных былі вельмі актуальныя, падкрэслівае акадэмік Лакотка.

Новую нішу адкрыў Казімір Семяновіч (1600-1651), які напісаў кнігу пра артылерыю такога ўзроўню, што сам Наполеон у свой час цікавіўся гэтым выданнем. Тэарэтык артылерыі яшчэ і вынаходнік шматступеньчатай ракеты, што пасля знойдзе адлюстраванне ў касмічных ідэях Канстанціна Цыялкоўскага.

Дзейнасць Яўстафія Тышкевіча (1814-1873) вядома і нашым сучаснікам. Шмат археалагічных калекцый на Лагойшчыне звязана з імем гэтага краязнаўца. У Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы плануецца адкрыццё Цэнтра краязнаўства. Працы Тышкевіча, а іх вельмі шмат, зоймуць тут сваё пачэснае месца, будзе створана ўласная экспазіцыя. Як упэўнены акадэмік Аляксандр Лакотка, здабыткі Тышкевіча знойдуць сваіх чытачоў і даследчыкаў.

Яўхім Карскі (1860-1931) - філолаг-славіст, этнограф, фалькларыст, палеограф. А яшчэ заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства i літаратуразнаўства. Чалавек, які ўпершыню акрэсліў блізкія да сённяшніх рэалій межы беларускага племені. Яго дасягненні, асабліва ў станаўленні класічнай беларускай мовы, бясспрэчныя, і спецыяльных каментарыяў тут не патрэбна, лічыць акадэмік.

Вядомы заснавальнік Інстытута беларускай культуры Усевалад Ігнатоўскі (1881-1931), першы прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук, - асоба гістарычная, знакавая. Менавіта ён зрабіў першы асноватворны крок у развіцці беларускай эканамічнай навукі.

Плануецца, што да гэтай класічнай, вырабленай з граніту ратонды - цэнтральнага элемента скульптурнай кампазіцыі "Залатое кольца беларускай навукі" з выявамі названых персанажаў вучоных і асветнікаў - прывядзе алея, рэкрэацыі якой будуць аформлены скульптурамі вядомых беларускіх вучоных розных эпох.

Хто і што "напісаў" на "Залатым кольцы беларускай навукі"?



Францыск Скарына: "Слова вучыць, выкрывае, выпраўляе і паказвае шлях да праўды!"

Кірыла Тураўскі: "Кнігі - гэта мая невычарпальная крыніца, якая поіць вечнай маладосцю".

Сімяон Полацкі: "Хто мае мудрасць і трымае яе ў таямніцы, той закапвае чыстае золата ў зямлі".

Казімір Семяновіч: "Я вывучаў вельмі шмат навук, як вольных, так і механічных".

Яўстафій Тышкевіч: "Здагадацца, шукаць, адкрываць, а адкрытае перадаваць людзям".

Яўхім Карскі: "Навука мае сродкі пранікнуць у сівую старажытнасць".

Усевалад Ігнатоўскі: "Ніколі не знікне творчая сіла чалавечай працы".

Прыгожы вобраз навукі


У акадэмічнай прасторы гэты невялікі дворык насупраць Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук імя Якуба Коласа многія вучоныя памятаюць.

- Некалі там быў фантан, адпаведнае месца для адпачынку, - расказвае акадэмік Аляксандр Лакотка. - Асобныя дрэвы захаваліся. Калі не памыляюся, унучка Коласа Вера Даніілаўна Міцкевіч гаварыла, што там нават ёсць дуб, які пасадзіў яшчэ Якуб Колас. Калісьці сквер быў вельмі ўтульны.

Але з цягам часу фантана не стала. Таму ўзнікла ідэя зрабіць гэту прастору больш сучаснай і даступнай: адкрытай у бок праспекта Незалежнасці і ўпрыгожанай скульптурна-мастацкімі формамі.

