ГОСОРГАНЫГОСОРГАНЫ
Флаг Среда, 8 мая 2024
Минск Ясно +10°C
Все новости
Все новости
Общество
09 февраля 2024, 21:00

Памылкі разведкі, чатыры фронта і вялікія страты. Праўда пра вызваленне Беларусі ў 40-я

Выгнанне з роднай зямлі фашысцкай нечысці і новы праект нашага часопіса, які дапаможа больш даведацца пра гэта, - тэма першай у 2024-м сустрэчы ў рэдакцыі "Беларускай думкі". Адна з самых знакавых падзей сёлета - 80-годдзе вызвалення Беларусі. Ці варта лішні раз казаць пра тое, што значыць гэта дата для кожнага беларуса, па роднай зямлі якога таптаўся варожы бот, а злачынства, што ўчынілі тут фашысты, мае страшную назву - генацыд беларускага народа.

Наш часопіс распачынае новы творчы праект "Гісторыя аднаго подзвігу". Абапіраючыся на музейныя знаходкі апошняга часу, раскажам пра людзей, што ваявалі на фронце, змагаліся ў падполлі ці ў партызанах, каб наблізіць светлы дзень вызвалення Беларусі. Гераічны лёс чалавека на фоне маштабных падзей - вось што хочам данесці да нашага чытача. А ў якасці своеасаблівай прадмовы - сустрэча з экспертамі.

У размове за круглым сталом "Беларускай думкі" ўдзельнічалі загадчык Цэнтра ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН доктар гістарычных навук, прафесар Аляксей Літвін; вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра ваеннай гісторыі Беларусі кандыдат гістарычных навук, дацэнт Анатоль Крыварот; вядучы навуковы супрацоўнік аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Беларусі кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Селяменеў; загадчык аддзела ўліку фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Юлія Калтовіч.

Мадэратар - галоўны рэдактар "Беларускай думкі" Ігар Ганчарук.

- Чамусьці атрымліваецца, што вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў найчасцей асацыіруецца са знакамітай наступальнай аперацыяй "Баграціён". Насамрэч, гэта вельмі спрошчаны і гістарычна неаб’ектыўны погляд, ці не так, Аляксей Міхайлавіч?

А. ЛІТВІН:Я сказаў бы, такі школьны падыход. Што самае галоўнае? Аперацыя "Баграціён". І ведаць гэта для вучня было дастаткова ў свой час. Бяда ў тым, што нават такім мінімумам нашы школьнікі і студэнты часам не валодаюць.

Вызваленне Беларусі - гэта вельмі складаны ў навуковым сэнсе працэс. Чаму? Таму што і паводле часу, і паводле маштабаў яно займае вялікі перыяд - ад канца жніўня 1941 года, калі немцы захапілі тэрыторыю Беларусі, па ліпень 1944-га, калі ворага з яе выгналі.

Пачаткам можна лічыць вызваленне 15 сельсаветаў тагачасных Суражскага, Мехаўскага і Віцебскага раёнаў на Віцебшчыне ў пачатку лютага 1942 года. Тут знаходзілася 130 населеных пунктаў. Перадавыя часці 240-й стралковай дывізіі спыніліся за 40 кіламетраў ад Віцебска. Паміж Веліжам і Суражам утварыўся разрыў германскага фронту паміж флангамі "Поўнач" і "Цэнтр" шырынёй прыкладна 40 кіламетраў, які ўтрымліваўся сумесна з партызанамі і атрымаў назву "Віцебскіх (Суражскіх) варот". Ён меў важную ролю ў разгортванні партызанскага руху, праз яго дастаўлялі зброю і боепрыпасы, медыкаменты. Нават папаўненне ў Чырвоную армію рухалася праз гэты пралом.

Наступны перыяд пачынаецца з верасня 1943 года.

- Тады, 23-га дня, вызвалілі першы беларускі райцэнтр - Камарын.

