ГОСОРГАНЫГОСОРГАНЫ
Флаг Суббота, 27 апреля 2024
Минск Малооблачно +10°C
Все новости
Все новости
Калейдоскоп
25 марта 2024, 18:41

Навука, спорт і нават містыка. Навінкі беларускай літаратуры ў нашым аглядзе

Англійскаму літаратурнаму крытыку і паэту Сэмюэлу Джонсану належаць трапныя словы: "Пісьменнік толькі пачынае кнігу. Чытач заканчвае яе". Што ж, шаноўныя сябры, шчыра спадзяемся, што, адолеўшы новую порцыю свежых друкаваных выданняў, атрымаеце ў выніку сапраўды неверагодны падарунак - магчымасць асэнсаваць, дадумаць, пафантазіраваць. Словам, "закончыць" распачатае пісьменнікамі, тым самым залічыўшы сябе ў кагорту стваральнікаў і творцаў.

Грамадства заўсёды з вялікай цікавасцю назірае за жыццём і дзейнасцю выбітных асоб. Але што мы ведаем, напрыклад, пра тую частку вучоных, што дасягнулі Алімпу навукі - пра акадэмікаў? Асабістыя маналогі-развагі 25 з іх склалі незвычайны зборнік "Академики: о себе, науке, обществе". Ён прымеркаваны да 95-годдзя НАН Беларусі і якраз з гэтай нагоды трапіў да мяне як падарунак ад аднаго шаноўнага чалавека. Адразу прыцягнулі ўвагу імёны Уладзіміра Гусакова, Алега Івашкевіча, Зянона Лоўкіса, Юрыя Астроўскага, Алега Румо, Сяргея Абламейкі, Фёдара Прывалава. У некаторых акадэмікаў даводзілася браць інтэрв’ю… Нядзіва, што кніга адразу ўзяла ў палон. Такое ўражанне, быццам мела вельмі прыемную, хай і завочную, размову па душах, якая матывуе і натхняе. Сапраўды, акадэмікі вельмі шчырыя ў сваіх разважаннях. Без фанабэрыі і залішняй моўнай грувасткасці яны дзеляцца з чытачом асаблівасцямі свайго шляху ў навуцы і ўласным досведам вырашэння праблем, разважаюць пра рысы характару, якія дапамагаюць пераадольваць цяжкасці і няўхільна рухацца наперад, дасягаючы ў сваёй навуковай дзейнасці вяршынь.
Сучаснасць і старажытнасць мастацкага слова зноў сышліся ў чарговым выпуску альманаха перакладной літаратуры "Далягляды-2023". Дарэчы, выданне выходзіла ў "Мастацкай літаратуры" яшчэ ў ХХ стагоддзі і адноўлена адносна нядаўна, у 2019-м. Гэта акалічнасць абуджае падвоеную цікавасць да альманаха: ці ўдаецца беларускім майстрам слова, як раней, падтрымліваць высокі ўзровень перакладу літаратурна-мастацкіх твораў з розных моў свету на беларускую, захаваўшы непаўторны нацыянальны каларыт арыгінала? Магу сцвярджаць, што так. Бо творы шасці дзясяткаў замежных паэтаў і празаікаў у "Даляглядах-2023" літаральна "вырвалі" мяне з павуціння сацсетак, змусіўшы адправіцца ў вялікае падарожжа па краінах і кантынентах. Азербайджан, Грэцыя і Іспанія, Кітай і Пакістан, Куба і Партугалія, Расія, Сербія, Славакія, Таджыкістан, Туркменістан і Узбекістан - здаецца, усіх адчула душою, прыадчыніўшы дзверы ў неабсяжны свет сучаснай літаратуры адразу 13 краін. І зноўку пераканалася: мы розныя, але такія падобныя ў сваіх жаданнях заўважаць святло і дабро. Усе мы разумеем чужы боль і хочам дапамагчы іншым. Ведаем, на каго можна абаперціся ў цяжкую хвіліну. Прыемна ўсведамляць, што для многіх замежных творцаў гэтыя выдатныя чалавечыя якасці ўвасабляюцца ў беларусах.
Магчыма, "Спортивные хроники Гомеля (1896-1917)" журналіста Сяргея Вяршыніна не разлічаны на шырокае кола чытачоў, аднак гэта невялічкае выданне прыцягнула ўвагу. Варта ўхваліць жаданне аўтара глыбока разабрацца ў канкрэтнай тэме. Гэта вымагае шмат часу і даследчыцкага падыходу ў пошуках дакладнай інфармацыі. Чаго толькі варта памкненне журналіста ўстанавіць ісціну, што датычыцца імя чалавека, якога лічаць хросным бацькам гомельскага і ўвогуле беларускага футбола - Лібмана. Да прозвішча гэтага чалавека-легенды пісалі розныя ініцыялы, а часам наогул абыходзіліся без іх. Дзесьці ў 1911-1912 гадах Лібман пакінуў Гомель. "Апошнім часам я зрабіў яшчэ адну, можна сказаць, "бязлітасную" спробу даведацца яго імя, на якую патраціў нямала часу", - прызнаецца Сяргей Вяршынін.
Дарэчы, яго першая кніга на спартыўную тэму - "Мяч над Сожам" (частка I, 1910-1945) - з’явілася больш як 12 гадоў таму, да 100-годдзя беларускага футбола. Як вядома, першы афіцыйна задакументаваны матч быў сыграны ўлетку 1911-га ў Гомелі.