Зроблена за апошняе дзесяцігоддзе сапраўды нямала. Змены зноў адбыліся на фасадзе галоўнага будынка Акадэміі навук. Гістарычны выгляд набылі вокны і ўваходныя групы. Дадаліся і новыя архітэктурныя элементы. Зрабілі пандус з шэрага граніту. Перад фасадам усталявалі скульптурную кампазіцыю "Пераемнасць навукі", флагштокі з адпаведнымі сцягамі - дзяржаўным, горада Мінска і НАН Беларусі. З унутранага двара перанесены памятны знак з "кольцам Мёбіуса" - сімвалам вечнага руху і пошуку. На тратуарнай плітцы стварылі самую вялікую карту Беларусі, якая сімвалічна адлюстроўвае, што Акадэмія навук працуе на ўсю краіну. Устанавілі кампазіцыю "Дрэва навукі", дзе кожны лісток мае асаблівы сэнс і паказвае ўзыходжанне навукі ад Інбелкульта да сучаснай НАН. Скульптура "Мірны атам" нагадвае, што ўсё ў Сусвеце мае строгі сэнс і ўпарадкаванасць. У тым жа самым дворыку Акадэміі навук хутка будзе завершана будаўніцтва сучаснай залы для пасяджэнняў.

- Трэба падкрэсліць ролю ў гэтым працэсе сённяшняга старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Рыгоравіча Гусакова, - дадае акадэмік Аляксандр Лакотка. Архітэктурная кампазіцыя "Залатое кольца беларускай навукі" - яго даўняя ідэя паказаць глыбокія гістарычныя карані і адпаведную значнасць беларускай навукі ў сусветным кантэксце, а таксама яе пераемнасць для сучаснай моладзі.

У перспектыве плануецца пашырыць кампазіцыйнае вырашэнне да будынка навуковай бібліятэкі і ўсталяваць яшчэ шэраг скульптур. Магчыма, у выглядзе бюстаў найбольш вядомым дзеячам айчыннай навукі ў розных сферах. Гэта будзе свайго роду пантэон найбуйнейшых асоб у навуцы краіны.

- Усе пераўтварэнні скіраваны на падняцце прэстыжу беларускай навукі, - сцвярджае суразмоўца. - Не толькі ў дасягненнях, бо адкрыцці сусветнага значэння ёсць і адбываюцца ў розных краінах, свет багаты на навуковыя школы, установы з векавымі традыцыямі. Неабходна стварыць той вобраз беларускай навукі, аб якім марыў яшчэ Лангбард, калі ў 1930-я гады праектаваў будынак Прэзідыума Беларускай АН з адметным строгім архітэктурным стылем і каланадай. Гэты аб’ект, як і іншыя праекты архітэктара (Дом урада, Дзяржаўны тэатр оперы і балета, Дом афіцэраў), лічыцца найлепшым творам канструктывізму ў Еўропе. Лангбард разумеў, што толькі такімі формамі можна адлюстраваць пачуцці светлай будучыні, пра якую марылі пасля перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і ў гады існавання Савецкага Саюза. Гэтыя архітэктурныя формы актуальныя і сёння.

"За кожным з гэтых вучоных - асноватворны ўклад у развіццё галоўных навуковых напрамкаў"


Акадэмік перакананы, што ў названых архітэктурных збудаваннях заключаецца высокае гістарычнае значэнне. Гэта нашы вытокі ўпэўненасці ў сваёй будучыні, гістарычная памяць, якую мы захоўваем, і нацыянальнае адзінства, якое зразумелае кожнаму з нас. І той цэласны вобраз Акадэміі навук, што ствараецца "Залатым кольцам беларускай навукі", таксама адлюстроўвае гістарычную памяць. І не толькі навуковую, таму што прадстаўленыя ў архітэктурнай кампазіцыі персаналіі - не проста навукоўцы, але яшчэ і асветнікі мінулых эпох ад XVII да ХХ стагоддзя. Ідэя гістарычнай памяці ў шырокім сэнсе, ад тых, хто пісаў абразы ў манастырах, і да Лангбарда, адлюстравана ў гэтай знакавай кампазіцыі, лічыць акадэмік Аляксандр Лакотка.
Кастрычнік, 2023 год. Уладзімір Гусакоў, Алена Хараберуш, Армэн Сардараў, Аляксей Пакульніцкі на адкрыцці архітэктурна-мастацкай кампазіцыі "Залатое кольца беларускай навукі"

Гісторыя і культурны код

Сама ідэя ратонды з помнікамі беларускім грамадскім дзеячам, якія заклалі падмурак беларускай навукі, не з’явілася знянацку. Мы над яе ўвасабленнем працавалі амаль дзевяць гадоў, - расказвае дэкан архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта доктар архітэктуры, прафесар Армэн Сардараў. Вядомы архітэктар падкрэслівае: яму, як навуковаму кіраўніку гэтага праекта, давялося ўзняць вялікі пласт мінулага, каб беспамылкова, арганічна ўпісаць сучасную кампазіцыю ва ўжо сатканае палатно архітэктурнай карціны гарадскога асяроддзя.

