ГОСОРГАНЫГОСОРГАНЫ
Флаг Суббота, 27 апреля 2024
Минск Сплошная облачность +10°C
Все новости
Все новости
Калейдоскоп
19 февраля 2024, 14:13

Паразважаць ці паспрачацца з аўтарам? Навінкі беларускай літаратуры ў нашым аглядзе

Аддамо належнае айчынным выдавецтвам: яны не стамляюцца цешыць нас навінкамі. Пра некаторыя кніжкі, што пабачылі свет зусім нядаўна, - у гэтым аглядзе.

Вядомы паэт, лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій Анатоль Аўруцін парадаваў зборнікам… прозы "Вечное время". Адразу згадваецца яго леташняя кніга паэзіі пад назвай "Временная вечность". Відавочна, філасофскае асэнсаванне часу і вечнасці з выкарыстаннем разнастайных мастацкіх сродкаў прыцягальнае для аўтара. Зрэшты, ён і сам падкрэслівае, што другая кніга з’яўляецца ў нейкай ступені працягам першай. Але пагартаем навінку. Тут аповесці, апавяданні розных гадоў, літаратурна-крытычныя артыкулы і эсэ. Вось, напрыклад, "Человек из книги Гиннесса" - інтрыгуючая назва, ці не так? Хто ён, герой адной з аповесцей Аўруціна? Гадаць можна доўга, таму скажу адразу: гэта Мікалай Чаргінец - ганаровы старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, які летась адзначыў 85-годдзе. Але аўтар стварыў не літаратурны партрэт вядомага пісьменніка, а шчыры аповед пра лёс чалавека, які пражыў багатае жыццё. Тут і згадкі пра ваеннае дзяцінства, бацькоў, каханне… Словам, усё тое, што людзі кажуць адно аднаму ў хвіліны шчырасці.

У аповесці "Тень судьбы" імёны галоўных герояў таксама ўражваюць - Радзівон Раскольнікаў і Наталля Ганчарова. Вядомыя са школьнай праграмы літаратурныя персанажы ў творчай інтэрпрэтацыі Аўруціна паўстаюць у нечаканых ролях. Ён - літаратар, якому выдаўцы рэкамендуюць працаваць пад псеўданімам, а лепш не пісаць наогул. Яна - удава, але не паэта, як можна падумаць: прозвішча дасталася ад мужа-нябожчыка. Сустрэча герояў адбываецца ў рэаліях нашага часу, а што з гэтага выйшла, ніколі не здагадаецеся. Раю пачытаць.

Папулярная "Новая бібліятэка беларускай паэзіі" папоўнілася зборнікам вершаў Анатоля Грачанікава "Вернасць". Выданне прымеркавалі да 85-годдзя вядомага паэта.

Шарпілаўскім Пушкіным і жартам, і ўсур’ёз называлі яго сябры і калегі-літаратары. Вёска Шарпілаўка на Гомельшчыне - малая радзіма Анатоля Грачанікава. Ёй паэт прысвяціў вельмі лірычныя і пяшчотныя радкі, якія, упэўнена, ведаюць яго землякі і не толькі:

Шарпілаўка цячэ ў жыццё, як Сож,
Свае ў яе віры і перакаты.
Апоўначы на сцішаныя хаты
Мядзведзіца схіляе зорны кош…

У 1957 годзе ў газеце "Чырвоная змена" Анатоль Грачанікаў надрукаваў свае першыя вершы. Ён быў тады студэнтам Гомельскага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту. Пасля заканчэння ВНУ працаваў на рамонтна-механічным заводзе. Але любоў да мастацкага слова вызначыла ўрэшце яго далейшы лёс. Пасля Вышэйшых літаратурных курсаў у Маскве - загадчык аддзела ў газеце "Літаратура і мастацтва", пазней намеснік старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, амаль 10 гадоў узначальваў часопіс "Маладосць". І пісаў, пісаў… Паэзія Грачанікава вельмі адметная, самабытная. Тут ёсць усё: яскравыя пачуцці, арыгінальныя вобразы, моўнае багацце, непараўнальная метафарычнасць у кожным вершаваным радку. Многія лірычныя творы паэта паклалі на музыку нашы кампазітары. Згадаем хаця б такія песні, як "Дударыкі", "Белая лілея", "Над Белай Руссю - белы снег". Гэтыя тэксты таксама ёсць у зборніку "Вернасць", які, на мой погляд, смела можна лічыць падарункам для аматараў сапраўднай паэзіі.