Кніжная навінка не толькі і не столькі пра футбол, як пра іншыя важныя падзеі, што датычацца спорту і фізічнай культуры. Упэўнена, чытач адкрые для сябе шмат новага. Напрыклад, як называлася першая спартыўная арганізацыя на беларускай зямлі. Яе стварылі, між іншым, ажно ў 1892 годзе. Ніколі не падумала б, што першыя афіцыйныя спартыўныя спаборніцтвы - веласіпедныя гонкі - адбыліся ў Гомелі ў 1903-м у Максімаўскім парку, як назвалі яго мясцовыя жыхары. Насамрэч усё заканамерна: менавіта тут існаваў неблагі трэк. А вось аб тым, што знаходзіцца тут сёння, няхай застанецца пакуль невялікай тайнай, адкрыць якую дапамогуць "Спортивные хроники Гомеля". Бясспрэчнай вартасцю кнігі з’яўляецца фотаілюстрацыйны матэрыял, які пераканаўча і ярка перадае дух эпохі.
Ад спорту - у зусім іншую сферу. Добрым укладам у развіццё папулярнага сёння жанру фэнтэзі стала, на маю думку, кніга маладога беларускага аўтара Улады Альхоўскай "Минская мистика". Даволі смелая назва, ці не праўда? Здаецца, дзе Мінск, а дзе фантастыка? І тым не менш, калі добра захацець і даць волю фантазіі, то за звыклым гарадскім пейзажам можна адшукаць зусім іншы свет - магічны. Галоўная гераіня аповеду - Рада - якраз з’яўляецца правадніком для магічных істот, якія прыязджаюць у горад. Яна ўвесь час сочыць за тым, каб тыя не траплялі ў розныя непрыемнасці. Аднойчы дзяўчына разумее, што адзін з яе падапечных - турыст з Японіі - бясследна знік. Спроба яго адшукаць прыводзіць да чарады злавесных падзей. Як вам такое?
"Абсягі родныя - палі, рачулка, лес…", "Ад ціхіх полацкіх двароў…", "Пахне ў хаце смалой і аерам…", "Беларускіх мястэчак знікаюць сляды…" - аўтара гэтых радкоў можна смела назваць сапраўдным лірыкам, вельмі шчырым у сваёй роўнай, непахіснай любові да радзімы малой - роднага Полацка - і Радзімы вялікай. Не толькі гэтыя, але і многія іншыя вершы, а таксама паэма "Адзінае" Навума Гальпяровіча сабраны ў кнізе "Ветразь лёсу". Яна выйшла ў серыі "Новая бібліятэка беларускай паэзіі", якую заснавалі летась. Шчыра раю ўсім апантаным вершаванымі творамі не губляць для сябе гэту серыю, якая імкнецца ўвабраць "золата" беларускай паэзіі.

Гаворачы пра творчасць Навума Гальпяровіча, літаратурныя крытыкі заўсёды падкрэсліваюць паважлівае стаўленне да роднага слова, глыбокае асэнсаванне дня мінулага і сённяшняй рэчаіснасці.

Дадам адно: з такім аўтарам-спадарожнікам не страшна гойдацца на хвалях памяці, перабіраць думкі, разважаць пра вечнае і скарацечнае. Асэнсоўваць, чым жыве ўласная душа, ці разумееш іншую душу, ці здольны быць сябрам - і сабе, і таму, хто поруч.

Чытайце з намі, чытайце больш за нас! Будзем толькі рады.

| Вядучая рубрыкі Святлана ПРОТАС, часопіс "Беларуская думка".

Чытайце таксама:

Какими были Ошмяны в начале XX века? Рассказ историка и старинные фото из его коллекции

Вы знали, что у зубров - матриархат? Три интересных факта про символ страны

Три черных кубика. Рассказываем, как в БГУ создавали наноспутники и что они умеют делать
Новости рубрики Калейдоскоп
Топ-новости
Свежие новости Беларуси