А. ЛІТВІН:Да Камарына яшчэ трэба было дайсці… Бо што такое 1943 год? Сталінградская бітва завяршылася ў лютым, Курская бітва, якая працягвалася 50 дзён, - у жніўні. Як і пад Сталінградам, тут не толькі выстаялі, а сабралі моцны кулак і пачалі выціскаць нямецка-фашысцкіх захопнікаў фактычна з усёй тэрыторыі Савецкага Саюза. Але галоўны кірунак быў не заходні, а паўднёвы і паўднёва-заходні. Пасля Сталінграда вольнай стала тэрыторыя, якую немцы захапілі ў сорак другім. Далей, умоўна кажучы, левабярэжная Украіна - велізарны, вельмі моцны эканамічны раён. Там знаходзілася самая буйная нямецкая групоўка. Разбіць і выціснуць яе адтуль было галоўнай задачай пасля Курскай бітвы.

На заходнім кірунку ваявала група армій "Цэнтр", адна з самых магутных варожых груповак у сорак першым. Яны дайшлі да Масквы, атрымалі па галаве, адступілі да раёна Смаленска. І усё ж гэта была моцная групоўка. Стаяла задача разграміць яе, вызваліць Смаленск і Бранск, выйсці на тэрыторыю Беларусі і рухацца далей. Варта заўважыць, наш Заходні фронт быў мацнейшы, чым група армій "Цэнтр", але не настолькі, каб яе разбіць.

А. КРЫВАРОТ:Суадносіны сіл склаліся амаль аднолькавыя.

А. ЛІТВІН:Да таго ж савецкім войскам трэба было прарваць "Усходні вал", вельмі трывалае ўмацаванне варожых пазіцый. Немцы рабілі ўсё магчымае, каб стварыць максімальна непераадольную абарончую сістэму. Зганялі насельніцтва на работы, вельмі моцна акопваліся. На любым напрамку - пяць-шэсць абарончых ліній.

Галоўная задача Заходняга і Цэнтральнага франтоў палягала ў тым, каб скаваць тут сілы ворага, не даць перакінуць іх на поўдзень. З гэтым паспяхова справіліся, праўда, цаной вялікіх страт.

А. КРЫВАРОТ: Фактычна вызваленне Беларусі пачыналі чатыры фронты: Калінінскі, які рухаўся першапачаткова на Прыбалтыку і на Віцебшчыну; Заходні, пра што гаварыў Аляксей Міхайлавіч; Бранскі і Цэнтральны, якім камандаваў Канстанцін Ракасоўскі. Якраз у верасні сорак трэцяга яны выйшлі на мяжу Беларусі. Ажыццяўляліся Смаленская, Бранская і Чарнігаўска-Прыпяцкая аперацыі. У ходзе апошняй быў вызвалены Камарын, пра які мы згадвалі вышэй.

Змаглі дайсці да Сожа і выбіць немцаў на правы бераг, і ўсё, нашы войскі спыніліся: сіл у франтоў не хапала. Тым не менш удалося вызваліць больш як дзясятак раённых цэнтраў. Апроч Камарына, гэта Церахаўка, Ветка, Хоцімск, Клімавічы, Касцюковічы, Мсціслаў, Крычаў, Чэрыкаў і Краснаполле. Далей ішлі Добруш і Лоеў.

Самыя цяжкія баі былі на віцебскім напрамку. Тут трэба сказаць наступнае: апошнім часам знаходзіць пацвярджэнне версія, што наша разведка не поўнасцю ацаніла абстаноўку падчас летняга наступлення. Меркавалася, што група армій "Цэнтр" разгромлена, у яе бракуе рэзерваў. Зыходзячы з такой ацэнкі, ставіліся задачы Заходняму, Калінінскаму і Цэнтральнаму франтам. Паводле іх, фронт пад камандаваннем Ракасоўскага павінен быў у ходзе асенняга наступлення выйсці ўжо да Мінска, Калінінскі - на Рыгу, а на Барысаў і далей - Заходні фронт.

Сталася ж так, што на Віцебскім напрамку ўдалося вызваліць толькі Лёзна. Здарылася гэта 8 кастрычніка. А Гарадоцкая аперацыя пачалася 24 снежня - настолькі недаацанілі магчымасці абароны германскай 3-й танкавай арміі.

