ГОСОРГАНЫГОСОРГАНЫ
Флаг Воскресенье, 28 апреля 2024
Минск +12°C
Все новости
Все новости
Калейдоскоп
14 октября 2023, 10:35

"Дарогамі дзядзькі Язэпа". Вось што можна пабачыць на малой радзіме Драздовіча

Дзіваком яго лічылі простыя людзі, але прымалі за свайго, таму называлі - дзядзька Язэп. Драздовіча параўноўваюць з Леанарда да Вінчы і Напалеонам Ордай. Для нас ён у адной асобе - мастак, графік, скульптар, этнограф, фалькларыст, археолаг, пісьменнік, настаўнік. А яшчэ вечны вандроўнік, прарок і небазнаўца. Напярэдадні споўнілася 135 год з дня нараджэння Язэпа Драздовіча. Даведаліся на яго малой радзіме, якія арыгінальныя работы гэтага аўтара можна пабачыць толькі там і якім памятаюць мастака на Вiцебшчыне.

Глыбоцкі раён: кожная гаспадыня марыла мець яго маляванку

Тут на Глыбоччыне, а некалі ў Дзісенскім уездзе Віленскай губерні, ён нарадзіўся, правёў апошнія гады і пахаваны. На месцы засценка Пунькі, дзе Язэп Драздовіч зʼявіўся на свет, пяць год таму ўсталявалі памятны знак. Сёння тут гаспадарыць прырода - дом знаходзіўся на ўскрайку Галубіцкай пушчы. Прадставіць, як яно некалі ўсё тут было, можна па малюнках самога Язэпа Нарцызавіча.

Яго сямʼя пакінула Пунькі пасля смерці бацькі. Драздовічы хоць і шляхцічы, але збяднелыя, таму маці Юзэфе Янаўне з шасцю дзяцьмі давялося пераязджаць з адной хаты ў другую, арандуючы зямлю.

З нагоды 135-годдзя свайго славутага земляка ў Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеі рыхтуюць выставу "Вяртанне вечнага вандроўніка". Апошняе падарожжа ў яго было якраз па малой радзіме - паміж дзвюма рэчкамі Мнютай і Аутай.

Як згадвае ўспаміны жыхароў Глыбоцкага раёна навуковы супрацоўнік Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея Уладзімір Мірончык, зʼяўленне Драздовіча ў вёсцы ўспрымалася як падзея. Сяляне звалі яго па-простаму - дзядзька Язэп. Ён рабіў партрэты людзей, маляванкі. Кожная гаспадыня марыла ўпрыгожыць сцяну ў сваёй хаце яго маляваным дыванком. У сваіх дзённіках Язэп Драздовіч адзначаў, што гэта робіць не толькі ад "безрабоцця", але і дзеля развіцця ў народзе мастацкага эстэтычнага пачуцця, што гэта яго доўг перад радзімай. І сябе ён называў вандроўным народным мастаком.

- А яшчэ Язэп Нарцызавіч ладзіў адукацыйныя лекцыі, напрыклад, на астранамічныя тэмы, - працягвае аповед навуковы супрацоўнік музея. - Скарыстоўваючы газавую лямпу і гарбуз, тлумачыў, як усё наладжана ў сонечнай сістэме, як ідзе свяціла па небасхіле, як вакол яго круціцца наша Зямля.

Язэп Драздовіч першы з нашых мастакоў звярнуўся да касмічнай тэмы. У сваіх снах жыў на Месяцы, Марсе, Сатурне, а затым пісаў карціны i аповесцi.

Ён быў прафесійным мастаком, таму яго маляванкі значна адрозніваліся ад тых, якія рабілі самавукі. Але простыя людзі, напэўна, не ўяўлялі іх сапраўднай каштоўнасці, і калі прыйшла мода на вытворчыя дываны, здымалі са сцен працы дзядзькі Язэпа і адпраўлялі на гаспадарчыя патрэбы. Са шкадаваннем навуковы супрацоўнік Глыбоцкага музея адзначае, што шмат такiх дываноў было згублена, пакуль імя iх аўтара заставалася ў забыцці. Але ж у 1990-2000-я гады - перыяд павышанай цікавасці да асобы і творчасці Язэпа Драздовіча - усё змянілася.

- На гэтай хвалі не толькі музеі праводзілі пошукавыя экспедыцыі па вёсках, але і прыватныя калекцыянеры. Вельмі шмат чаго раскупілі яны, - гаворыць Уладзімір Мірончык. - Таму сёння нешта невядомае з прац Драздовіча вельмі цяжка знайсці. Напрыклад, на адным аўкцыёне прапаноўваюць карціну "Маладыя" з першапачатковай цаной амаль 6 тысяч беларускіх рублёў.