Прыцягнуў увагу альбом "Май Данцыг", які з’явіўся ў серыі "Славутыя мастакі Беларусі". Жывапісныя паэмы і навелы гэтага творцы немагчыма зблытаць з карцінамі іншых майстроў. Яны напоўнены любоўю да жыцця, роднага горада і людзей, да ўсяго, што назіраў і прапускаў праз сэрца жывапісец. Вялікая Айчынная вайна была для Данцыга адной з галоўных тэм. Вось што пра гэта піша аўтар і складальнік выдання Барыс Крэпак: "На мой погляд, вайна для мастака была толькі падставай для гутаркі пра тое, што ёсць чалавек у сучасным свеце, у чым сэнс яго прызначэння на нашай грэшнай зямлі і што ёсць яго гістарычная памяць. Роздумы аб законах, тайнах, парадоксах часу - неад’емная адзнака вобразна-філасофскага мыслення творцы. Данцыг валодаў здольнасцю перадаваць час як нейкі незвычайны, які бясконца цягнецца ці амаль што спынены, а таксама заўважаць прыкметы застылага часу там, дзе іншыя бачаць пульсацыю жыцця".

У Нацыянальным мастацкім музеі экспануецца і захоўваецца нямала выдатных палотнаў Майстра. Вельмі люблю карціны, на якіх Данцыг увасабляе нашу сталіцу: "Мой Мінск", "Мой горад старажытны, малады", "Песня пра Мінск", "На бульвары", "Вясна" і інш. Цікава параўнаць, як змяніўся той ці іншы куточак горада, і адзначыць для сябе тое, з якой любоўю і замілаваннем мастак вымалёўвае кожную рысу і штрых.

Сярод навінак рускамоўнай серыі "Мир классики" - раман народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна "Сердце на ладони". Твор, лічы, хрэстаматыйны, але захацелася перачытаць, бо злавіла сябе на думцы, што амаль не памятаю сюжэта. На выхадныя не расставалася з кнігай, перажываючы за хворую на сэрца Зосю Савіч, аднак з упэўненасцю, што выдатны хірург Антон Яраш паспяхова зробіць аперацыю. Сачыла, як прынцыпова і смела вядзе расследаванне журналіст Шыковіч, якому перашкаджае старшыня гарвыканкама Гукан. Словам, амаль дэтэктыўная гісторыя, у якой мінулае і сучаснасць цесна пераплецены. Здаецца, ніхто не хоча варушыць тое, што было: адным балюча і крыўдна, другім сорамна і няёмка. Але ісціна, як глыбока яе ні закопваць, у якіх вірах ні тапіць, вырвецца на волю і з’явіцца людзям у сваёй першароднай красе - менавіта да такой высновы падводзіць Іван Шамякін і сваіх герояў, і нас, прыхільнікаў яго творчасці.

"Дороги vs смыслы" Андрэя Караля - на мой погляд, тая самая кніга, якую шукаюць аматары ўдумлівага, філасофскага падыходу да жыцця. Вядомы вучоны, аўтар навуковых, навукова-папулярных і мастацкіх выданняў, рэктар Белдзяржуніверсітэта гэтым разам прапануе нашай увазе нарысы і эсэ, у якіх ён знаёміць з прадстаўнікамі розных культур Усходу і Захаду. Праз прызму паўсядзённых падзей разважае пра такія катэгорыі, як час, шчасце, зменлівасць і пастаянства, унутранае і знешняе. На рэальных жыццёвых прыкладах расказвае пра шляхі да разумення чалавекам уласнай сутнасці. "Асвойваючы новыя землі, людзі становяцца падобнымі адзін да аднаго і рызыкуюць страціць сваю зямлю - сваю ўнікальнасць, свой культурны і гістарычны код. Мне падумалася, што на мяжы ўнутранага і знешняга заўсёды ёсць вялікі сэнс. Ён заключаны ў магчымасці ўбачыць сапраўднага сябе", - сцвярджае Андрэй Кароль. У кнізе шмат нестандартных падыходаў, асацыяцый і нечаканых высноў. Ёсць пра што падумаць і паразважаць. А можа, нават паспрачацца з аўтарам.

| Ганна МАСЛЯКОВА, часопіс "Беларуская думка"
Новости рубрики Калейдоскоп
Топ-новости
Свежие новости Беларуси