- Імкнуліся, каб новы архітэктурны аб’ект не проста выконваў сваю функцыю, а падкрэсліваў гісторыю і культурны код адпаведнага месца, - паведаміў Армэн Сардараў.
Пачатак 1930-х гадоў. Акадэмічны архітэктурны ансамбль паводле праекта Георгія Лаўрова
Архітэктар таксама адзначыў, што за манументальнымі сценамі Акадэміі навук хаваецца гісторыя аднаго з самых эфектных будынкаў Мінска. Строгі і лаканічны стыль акадэмічнаму архітэктурнаму ансамблю спачатку надаў архітэктар Георгій Лаўроў. Дзякуючы яму галоўны будынак Акадэміі навук атрымаў такі звыклы для нас манументальны выгляд. Пасля Іосіф Лангбард унёс свае карэктывы ў фасад і дадаў пышную велічную двухрадковую каланаду, без якой ужо цяжка ўявіць сучасную НАН.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны будынак значна пацярпеў ад пажару. Знішчаны і разрабаваны былі лабараторыі, абсталяванне, фонды бібліятэкі. Уражвае здымак, які захаваўся з ваеннага часу: на фоне Акадэміі навук бялеюць магільныя крыжы. Тут сапраўды знаходзіліся нямецкія ваенныя могілкі.
1942 год. Магільныя крыжы нямецкіх ваенных на фоне будынка Акадэміі навук у акупаваным Мінску
Адразу ж пасля вайны будынак акадэміі быў адноўлены пад кіраўніцтвам Лангбарда, і з таго часу практычна не змяняўся. Хіба што надпісы над каланадай "Навука - магутная зброя будаўнiкоў камунiзму" і "Слава савецкай навуцы"… Цяпер на лаканічнае "Акадэмiя навук". А будынак уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

- Новай дамінантай сфарміраванага на працягу стагоддзя архітэктурнага ансамбля Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і стала архітэктурна-мастацкая кампазіцыя "Залатое кольца беларускай навукі", - упэўнены Армэн Сардараў. - Яе мастацка-стылістычнае вырашэнне адпавядае неакласічнаму афармленню праспекта Незалежнасці, пераклікаецца з архітэктурным стылем будынка Прэзідыума НАН. На маю думку, кампазіцыя працягвае найлепшыя традыцыі беларускай манументальнай школы і з’яўляецца магутным сродкам выяўлення ідэй, увекавечвання эпахальных падзей і выдатных асоб.

Акадэмія навук заўсёды была і з’яўляецца навуковым цэнтрам, своеасаблівым магнітам новых ведаў, месцам прыцягнення для маладых даследчыкаў. І гэта таксама імкнуліся адлюстраваць, падкрэсліў архітэктар. Даводзілася пастаянна памятаць, што маеш справу са значнай для горада і краіны каштоўнасцю.

Цікава, што спачатку прапанавалі ў чымсьці традыцыйную ідэю скульптурнай кампазіцыі з калонай у цэнтры. Але пасля шматлікіх спрэчак і абмеркаванняў вырашылі ўсё ж спыніцца на ратондзе.

- Каб прадставіць важкія доказы, давялося амаль грунтоўную навуковую дысертацыю абараніць, - ці то жартам, ці то ўсур’ёз гаворыць Армэн Сяргеевіч. - Галоўны сакрэт ратонды ў тым, што яе купал звернуты да неба, значыць, да вечнасці. І гэта вельмі важна. Акрамя таго, у аснове - кола, якое ўвасабляе сімвал адзінства, таго, што людзі разам, іх супольнасць. Мы палічылі, што такую форму трэба выкарыстоўваць, каб паказаць нашых вялікіх дзеячаў навукі і культуры. Каб яна аб’ядноўвала, злучала людзей і часы, падкрэслівала значэнне пераемнасці, традыцый, адкрытасці і павагі да гісторыі.