В. СЕЛЯМЕНЕЎ:Камандаванне Заходняга фронту атрымала па шапцы. Была прынята спецыяльная пастанова Дзяржаўнага камітэта абароны і дадзена ацэнка ўсім ваенным дзеянням гэтага перыяду. Затым правялі рэарганізацыю франтоў, сяго-таго паздымалі з пасад. Сёння цяжка дакладна гаварыць, што і як было, тут розныя моманты накладваюцца.

А. ЛІТВІН: Зразумела, інфармацыі разведкі не хапала, хаця ўвогуле абстаноўку савецкае камандаванне ведала. Але не зусім дакладна ўяўляла, наколькі моцная германская абарона на магілёўскім і аршанскім кірунках. Нашы войскі неслі вялікія страты. Калі з Масквы прыехала камісія на чале з Георгіем Малянковым і пачала разбірацца, то ўсе яе члены прыйшлі да высновы, што правалу асаблівага няма. Быў загад ціснуць на ворага, што і рабілася, каб той не здымаў свае войскі і не перакідваў іх на Украіну. Бо ставілася прыярытэтная задача на той час: вызваліць Кіеў і левабярэжную Украіну.

А. КРЫВАРОТ: Пасля трох восеньскіх аперацый на беларускім напрамку былі яшчэ наступленні і атакі, але не зусім удалыя. Так завяршыўся 1943 год.

А. ЛІТВІН: Варта нагадаць, што ў снежні поўнасцю выціснулі ворага з левабярэжнай Украіны. І ў студзені сорак чацвёртага адразу чатыры ўкраінскія фронты пачалі наступальныя аперацыі, мэтай якіх мелася быць вызваленне правабярэжнай тэрыторыі.

А. КРЫВАРОТ:У сваіх мемуарах Канстанцін Ракасоўскі пісаў, што пераважная колькасць сродкаў і рэсурсаў кідалася на Ленінградскі і ўкраінскія франты. Сёння ў гістарыяграфіі вядомы дакладныя лічбы: украінскія франты мелі 65 % усіх рэсурсаў, Ленінградскі і Волхаўскі - 20 %. На ўсе астатнія заставалася 15 %. Якраз у такіх умовах фронт пад камандаваннем Канстанціна Ракасоўскага праводзіць Калінкавіцка-Мазырскую аперацыю. Яна доўжылася месяц і мела важнае стратэгічнае значэнне, таму што ў прынцыпе Беларускаму фронту ставілася задача не адставаць ад Першага Украінскага фронту. Вызвалілі важныя лагістычныя вузлы: абласны цэнтр Мазыр і Калінкавічы. Потым Рагачоўска-Жлобінская аперацыя, планавалася выціснуць немцаў з Рагачова і Жлобіна і рухацца на Бабруйск. Але падчас яе ўдалося вызваліць толькі Рагачоў.

Ці ўзяць Палескую аперацыю. Дзеля яе 17 лютага 1944 года стварылі спецыяльны фронт пад камандаваннем генерала Курачкіна, які называўся Другі Беларускі. На Брэсцка-Ковельскім напрамку яго войскі вызвалілі некалькі населеных пунктаў. На жаль, Столінскі рубеж не змаглі ўзяць. Пятага красавіка рашэннем Стаўкі ВГК фронт расфарміравалі.

А. ЛІТВІН:А на поўначы ў канцы снежня сорак трэцяга пачалася вельмі кровапралітная Віцебская аперацыя, яна завяршылася 5 студзеня. Войскі фронту за кароткі час страцілі 35 596 чалавек, з іх 6692 забітымі і 28 904 параненымі. Такімі ж цяжкімі былі іншыя наступальныя аперацыі на пачатку сорак чацвёртага: з 8 па 24 студзеня - Багушэўская, потым зноў Віцебская - з 3 па 16 лютага, Аршанская - з 5 па 9 сакавіка, і зноў Багушэўская - з 21 па 29 сакавіка.

А. КРЫВАРОТ:Да красавіка іх усяго восем правялі на заходнім напрамку.