Сёння ў Глыбоцкім музеі можна пабачыць рарытэтныя работы Язэпа Драздовіча: карціну з фантастычным пейзажам прыгожай далёкай краіны і маляваны дыван - начны краявід з замкам і дзвюма белымі лебедзямі.

Шаркаўшчынскі раён: экскурсіі замоўлены на месяц наперад

У вёсцы Германавічы знаходзіцца адзіны ў нашай краіне музей, які носіць імя Я.Н. Драздовіча.

- Так, Язэп Драздовіч - глыбоцкі, але і мы лічым яго сваім, - падкрэслівае дырэктар Мастацка-этнаграфічнага музея імя Я.Н. Драздовіча Людміла Навіцкая і пералічвае факты: - Недалёка ад Германавічаў жыла яго маці. Тут у 1919 годзе ён заснаваў культурна-асветніцкае таварыства "Заранка" і бібліятэку. Усе, хто хацеў вучыцца чытаць і пісаць, маглі гэта зрабіць. Таксама праводзіліся заняткі па харавых спевах, ставіліся спектаклі, праводзіліся лекцыі. Сёння ў фондах музея ў Германавічах - 38 работ Язэпа Драздовіча, 14 з іх прадстаўлены ў экспазіцыі, 24 захоўваюцца ў фондасховішчах. Сярод іх - жывапісныя і графічныя працы, маляванкі і тры кія. Язэп Нарцызавіч яшчэ быў знатны разьбяр па дрэве.

На дзень нараджэння Язэпа Драздовіча ў музеі запланавалі інтэрактыўную праграму "Ад мараў да зорак", з наведваннем яго магілы ў Ляплянах, што ў Глыбоцкім раёне. Дырэктар пераканана: жадаючых пабыць на свяце будзе многа.

- З 2019 года ў нас вельмі шмат турыстаў, вельмі, - з задавальненнем адзначае Людміла Навіцкая. - На ўвесь кастрычнік па суботах экскурсіі па Драздовічу ўжо замоўлены. Прыязджаюць і беларусы, і расіяне, і латышы, і кітайцы.

Дыван, паўдыван і макатка. Што такое маляванкі і чаму яны сёння так многа каштуюць?

Каму недастаткова знаёмства з музейнай экспазіцыяй, можа адправіцца ў вандроўку "Сцяжынкамі Язэпа Драздовіча". Старт ад Германавічаў, а першы прыпынак у вёсцы Сталіца, дзе Язэп Нарцызавіч арганізаваў беларускамоўную школу. Далей заязджаюць у Ляскова, там мастак шмат разоў спыняўся ў доме Восіпа Балошкі, пісаў партрэты яго дачок і мясцовасці. У Лужках турыстам раскажуць, як у гэтай вёсцы Язэп Нарцызавіч настаўнічаў. Перад вяртаннем у Германавічы аўтобус спыніцца каля пагосту, дзе пахавана маці мастака - Юзэфа Янаўна. Надмагільная пліта зроблена па замове і эскізу Язэпа. Менавіта маці, нягледзячы на беднасць, дала сыну мудрыя жыццёвыя парады, блаславіла на шлях у мастацтва.

- Прыязджайце да нас, - запрашае дырэктар музея. - У працах Драздовіча асаблівая аўра, як ў маляванках, так і ў касмічных малюнках, вы гэта адразу адчуеце. Ён называў сябе прарокам і прадказаў палёт чалавека ў космас. Язэп Драздовіч - самабытная, велічная асоба ў гісторыі беларускага мастацтва і культуры.

Пазнаёміцца са спадчынай Язэпа Драздовіча таксама можна ў нацыянальных сталічных музеях - мастацкім і гістарычным, у бібліятэцы імя Якуба Коласа. У Заслаўе ў Музеі маляванкі прадстаўлена багатая калекцыя яго маляваных дываноў.

Супрацоўнікі Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея распрацавалі экскурсійныя маршруты. Так, аматарам ровараў прапануюць пакруціць педалі "Дарогамі дзядзькі Язэпа". Асаблівасць маршрута ў тым, што турысты робяць прыпынкі ў вёсках і мястэчках, дзе вандраваў Драздовіч, чытаюць яго дзённік, знаёмяцца з археалагічнымі помнікамі, якія ён даследаваў.

| Дар'я ПАТАПЕНКА, часопіс "7 дней", фотаздымкі з сайтаў музеяў.

Чытайце таксама:

Без иголок и ножниц. Как мастерят маленьких кукол-берегинь и для чего они нужны?

Седьмая жизнь Большого. Честный рассказ о том, как строили и реконструировали театр

На заре карьеры ему светил волчий билет. Почему художника Щемелева долго не признавали?

Новости рубрики Калейдоскоп
Топ-новости
Свежие новости Беларуси