"Галоўны сакрэт ратонды ў тым, што яе купал звернуты да неба, значыць, да вечнасці"


У цэнтры ратонды архітэктар спачатку прапанаваў усталяваць маятнік Фуко, прыкладна такі, як у Ісакіеўскім саборы ў Санкт-Пецярбургу, і нават каб ён насамрэч працаваў - хістаўся з боку ў бок. Але праз эксплуатацыйныя цяжкасці вырашана было ў цэнтры ратонды зрабіць вертыкальную стэлу, на якой змясцілі капсулу часу ў выглядзе зямнога шара. У ёй захоўваецца пасланне нашчадкам ад беларускіх вучоных. Навукоўцы расказалі сваім паслядоўнікам аб дасягненнях, да якіх яны прыйшлі ўжо сёння, і пра тое, чаго чакаюць ад будучых пакаленняў, якіх адкрыццяў.

Тым часам уладкаванне акадэмічнай тэрыторыі не спыняецца. Адна са сцежак алеі вядзе да будучага Цэнтра беларускай навукі. Ён узводзіцца на падмурку былой вентыляцыйнай камеры пасляваеннага часу.

Што да "Залатога кольца", то манумент неяк незаўважна хутка стаў сталічнай славутасцю, у якой вельмі высокая місія - перадаць культурны код айчыннай навукі.

Меркаванні



Аляксандр КАВАЛЕНЯ, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар:

- Архітэктурна-мастацкая кампазіцыя - сімвал шматвяковай гісторыі беларускага народа, велічы і непераходзячай значнасці айчыннай навуковай думкі. Гэта сімвал славы нашай навукі, яе высокіх ідэалаў і пераемнасці і адначасова даніна памяці яе выбітным дзеячам.

Навуковыя веды, дапытлівая творчая даследчыцкая думка заўсёды высока шанаваліся і добразычліва ўспрымаліся беларускім народам. Менавіта на інтэлектуальным падмурку, імкненні да вяршыняў пазнання фарміравалася асвета, універсітэты, узнікалі славутыя навуковыя школы, акадэмія навук нашай краіны. Будавалася духоўна-культурнае і сацыяльна-эканамічнае жыццё беларускага народа і яго нацыянальная дзяржаўнасць. Нездарма народны пясняр вуснамі свайго героя адзначаў важнасць навукова-дyxoўнaга бaгaцця чaлaвeкa: "Дык трэба грунт мець пад нагамі, // Каб не бадзяцца батракамі. // Які ж то грунт? Зямля, навука…".

Іван САВЕРЧАНКА, дырэктар філіяла "Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы" НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар:

- Архітэктурна-мастацкая кампазіцыя з’яўляецца важным крокам на шляху да стварэння ўсебеларускага нацыянальнага пантэона, куды павінны ўвайсці палітычныя і дзяржаўныя дзеячы, асветнікі і вучоныя, пісьменнікі і мастакі. Многія выдатныя асобы мінулага з’яўляліся энцыклапедычна адукаванымі людзьмі, якія ўнеслі велізарны ўклад у розныя сферы навукі, культуры і літаратуры Беларусі. Можна ўпэўнена сцвярджаць, што дзякуючы самаадданай працы сотняў сумленных прафесіяналаў і таленавітых людзей сфарміравалася сучасная беларуская нацыя, квітнее нацыянальная культура, імкліва развіваецца суверэнная і незалежная Рэспубліка Беларусь.

Нацыянальныя героі і знакамітыя людзі краіны ўтвараюць той грунт, на якім адбываецца грамадская лучнасць і кансалідацыя беларускай нацыі. Іх дзейнасць з’яўляецца ўзорам для моладзі і навучэнцаў, з іх бяруць прыклад і на іх раўняюцца. Менавіта спадчына геніяў нацыі, учынкі вялікіх людзей краіны служаць надзейным грунтам патрыятычнага выхавання, асновай фарміравання сацыяльнай і грамадзянскай адказнасці.

| Сняжана МІХАЙЛОЎСКАЯ, часопіс "Беларуская думка". Фота Віталія ПІВАВАРЧЫКА, з архіваў БЕЛТА і Армэна САРДАРАВА
Новости рубрики Общество
Топ-новости
Свежие новости Беларуси