ЛІТВІН Аляксей Міхайлавіч. Нарадзіўся ў 1951 годзе ў Столінскім раёне. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У.І. Леніна (1973). З 1985 года - у Інстытуце гісторыі. У 1987-м узначаліў аддзел гісторыі Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны (з 1 студзеня 2021 года - Цэнтр ваеннай гісторыі Беларусі). Узнагароджаны медалём "60 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў".

- Як вядома, стратэгічная наступальная аперацыя "Баграціён", у выніку якой вызвалілі Беларусь, Літву і ўсходнія раёны Польшчы, пачалася 23 чэрвеня. Цікава, што адбывалася на беларускім напрамку ў прамежак часу з красавіка да гэтай даты?

А. ЛІТВІН:Можна сказаць, атрымалася паўза перад вырашальным ударам. Варта згадаць, што ў студзені сорак чацвёртага была цалкам знята блакада Ленінграда, і карціна ўжо больш-менш вымалёўвалася. Яшчэ праз месяц выйшла з вайны Фінляндыя. Гэта таксама дадало аптымізму. У маі вызвалілі Крым. Стаўка ў гэты час рабіла ўсё магчымае, каб паказаць вермахту, што наступленне будзе на паўднёва-заходнім напрамку і група армій "Цэнтр" можа разлічваць на спакойнае лета. Хаця для савецкага камандавання цалкам было зразумела, што прасоўванне войскаў на поўдні не мела стратэгічнай перспектывы праз "Беларускі балкон": па лініі фронту ўтварыўся выступ у наш бок. Ён уяўляў небяспеку, бо да Масквы ўсяго 250 кіламетраў, і існавала пагроза, што немцы могуць ударыць самалётамі ці танкамі.

Але сітуацыя была ўжо іншая. Павінен адзначыць, што на Тэгеранскай канферэнцыі напрыканцы сорак трэцяга з боку Сталіна быў вялікі ціск на саюзнікаў, прынята адпаведнае рашэнне, і яны вымушаны былі 6 чэрвеня 1944 года распачаць аперацыю Overlord. У Нармандыі высадзілі дэсант саюзніцкіх войскаў колькасцю да двух мільёнаў чалавек. Такая ж сіла была да канца аперацыі "Баграціён" на нашых франтах. Гэта фантастычныя лічбы. Толькі ўявіце сабе, якія перамяшчэнні адбываліся! Але і задача стаяла грандыёзная - дабіць ворага ў яго логаве.

В. СЕЛЯМЕНЕЎ:Але што адбываецца ў тыле пасля таго, як заціхлі баявыя дзеянні на франтах? Немцы рыхтуюць і праводзяць цэлы шэраг карных аперацый, і, паводле заявы легендарнага партызанскага камандзіра Уладзіміра Лабанка, гэты перыяд перад "Баграціёнам" быў самы цяжкі для народных мсціўцаў. Гітлераўцы кідаюць супраць іх не толькі карныя падраздзяленні, а і рэгулярныя часці. У красавіку - маі праводзяць дзве аперацыі супраць партызан Полацка-Лепельскай зоны. Затым бяруцца за Барысаўска-Бягомльскую зону. У Нацыянальным архіве захоўваюцца крымінальныя справы на нямецкіх ваеннапалонных. Камандзір 95-й пяхотнай дывізіі сведчыць, што да чэрвеня яго падраздзяленні зачышчалі Ушацкі раён. Мы падрыхтавалі зборнік дакументаў якраз паводле гэтых дзвюх карных аперацый, плануем выдаць у наступным годзе. Скажу толькі: тое, што ёсць сёння ў літаратуры пра тагачасныя падзеі, і змест дакументальных матэрыялаў - гэта як дзень і ноч.

А. ЛІТВІН:Калі б не пачалася аперацыя "Баграціён" ці яе адклалі з нейкіх прычын на які месяц, то сітуацыя з партызанамі была б крытычная. Што да Полацка-Лепельскай зоны, пра што гаварыў Вячаслаў Дзмітрыевіч, то нават з нямецкіх дакументаў відаць, як стараліся партызанам дапамагчы, калі карнікі прарвалі іх умацаванні і абарончыя збудаванні. Ляталі бамбардзіроўшчыкі, з паветра скідвалі зброю, амуніцыю і медыкаменты.

