ГОСОРГАНЫГОСОРГАНЫ
Флаг Суббота, 27 апреля 2024
Минск Сплошная облачность +14°C
Все новости
Все новости
Калейдоскоп
12 мая 2023, 15:25

"Зінгер" для мільянера ці старажытныя дэсерты на святы? Рэкамендуем 5 незвычайных кніг

Увесну сама прырода арыентуе нас на абнаўленне і пошук новых уражанняў, на змену вобраза. Вось і мы вырашылі вас, шаноўныя сябры, пазнаёміць з навінкамі айчынных выдаўцоў.

Распачнем наша падарожжа ў захапляльны кніжны свет з выдання "Старинные усадьбы Гродненщины. Сморгонский район. Щучинский район" Анатоля Федарука. Гэта кніга завяршае серыю выдавецкага дома "Звязда" пра сядзібную і паркавую культуру Гродзеншчыны, даследаваць якую доктар біялагічных навук, прафесар А. Федарук пачаў яшчэ ў 1990-х гадах.

Як і ў папярэдніх выданнях, уніклівы чытач знойдзе тут шмат чаго цікавага пра стварэнне, этапы фарміравання і сучасны стан старажытных сядзібна-паркавых комплексаў, што знаходзіліся ў цяперашніх межах Смаргонскага і Шчучынскага раёнаў. Займальны рэтраспектыўны аповед пра іх гісторыю і жыццё ўладальнікаў красамоўна дапаўняюць шматлікія ілюстрацыі - архіўныя і сучасныя фотаздымкі пабудоў і ландшафтаў, генеалагічныя дрэвы вядомых родаў, схематычныя планы сядзіб.

Кніга зацікавіць усіх аматараў айчыннай гісторыі, але найперш раю яе тым, хто любіць самастойна падарожнічаць па гістарычных мясцінах. Бо з яе дапамогай можна ўзброіцца патрэбнымі ведамі, каб распрацаваць аптымальны маршрут: наведаць не толькі вядомыя сядзібныя комплексы Святаполк-Чацвярцінскіх у Шчучынскім раёне ці "Паўночныя Афіны" Агінскіх у Залессі і маёнтак Багушэвічаў у Кушлянах на Смаргоншчыне, але і менш "раскручаныя", вельмі цікавыя і захапляльныя мясціны Прынёманскага краю.

Яшчэ адна, на мой погляд, вартая ўвагі даследчыцкая кніга - "Сядзіба Качэрычы. Шляхамі Ланеўскіх-Ваўкоў, фон Гоераў і іх нашчадкаў" вядомай коласазнаўцы Веры Міцкевіч. Выданне на беларускай і рускай мовах, што досыць зручна. Гэта вынік шматгадовай працы аўтара па даследаванні лёсу двух дваранскіх родаў, якія валодалі сядзібай Качэрычы Бабруйскага павета Мінскай губерні да першай паловы XX стагоддзя. Цяпер гэта тэрыторыя ў межах горада Кіраўска Магілёўскай вобласці. Тут працуе санаторый. Пра сядзібу нагадваюць хіба што векавыя дрэвы ў парку. Таямнічы шэпт лістоты, як прызнаецца аўтар ва ўступным слове, натхніў дазнацца пра гісторыю сядзібы, яе ўладальнікаў. У кнізе насамрэч нямала эксклюзіўных, не вядомых дагэтуль гістарычных фактаў. Аказваецца, з роду дваран Ланеўскіх-Ваўкоў і фон Гоераў паходзіць аўтар сатырычных твораў Надзея Лахвіцкая (1872–1952), якую мы больш ведаем як расійскую пісьменніцу Тэфі. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі аўтар адшукала рарытэтны экзэмпляр яе зборніка "Книга Июнь" 1931 года з аўтографам пісьменніку Міхаілу Асаргіну. Вядомай паэткай пачатку XX стагоддзя была і сястра Тэфі - Марыя Лахвіцкая. Увогуле ў родзе дваран Ланеўскіх-Ваўкоў і фон Гаераў было нямала таленавітых асоб: адны паказалі сябе ў літаратурнай творчасці, іншыя вызначыліся на дзяржаўнай і ваеннай службе.

Пра гісторыю нашага краю, але з іншага погляду - наступнае выданне. Эксперт беларускай і славянскай кухні Алена Мікульчык прапануе свой спосаб вывучэння мінулага - праз смакавыя адчуванні. Выдавецтва "Беларусь" парадавала нас яе кнігай "Смак беларускай гісторыі". Аўтарка не ўпершыню піша пра смачныя і карысныя стравы нашых продкаў. Дакладна ведаю, што ў пошуках аўтэнтычных рэцэптаў яна павандравала па ўсёй Беларусі. Вывучаючы смакавыя перавагі шляхецкага саслоўя, даследавала шматлікія гістарычныя крыніцы. Адметнасць новай кнігі Алены Мікульчык у тым, што ёй удалося адаптаваць старажытныя рэцэпты да сучасных рэалій, з улікам даступных нам прадуктаў і тэхналагічных прыёмаў. Аднак і першапачатковы склад кожнай стравы яна паказвае, як і гісторыю яе з'яўлення. У кнізе ёсць нават рэкамендацыі, як іх гатаваць. І гэтым парадам можна давяраць цалкам, бо аўтар перш, чым прапанаваць нешта іншым, сама робіць кожную страву і ацэньвае яе на смак.