В. СЕЛЯМЕНЕЎ:Да гэтых трагічных падзей сюды сцягнулі дадаткова 16 партызанскіх брыгад, бо была задумка закінуць дэсант і агульнымі сіламі ўзяць Полацк. Але планы памяняліся, і ў лютым на нарадзе камандавання фронту і партызан вырашалі: абараняцца альбо выходзіць з зоны. Усё ж спыніліся на тым, што выстаяць. Але 240 кіламетраў абарончых збудаванняў, якія ўзвялі тут, немцы зламалі літаральна за два тыдні. Лабанок двойчы ўзнімаў пытанне аб вывадзе партызан, але яму адказвалі, маўляў, а як жа мірнае насельніцтва, не кінеш жа. Толькі на пачатку мая пачалі выходзіць, два разы прарываліся.

А. ЛІТВІН:А ўявіце сабе, калі б у падобнай сітуацыі апынуліся партызаны на Брэстчыне, дзе карныя аперацыі супраць іх праводзілі венгерскія падраздзяленні, што ваявалі на баку вермахта. Тым не менш народныя мсціўцы ўжо мелі вопыт, рассыпаліся дробнымі групамі па лясах і працягвалі сваю справу.

КРЫВАРОТ Анатоль Аляксеевіч. Нарадзіўся ў Бярэзінскім раёне на Міншчыне. Скончыў Даўгаўпілскае ваенна-тэхнічнае вучылішча, Запарожскі педагагічны інстытут, ваенна-палітычную акадэмію ў Маскве. Служыў ва Узброеных Сілах. Выкладаў у ВНУ Мінска. З ліпеня 2014 года - у Інстытуце гісторыі НАН.

- Якую ролю Стаўка надавала партызанскаму руху пры вызваленні Беларусі?

А. ЛІТВІН:Арганізацыйна вельмі добра ўсё было зроблена. Існаваў Беларускі штаб партызанскага руху, а на ўсіх франтах сфарміравалі яго аператыўныя групы. А такая група - гэта 100-150 чалавек. Яны каардынавалі дзейнасць партызанскіх фарміраванняў. Арміі таксама мелі аператыўныя групы, закідвалі ў нямецкі тыл радыстаў, разведчыкаў і гэтак далей. Былі наладжаны сувязі паміж рэгулярнымі часцямі і партызанскімі атрадамі і злучэннямі.

В. СЕЛЯМЕНЕЎ:Немцы ўсё-такі нанеслі істотны ўдар партызанам напярэдадні аперацыі "Баграціён". Што да Полацка-Лепельскай зоны, то яны адсунулі партызанскія фарміраванні ад лініі фронту, каб не даць злучыцца з нашымі рэгулярнымі часцямі.

А. КРЫВАРОТ:Яны ўлічылі свой вопыт, калі ў кастрычніку - лістападзе 1943 года разрэзалі на дзве часткі Расонска-Асвейскую зону. Партызанскія фарміраванні толькі той, што была бліжэй да фронту, паспелі злучыцца з часцямі Першага Прыбалтыйскага фронту.

А. ЛІТВІН:Тым не менш у тыле ворага фактычна існаваў другі фронт - партызанскі. Хаця што такое фронт? Пяцьдзясят тысяч асабовага складу, а ў нас 140-150 тысяч партызан налічвалася. З пачаткам аперацыі "Баграціён" галоўнай іх задачай было граміць варожыя тылы, узрываць масты, разбураць дарогі, выводзіць са строю лініі сувязі. Тут варта згадаць і трэці этап рэйкавай вайны. Мяркуючы па рассакрэчаных партызанскіх радыёграмах і нямецкіх дакументах, на беларускай зямлі пры адступленні немцы апынуліся ў сапраўдным пекле. Добра вядома таксама пра дапамогу партызан пры ліквідацыі варожых груповак, асабліва Мінскага катла.

В. СЕЛЯМЕНЕЎ:У нашых архівах, на жаль, няма дакументаў аб дзеяннях Чырвонай арміі. Яны сканцэнтраваны ў Цэнтральным архіве расійскага Міністэрства абароны ў Падольску. І значная маса матэрыялаў дагэтуль на сакрэтным захоўванні. Таму ў нас комплекс інфармацыі пра вайну - гэта дакументы партызан, падпольных камсамольскіх і партыйных органаў, Цэнтральнага камітэта Кампартыі Беларусі, Беларускага штаба партызанскага руху. Да 1990-х гадоў звесткі пра дзейнасць партызан раскрываліся дазіравана. Сёння дакументы рассакрэчаны, няма праблем з доступам да іх і ёсць магчымасць атрымаць аб’ектыўную карціну.

Нацыянальны архіў выдаў два дакументальныя зборнікі пра дзейнасць партызан падчас вызвалення Беларусі. У адзін з іх уключаны аператыўныя зводкі Беларускага штаба партызанскага руху за студзень - ліпень 1944-га. Другі зборнік сведчыць пра аперацыю "Баграціён": правядзенне рэйкавай аперацыі і ўзаемадзеянне партызан і часцей Чырвонай арміі пры наступленні.

КАЛТОВІЧ Юлія Міхайлаўна. Нарадзілася ў горадзе Чэрвені. Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці "музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны (гісторыя і музеялогія)". З 2013 года - у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Курыравала стварэнне восьмай музейнай залы ў новай экспазіцыі на праспекце Пераможцаў.

- Я ўжо гаварыў, што з усёй беларускай эпапеі найбольш ведаем пра стратэгічную наступальную аперацыю, адну з найбуйнейшых у ваеннай гісторыі…

А. ЛІТВІН:Задумка заключалася ў тым, каб магутнымі ўдарамі чатырох франтоў прарваць абарону праціўніка адразу на шасці напрамках. Гітлер відавочна паўтарыў памылку Сталіна 1941 года. Фюрар выдаў вельмі жорсткую дырэктыву: стаяць насмерць, усе перамяшчэнні толькі па загадзе з Берліна, інакш расстрэл. Немцы ж прывыклі манеўраваць, і вось гэты загад даў магчымасць стварыць тры катлы - Бабруйскі, Віцебскі і самы вялікі Мінскі. У катлы немцы ў сорак чацвёртым трапілі, як нашы ў сорак першым.

Думаю, што празорлівасць Сталіна была і ў тым, што аперацыю ён назваў імем героя Айчыннай вайны 1812 года. Напрошваецца гістарычная паралель - адступаць, цягнуць ворага за сабой і даць бой.

В. СЕЛЯМЕНЕЎ:Немцы не чакалі, што пачнецца настолькі маштабная аперацыя. Пра гэта сведчыць хаця б такі факт. У маі яны пачалі карную аперацыю "Кармаран" супраць партызан Барысаўска-Бягомльскай зоны і вялі актыўныя дзеянні да 26 чэрвеня. А ў гэты час Чырвоная армія праламіла фронт. Уяўляеце, немцы ў балоце ганяюцца за партызанамі, а "Баграціён" грыміць на беларускай зямлі.

Ю. КАЛТОВІЧ:У восьмай зале Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на фотаздымках паказана, як пачыналася вызваленне Беларусі, ішла аперацыя "Баграціён". Падчас экскурсій мы, вядома, не можам так падрабязна, як сёння, расказваць пра тыя падзеі. Але стараемся данесці да наведвальнікаў найбольш каштоўную інфармацыю. Напрыклад, тое, што да аперацыі "Баграціён" ужо вызвалілі 36 раённых і два абласныя цэнтры - Гомель і Мазыр. Расказваем, што ў баях удзельнічалі тры жаночыя авіяпалкі. А аперацыя "Баграціён" рыхтавалася ў самых строгіх умовах сакрэтнасці.

- Што найбольш кранае экскурсантаў?