У кнізе два раздзелы. Адзін уключае беларускія стравы XVIII–XIX стагоддзяў, другі знаёміць з дэсертамі гэтага гістарычнага перыяду: печыва, пірагі, тарты, марожанае, салодкія супы. Тым самым, на маю думку, аўтару ўдалося развеяць устойлівы міф, што нашы продкі мала елі салодкага. Вядома ж, не так, як мы сёння, заядаючы стрэсы смакатой. Найчасцей гатавалі разнастайныя дэсерты на святы. Так што ў былыя часы ласуны ўмелі сябе папесціць салодзенькім. А нечаканыя спалучэнні інгрэдыентаў у старадаўніх рэцэптах здзівяць нават пераборлівых гурманаў.

Яшчэ адна прыкметная навінка выдавецтва "Беларусь" - фотаальбом "Віктар Грамыка" на трох мовах - беларускай, рускай і англійскай - з серыі "Славутыя мастакі Беларусі". Тут змешчаны рэпрадукцыі найлепшых работ і расказ аб творчым шляху. Выданне прымеркавалі да 100-гадовага юбілею народнага мастака Беларусі. Віктар Грамыка - аўтар вядомых тэматычных карцін, партрэтаў і пейзажаў. Адна з галоўных тэм яго творчасці - вайна, якая і праз дзесяцігоддзі не адпускала мастака. Самыя вядомыя працы майстра - "Салдаты", "1941 год. Над Прыпяццю", "Жанчынам Вялікай Айчыннай прысвячаецца", "Песня пра мой атрад", "Яблыкі ўраджаю 1941 года".

Віктар Грамыка быў сапраўды народным творцам. Гэта адзначаюць калегі-мастакі і прыхільнікі яго творчасці. Нават яго карціны прыроды заўсёды сугучныя народнаму лёсу, часткай якога з'яўляецца жыццё самога майстра. "У шматлікіх сваіх пейзажных палотнах, асабліва ў працах апошніх гадоў, мастак быццам бы чытае нікому яшчэ не вядомыя старонкі таямнічай кнігі прыроды як Божага тварэння, кнігі для ўсіх адкрытай, але нікім не прачытанай да канца", - чытаем у выданні. У вядомых працах "Жнівень", "Полаччына", "Над возерам" і шэрагам іншых - нязвыклая і нечакана экспрэсіўная прыгажосць роднай прыроды. Майстар адлюстроўвае яе вельмі ярка, кантрасна, насычае фарбамі.

Што яшчэ параіла б на вашу палічку? Новую кнігу Анатоля Шабаліна "Наследники Зингера" ў жанры авантурнага рамана. Гэты пісьменнік - асоба шматгранная, публікуе празаічныя і паэтычныя творы, з'яўляецца аўтарам песень і мюзіклаў. Па прафесіі архітэктар, ён удзельнічаў у стварэнні многіх знакавых аб'ектаў у нашай краіне, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, гросмайстар і чэмпіён свету па шашачнай кампазіцыі.

Сюжэт яго новага рамана разгортваецца ў невялікім паўднёвым мястэчку. Замежныя інвестары абяцаюць вялікія грошы на яго развіццё, але спачатку неабходна знайсці дванаццаць рарытэтных швейных машынак "Зінгер" для замежнага мільянера, якія ён калісьці падарыў сваім каханым. Шчыра скажу, тэкст захоплівае з першых старонак дынамічным развіццём падзей, лёгкім стылем і добрым пачуццём гумару аўтара. У вольны час якраз тое, што трэба, каб на якую гадзіну адцягнуць сваю ўвагу ад штодзённых клопатаў.

| Ганна МАСЛЯКОВА, журнал "Беларуская думка", ілюстрацыі з адкрытых інтэрнэт-крыніц.

ПЕРЕПЕЧАТКА ДАННОГО МАТЕРИАЛА (ПОЛНОСТЬЮ ИЛИ ЧАСТИЧНО) ИЛИ ИНОЕ ЕГО ИСПОЛЬЗОВАНИЕ ЗАПРЕЩЕНЫ

Чытайце таксама:

Купил свою же книгу за 800 долларов. Пять классных историй про Нила Геймана

Чудом прошёл 4 войны, был жёстким и требовательным. Вы знали это о Кондрате Крапиве?

Чтобы он создал персонажа, его закрыли в комнате. Знаете геймдизайнера Ёситаку Амано?

Новости рубрики Калейдоскоп
Топ-новости
Свежие новости Беларуси