Ю. КАЛТОВІЧ:На мой погляд, старыя ваенныя фотаздымкі, якія захавалі моманты фарсіравання Дняпра. Нашым салдатам не заставалася нічога іншага, як, прывязаўшы аўтамат да галавы, плысці ў вадзе, што літаральна кіпіць, бо немцы дзень і ноч бамбілі раку. Фарсіравалі мужнасцю салдат і афіцэраў - так напісаў у данясенні камандаванню камандзір 360-га стралковага палка Мікалай Сташак.

Нашы наведвальнікі літаральна жахаюцца, калі даведваюцца, што немцы ў той час, калі ішло ўжо вызваленне, на нашай зямлі пачалі ствараць так званыя загараджальныя лагеры. На пачатку сакавіка сорак чацвёртага, напрыклад, у Азарычах: загналі 50 тысяч чалавек у балота і заразілі тыфам. Праз месяц іх, хто выжыў, вызвалілі воіны Першага Беларускага фронту.

- Гітлераўцы сапраўды, як гаварыў Аляксей Міхайлавіч, стаялі насмерць і зубамі трымаліся за беларускую зямлю. Ішлі на страшныя злачынствы… Аперацыя "Баграціён" стала лёсавызначальнай для Беларусі.

А. КРЫВАРОТ:Была разбіта група армій "Цэнтр", вастрыё якой увесь час заставалася накіраваным на Маскву. Разграмілі вельмі падрыхтаваную групоўку, з вопытам вядзення баявых дзеянняў. Гэта быў каласальны ўдар па нямецкай ваеннай машыне. Поўнасцю вызвалілі рэспубліку.

СЕЛЯМЕНЕЎ Вячаслаў Дзмітрыевіч. Нарадзіўся ў 1946 годзе ў Мінску. З 1968-га працуе ў архіўных установах, у 1982-2010 гадах - дырэктар Нацыянальнага архіва. Вучоны-гісторык, архівіст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі (2002, у аўтарскім калектыве) за цыкл прац "Беларускія астарбайтары". Ганаровы архівіст Беларусі, кавалер ордэна Пашаны (2002). Сфера навуковых інтарэсаў - гісторыя Беларусі з 1917 года, пытанні архівазнаўства.

- Напэўна, немцы канчаткова зразумелі, што ім нічога не свеціць?

А. ЛІТВІН:Гэта ілюзія. Германская армія заставалася, як бы там ні было, моцнай да лютага сорак пятага.

В. СЕЛЯМЕНЕЎ:Чырвоная армія ішла так хутка, што… Вось адзін цікавы, малавядомы і малавывучаны эпізод аперацыі "Баграціён". Пасля таго як акружылі нямецкую групоўку пад Мінскам, нашы асноўныя часці неўзабаве пачалі рухацца далей. У выніку склалася небяспечная сітуацыя: вораг зноў паспрабаваў заняць Мінск. Для абароны горада тэрмінова перакінулі партызанскія брыгады.

Пра аперацыю "Баграціён", дарэчы, сапраўды ведалі толькі тыя, каму патрэбна было ведаць. Партызаны на месцах таксама былі не ў курсе, для іх стаў нечаканасцю яе пачатак.

А. КРЫВАРОТ:Варта сказаць пра тое, што на франты, калі рыхтавалі аперацыю, пераправілі 400 тысяч тон боепрыпасаў, 300 тысяч тон гаруча-змазачных матэрыялаў і паўмільёна тон харчоў і фуражу. Гэты гіганцкі запас перакідвалі ва ўмовах найстражэйшай сакрэтнасці.

Аперацыі "Баграціён" надавалася вельмі вялікая ўвага. Сюды Стаўка ВГК накіравала Маршалаў Савецкага Саюза Аляксандра Васілеўскага, які каардынаваў дзейнасць Трэцяга Беларускага і Першага Прыбалтыйскага франтоў, і Георгія Жукава - для каардынацыі дзеянняў Першага і Другога Беларускіх франтоў.

Сама аперацыя не так проста праходзіла. Баранавічы не маглі з ходу ўзяць. Пятага ліпеня падышлі і адразу не атрымалася выкурыць немцаў. Падобнае і з Полацкам здарылася. Усяго было 11 лакальных аперацый за перыяд "Баграціёна": шэсць на першым этапе, які закончыўся вызваленнем Мінска, і на наступным, калі 28 ліпеня вызвалілі Брэст, - пяць. Завяршалі ў асноўным Першы і Другі Беларускія франты, бо Першы Прыбалтыйскі рухаўся ўжо на Шаўляйскім напрамку, а Трэці Беларускі - на Вільнюскім.

А. ЛІТВІН:Разам з масквічамі мы не так даўно выдалі, на мой погляд, унікальны на 800 старонак зборнік "Вызваленне Беларусі 1943-1944". Упершыню апублікаваны зводкі Генштаба, інфармацыя амаль на кожны дзень, тое, чаго няма ў беларускіх архівах. Гэта аналітычны матэрыял і дакументы, якіх вельмі неставала даследчыкам.

В. СЕЛЯМЕНЕЎ: Ёсць яшчэ адна дакументальная крыніца. Пасля вызвалення Беларусі перад камандзірамі партызанскіх фарміраванняў паставілі задачу напісаць гісторыю сваіх злучэнняў, брыгад, у якой быў спецыяльны раздзел пра тое, як адбывалася ўзаемадзеянне з Чырвонай арміяй. Частку матэрыялаў мы апублікавалі ў зборніку "Партызаны ў аперацыі "Баграціён". Але ёсць яшчэ маса падрабязнасцей, з якіх відаць уклад кожнай партызанскай брыгады ў вызваленне Беларусі. Шмат чаго патрабуе вывучэння і асэнсавання.

- Вынікае, поўнасцю праўдзівая гісторыя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў яшчэ не напісана?

В. СЕЛЯМЕНЕЎ:Пра што вы кажаце? Нават гісторыя партызанскага руху - гэта ў асноўным напрацоўкі даследчыкаў савецкай эпохі.

А. ЛІТВІН:Сапраўды, вельмі вялікая праца яшчэ наперадзе. Але галоўнае - на яе ёсць запыт грамадства, і гэта адметная рыса часу.

- Дзякуй за цудоўны гістарычны лікбез. Мы пастараліся расказаць максімальна папулярна, і спадзяюся, чытачы ацэняць нашы намаганні.

Гісторыя аднаго подзвігу

Новы праект да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сімвалічна пачынаем у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

- Адно з апошніх паступленняў - зорка Героя Савецкага Саюза Фёдара Васільевіча Хіміча, - расказвае загадчык аддзела ўліку фондаў Юлія Калтовіч. - Летась яе перадаў на захоўванне сын Аляксандр Фёдаравіч.

Фёдар Хіміч - легендарная асоба. Яго імя заслужана знаходзіцца ў адным шэрагу з праслаўленымі асамі Пакрышкіным, Калдуновым, Скамарохавым. Ураджэнец Саратаўскай вобласці, у гады вайны ён стаў непераўзыдзеным майстрам арганізацыі прыкрыцця нашых бамбардзіроўшчыкаў. Яго называлі анёлам-ахоўнікам: ніводны яго "падшэфны" самалёт за ўсю вайну не быў знішчаны, пілоты ўсе вярталіся жывыя і здаровыя. Ваяваў на Заходнім, Цэнтральным, Ленінградскім,Першым Беларускім франтах. Вучыў маладых лётчыкаў.

З канца кастрычніка 1943 года здзейсніў 33 баявыя вылеты на тэрыторыі Беларусі, збіў два варожыя самалёты і яшчэ адзін у пары. Усяго на рахунку легендарнага лётчыка 16 варожых машын, 555 баявых вылетаў.

З 1982 года Фёдар Хіміч жыў у Мінску. У 2009-м яго не стала.

| Часопіс "Беларуская думка". Фота Крысціны АКСЁНАВАЙ, Віталія ПІВАВАРЧЫКА.

Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.

Новости рубрики Общество
Топ-новости
Свежие новости Беларуси